Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі адчыніўся першы анлайн-унівэрсытэт


Дырэктар па разьвіцьці Цэнтру Астрагорскага Рыгор Астапеня
Дырэктар па разьвіцьці Цэнтру Астрагорскага Рыгор Астапеня

«Цэнтар Астрагорскага» 20 чэрвеня пачынае адукацыйны праект Ostrogorski Academy.

Навучальныя курсы складаюцца з інтэрактыўных лекцый, тэстаў, адукацыйных праграмаў і дадатковых матэрыялаў.

Дырэктар па разьвіцьці Цэнтру Астрагорскага Рыгор Астапеня сказаў карэспандэнту Свабоды пра адметнасьці новага праекту, які ствараўся больш за паўгода.

— Мэта нашага праекту палягае ў тым, што мы хочам даць беларусам доступ да адукацыі. Мы зыходзім з таго, што час мяняецца, і дагэтуль у Беларусі не было анлайн-прадукту, анлайн-інструмэнту, каб даць людзям адукацыю. Менавіта таму мы вырашылі стварыць «Акадэмію Астрагорскага». Такім чынам мы хочам злучыць прадстаўнікоў розных краін, дзе працуюць беларусы. На дадзены момант з шасьці выкладчыкаў трое працуюць у Вялікай Брытаніі, і мы хацелі зрабіць так, каб гэтыя людзі маглі нешта рабіць дзеля сваёй краіны, знаходзячыся так далёка ад яе.

— Якая тэматыка лекцый, хто будзе чытаць?

— На дадзены момант мы запусьціліся з трыма курсамі. Першы тычыцца эканамічных крызісаў, яго вядзе акадэмічны дырэктар BEROC Кацярына Барнукова. Другі курс прысьвечаны гісторыі Вялікага Княства Літоўскага ў эўрапейскай і беларускай гісторыі, яго чытае доктар гістарычных навук Аляксандар Краўцэвіч. Трэці курс прысьвечаны міжнародным фінансавым інстытутам, яго вядуць прафэсар права Яраслаў Крывой, які працуе ў Вялікай Брытаніі, і старшы юрыст Эўрапейскага банку рэканструкцыі і разьвіцьця Тарас Стараселец, які таксама працуе ў Вялікай Брытаніі.

— Хто можа стаць анлайн-студэнтам вашага анлайн-унівэрсытэту?

— Тут няма абмежаваньняў, бо адукацыя даступная ў анлайне. Але асноўны наш ухіл — гэта маладыя людзі, якія хацелі б атрымліваць якасную гуманітарную адукацыю.

— А як так атрымалася, што дагэтуль у Беларусі не было анлайн-унівэрсытэту?

— Некаторыя элемэнты анлайн-унівэрсытэту ўжо існавалі да нас. Напрыклад, «Лятучы ўнівэрсытэт». Але мы зрабілі больш камплемэнтарны ўнівэрсытэт, то бок у нас гэта ня толькі курсы — у нас можна знайсьці падручнікі на сайце, тэсты і мультымэдыйныя матэрыялы. Наша задача — зрабіць гэта максымальна падобным да таго анлайну, які існуе на Захадзе.

Чаму такога ўнівэрсытэту дагэтуль не існавала? Як і шмат чаго ў Беларусі не існавала. То бок няма асаблівага разьвіцьця, няма прасторы для інавацый, няма для гэтага сродкаў. Мы здолелі гэта зрабіць, мы першыя гэта зрабілі. Але ўсё ж мы шмат у чым адстаём ад суседніх краін — ад Польшчы ці Літвы (ня кажучы ўжо пра ЗША), дзе гэтым займаюцца ўлады на вельмі сурʼёзным узроўні, дзе ёсьць іншыя прыватныя ініцыятывы ў сфэры анлайн-адукацыі. Ну вось прыйшла чарга і да Беларусі.

Паводле заходніх дасьледаваньняў, анлайнавая адукацыя мала чым адрозьніваецца ад звычайнай. Тут толькі пытаньне матывацыі студэнтаў

— Анлайн-адукацыя прэстыжная, якасная? Ці можа яна быць альтэрнатывай таму, што ёсьць у нашых дзяржаўных ВНУ?

— Мы яшчэ толькі пачынаем, маем не такую велізарную колькасьць курсаў. Але, паводле заходніх дасьледаваньняў, анлайнавая адукацыя мала чым адрозьніваецца ад звычайнай. Тут толькі пытаньне матывацыі студэнтаў. Калі яна ёсьць, то гэта дзейнічае па тых жа самых прынцыпах.

— Адукацыя ў вас бясплатная. А ці прадугледжваецца, што студэнты атрымаюць нейкія дыплёмы?

— У бліжэйшай будучыні мы плянуем зрабіць нейкае партнэрскае пагадненьне з заходнімі ўнівэрсытэтамі ў Польшчы, Вялікай Брытаніі ці Літве, каб мець магчымасьць выдаваць гэтыя сэртыфікаты, каб яны насамрэч мелі нейкую вагу. Канечне, можна зрабіць нейкія сэртыфікаты, якія аўтаматычна генэруюцца на сайце, тут няма цяжкасьці. Але мы хацелі б, каб гэта насамрэч быў сэртыфікат аб адукацыі, каб ён нешта значыў.

Неўзабаве «Акадэмія Астрагорскага» прапануе чацьвёрты анлайн-курс, прысьвечаны сучаснай дыстанцыйнай і бізнэс-адукацыі, які будуць весьці выкладчык Школы бізнэсу Адкрытага ўнівэрсытэту Вялікай Брытаніі Руслан Раманаў і дарадчык дырэктара і старшы выкладчык у Інстытуце бізнэсу і мэнэджмэнту тэхналёгій БДУ Радзівон Марозаў.

Акадэмія названая ў гонар Майсея Астрагорскага (1854–1921) — выбітнага беларускага палітоляга, палітыка і гісторыка, які зрабіў значны ўнёсак у вывучэньне прававых і палітычных сыстэм пераходнага пэрыяду ад аўтакратыі да дэмакратыі.

Заснавальнік Цэнтру Астрагорскага — прафэсар Яраслаў Крывой.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG