Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Вы самі ва ўсім вінаватыя» як прынцып працы беларускай дзяржавы


Наста Захарэвіч
Наста Захарэвіч

Калі я вучылася ў школе, настаўніцы часта казалі, што патрабаваць выкананьня правоў можна толькі тады, калі сумленна выконваеш усе абавязкі. Мы, дзеці, ставіліся да гэтых словаў зь недаверам, але настаўніцы шчыра спрабавалі ўпэўніць нас у тым, што могуць грэбаваць нашымі правамі, спасылаючыся на «кепскія паводзіны» або штосьці іншае. Што цікава, дарослыя спасылаліся на нашы правіны ўжо «па факце пакараньня», і гэта ўсё выглядала хутчэй як адгаворка і самаапраўданьне, а не як прадуманы элемэнт выхаваўчага працэсу.

Прыблізна так сама паводзяць сябе дзеці, калі крычаць пасьля бойкі «ён першы пачаў!», так паводзяць сябе дарослыя, калі кажуць «яна сама вінаватая, што яе згвалцілі», і так сама паводзіць сябе кіраўніца Адміністрацыі прэзыдэнта Беларусі Натальля Качанава, калі кажа, што «ня толькі дзяржава мусіць паклапаціцца пра шматдзетныя сем’і, але і самі людзі павінны прымаць меры».

За ўсімі самаапраўданьнямі, апісанымі вышэй, стаіць тое самае жаданьне: пазбавіцца ад адказнасьці за свае дзеяньні. Але ж дзіцяці ўсё мусяць патлумачыць бацькі, гвалтаўніка павінен пакараць суд, а для Натальлі Качанавай наўрад ці будуць нейкія наступствы, бо менавіта так працуе беларуская дзяржава — паводле прынцыпаў «абяцанага тры гады чакаюць», «гэта ўвогуле ня нашы праблемы» і «вы самі ва ўсім вінаватыя».

І праўда: падумаеш, абвясьцілі праграму дэмаграфічнага росту, паабяцалі шматдзетным сем’ям кватэры. У любы момант можна сказаць, што людзі мусяць разьлічваць толькі на сябе, што нараджалі яны не для дзяржавы, і што ня трэба перакладваць адказнасьць за свае жыцьцёвыя рашэньні на іншых людзей. Але менавіта гэта і ёсьць перакладваньне адказнасьці зь дзяржавы на падманутых грамадзянак і грамадзян.

Натальля Качанава старанна робіць выгляд, нібыта дзяржава ўвогуле нікому нічога не павінна. Дапаможа — добра, не дапаможа — ну і Бог зь ёй. Але такі ракурс погляду на пытаньне дужа памылковы, бо ў ім стандартнай лічыцца сытуацыя, калі дзяржава ня робіць нічога. А мусіць такой лічыцца сытуацыя, у якой дзяржава выконвае свае абавязкі.

Неістотна, ці працуюць бацькі, у якіх шмат дзяцей, і як яны разьмяркоўваюць месячны бюджэт. Калі яны клапоцяцца пра дзяцей і не пазбаўлены бацькоўскіх правоў, яны маюць права атрымаць тое, што ім паабяцала дзяржава. І калі дзяржава зь нейкіх прычынаў ня можа выканаць тое, што мусіць, то яна павінна выбачыцца, цалкам прызнаць сваю віну і шукаць іншыя спосабы дапамагчы сям’і.

Высокае чынавенства так шчыра верыць у тое, што яно разьмяркоўвае ў бюджэце свае ўласныя, а не агульныя грошы, што прымушае ўсіх навокал верыць у тое самае. Людзі сталага веку часам рэагуюць на рост пэнсіі так, нібыта гэта Аляксандар Лукашэнка даплаціў з уласнай кішэні, і яму там цяпер, можа, на вячэру ня хопіць. Герой і амаль што сьвяты чалавек!

Нармальныя дзеяньні дзяржавы мы ўспрымаем як вялікую міласьць, а адмову выконваць свае абавязкі — як норму.

Я сьвядома не кажу ў гэтым тэксьце пра тое, як цяжка шматдзетным бацькам, і што да іх трэба ставіцца з разуменьнем, і што працаваць абаім бацькам, калі ў іх шмат дзяцей, амаль нерэальна. Гэта ўсё важна, але ня ў гэтым кантэксьце. Я не хачу, каб нейкія мае словы можна было трактаваць як апраўданьне.

Тут усё вельмі проста: ёсьць закон, і дзяржава мусіць яго выконваць. А ўсе спасылкі на нібыта недастатковыя намаганьні саміх бацькоў — няўдалая спроба перакінуць адказнасьць за ўласную прафэсійную непрыдатнасьць. Затое мы чарговы раз упэўніліся, што нельга ні ў чым давяраць беларускай дзяржаве. Надта дорага абыходзіцца.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG