Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Яны былі першыя. Радаслаў Астроўскі


Радаслаў Астроўскі
Радаслаў Астроўскі

Астроўскі Радаслаў Казіміраў. Нарадзіўся 25.10.1887 г. у ф. Запольле Слуцкага пав. Менскай губ. Памёр 17.10.1976 у г. Бэнтан Харбар (штат Мічыган, ЗША). Пахаваны на беларускіх могілках, якія належаць царкве сьв. Эўфрасіньні Полацкай у г. Саўт Рывэр (штат Нью Джэрзі). Псэўданімы: Валсадар, Эра, Era ды інш.

У адным архіўным дакумэнце зафіксавана, што Р. Астроўскі быў сынам мяшчанаў г. Нясьвіжу. З таго факту, што бацька Астроўскага мяняў месцы жыхарства, можна зрабіць адну выснову: бацька належаў да безьзямельнай «разабранай» шляхты і жыў на арэндах. Вучоба яго сына пачалася ў 1898 у Слуцкім духоўным вучылішчы. У лістап. 1901 сын пакінуў гэтую ўстанову і са студз. 1902 вучыўся ў Слуцкай мужчынскай гімназіі.

18.08.1908 ён стаў студэнтам Санкт-Пецярбурскага імпэратарскага ўнівэрсытэту, дзе вывучаў матэматыку. 5.02.1911 яго выключылі з унівэрсытэту і пасьля кароткатэрміновага арышту адправілі да бацькоў у Пружанскі павет пад нагляд паліцыі. Аднавілі яго ва ўнівэрсытэце ў сак. 1912, а ўжо 19.12 Астроўскі прасіў рэктара перавесьці яго ў Юр’еў (цяпер Тарту, Эстонія). Стаўшы ў студз. 1913 студэнтам тамтэйшага ўнівэрсытэту, ён неўзабаве атрымаў дыплём і быў накіраваны настаўнікам у Чанстахову. У Польшчы ён доўга не затрымаўся, бо ўжо ў 1914 выкладаў матэматыку ў Менскай гімназіі. У 1915 з гімназіі перайшоў у толькі што адчынены Менскі настаўніцкі інстытут, з выкладчыкамі і студэнтамі якога эвакуаваўся ў Яраслаўль (Расея). У інстытуце, як вядома, дзейнічала таемнае згуртаваньне «Наш край», а прыкрыцьцём для яе служыла легальнае Яраслаўскае беларускае таварыства. І Астроўскі меў пэўнае дачыненьне да гэтых структураў.

У 1917 Астроўскі вярнуўся ў Беларусь і стаў камісарам Слуцкага павету ад Часовага ўраду. У жн. яго абралі сябрам прэзыдыюму Цэнтральнай Рады Беларускіх Арганізацый. І ў тым самым месяцы ён удзельнічаў у працы скліканай Часовым урадам Дзяржаўнай Нарады. У 1917 Астроўскі прыклаў намаганьні, каб земская гімназія ў Слуцку стала першай беларускай сярэдняй школай — Слуцкай народнай агульнай гімназіяй Хаўрусу Настаўнікаў. Ад імя гімназіі ў сьнеж. ён вітаў Усебеларускі Зьезд. У лют. 1918 ён увайшоў у першы склад Беларускага Нацыянальнага Камітэту ў Слуцку, які адразу ж стаў на бок Рады і Ўраду БНР.

У літаратуры можна сустрэць цьверджаньне, што Астроўскі належаў да памяркоўных беларускіх сацыялістаў. Таму ня дзіва, што ён, сябар Беларускай Сацыялістычнай Грамады, які быў дэлегатам на партыйную канфэрэнцыю ў чэрв. і ІІІ партыйны зьезд у кастр. 1917, а ў чэрв.—кастр. таго самага году зьяўляўся сябрам Цэнтральнага Камітэту БСГ, даў згоду ўвайсьці ў кабінэт Р. Скірмунта. 9.07.1918 Рада Рэспублікі зацьвердзіла яго на пасадах таварыша (намесьніка) старшыні Народнага Сакратарыяту і народнага сакратара асьветы БНР.

Як і ў біяграфіях многіх беларускіх дзеячоў, у біяграфіі Астроўскага ёсьць прабелы. Так, напрыклад, у энцыкляпэдычным выданьні можна прачытаць, што ў 1920 ён служыў у арміі А. Дзянікіна. У іншай кнізе паведамляецца, што да дзянікінцаў ён паехаў у сьн. 1918 — з прыходам на Случчыну бальшавікоў. Затое дакладна вядома, што ўвосень 1920 Астроўскі уваходзіў у склад Беларускага Палітычнага Камітэту — ураду пры генэрале С. Булак-Балаховічу — і быў прызначаны міністрам асьветы.

У даведніках занатавана, што на пачатку 1920-х Астроўскі працаваў у Польска-Амэрыканскім камітэце дапамогі дзецям. У 1923 ён стаў настаўнікам Віленскай беларускай гімназіі, а ў 1924–1936 быў яе дырэктарам. Пэдагагічную працу Астроўскі спалучаў з грамадзка-палітычнай. У 1924 і 1925 ён быў старшынёю Беларускага таварыства дапамогі пацярпелым ад вайны, пэўны час узначальваў Таварыства Беларускай Школы (ТБШ) і Беларускае Дабрачыннае Таварыства. У лют. 1924 стаў сябрам Польска-Беларускага Таварыства, якое спрабавала наладзіць дыялёг і супрацоўніцтва двух народаў. І ў тым самым годзе не ўхіліўся ад цеснага кантакту з кіраўніцтвам Камуністычнай партыі Заходняй Беларусі.

У 1930-х Б. Тарашкевіч пісаў пра Астроўскага, што гэта «чалавек спрытны, здольны арганізатар, але палітычна ярка беспрынцыпны авантурыст». Пэўна, прынцыпаў не хапала і бальшавікам, якія ня толькі супрацоўнічалі з былым сябрам ураду БНР, дзянікінцам і паплечнікам Булак-Балаховіча, але й прынялі яго ў сваю партыю (1926). А раней (у жн. 1925) Астроўскі разам з прадстаўнікамі Камуністычнага Інтэрнацыяналу і Цэнтральных Камітэтаў КП(б)Б, КПЗБ і Кампартыі Польшчы ўдзельнічаў у нарадзе, якая адбылася ў Цопаце, паблізу вольнага горада Данцыгу. На нарадзе было прынята рашэньне аб стварэньні Беларускай Сялянска-Работніцкай Грамады. Для фінансаваньня БСРГ, ТБШ і гімназій у Вільні ствараўся Беларускі каапэратыўны банк з аддзяленьнямі ў Глыбокім і Пінску. Дырэктарам банку стаў Астроўскі. Ён таксама заняў пасаду намесьніка старшыні БСРГ.

У студз. 1927 Астроўскага кінулі ў турму на Лукішках, а ў лют. разам зь іншымі дзеячамі БСРГ завезьлі ў «więzienie ciężkie» ва Ўронкі (цяпер Вялікапольскае ваяводзства). Да канца ліп. яго трымалі ў поўнай ізаляцыі. На допытах Астроўскі даводзіў сьледчаму, што да БСРГ далучыўся выпадкова. Яго лёгіка была такая: на волі няма каму працаваць, дык лепш дэманстраваць сваю памяркоўнасьць, каб выйсьці і працягваць працу. Дзеля вызваленьня Астроўскага добра папрацавала яго жонка, якая даводзіла інстанцыям, што, выйшаўшы на волю, яе муж будзе супрацоўнічаць з адміністрацыйнымі ўладамі.

У тр. 1928 на працэсе 56 дзеячоў БСРГ Астроўскі разам з 18 іншымі падсуднымі быў апраўданы. Выйшаўшы на волю і вярнуўшыся на пасаду дырэктара гімназіі, ён, раней апякун вучнёўскай камсамольскай арганізацыі, мусіў утаймоўваць колішніх падшэфных, бо яны зрывалі заняткі, ладзілі страйкі і мітынгі. Камсамольскую актыўнасьць інсьпіравала КПЗБ, якая разглядала беларускія гімназіі як свае апэрацыйная базы, а ТБШ — як другую лінію акопаў.

Астроўскі, А. Луцкевіч ды іншыя заходнебеларускія дзеячы прыйшлі да высновы: каб не даваць польскім уладам зачэпак для закрыцьця беларускіх культурна-асьветных устаноў, неабходна іх аздаравіць, ачысьціць ад камуністаў. Такую палітыку назвалі беларускай санацыяй. У 1929 Астроўскі быў адным з ініцыятараў стварэньня Беларускага прафэсійнага настаўніцкага саюзу. З ініцыятывы Астроўскага ды інш. дзеячоў 15 беларускіх культурна-асьветных і гаспадарчых арганізацый і ўстаноў у 1930 стварылі Цэнтральны Саюз (Цэнтрасаюз).

У 1930 беларускім дзеячам удалося дамагчыся адкрыцьця ў Вільні беларускай настаўніцкай сэмінарыі імя Ф. Багушэвіча, і Астроўскі стаў дырэктарам гэтай установы па сумяшчальніцтве. У тым часе адбывалася ідэйна-палітычнае змаганьне ў Беларускім Студэнцкім Саюзе. З БСС былі выключаныя камуністы і камсамольцы. Аднак супраць кіраўніцтва БСС, якое складалася з памяркоўных сацыялістаў і арыентавалася на Астроўскага і Луцкевіча, выступілі прыхільнікі Беларускай Хрысьціянскай Дэмакратыі. У гэтай сытуацыі ў 1931 была створана арыентаваная на Цэнтрасаюз студэнцкая карпарацыя «Скарынія». У 1932 паўстала таксама Таварыства Беларускай Асьветы (ТБА), галоўны прынцып якога заключаўся ў тым, каб пазьбегнуць якога-кольвек уплыву палітычных партый на культурна-асьветную працу.

Усе гэтыя інстытуцыі аказаліся недаўгавечнымі. Прычынамі іх кароткачасовасьці былі пастаянныя нападкі з боку КПЗБ і БХД, ідэйная неаднароднасьць Цэнтрасаюзу, у які ўвайшлі і людзі правых поглядаў (Я. Станкевіч), і заснавальнік Беларускай нацыял-сацыялістычнай партыі Ф. Акінчыц. Цягам часу выніклі супярэчнасьці паміж Астроўскім, які занадта далёка зайшоў у пошуку кампрамісу з уладай, і Луцкевічам, які стаяў на незалежніцкіх пазыцыях. Апроч таго, польскія ўлады ставіліся да беларускага пытаньня ў залежнасьці ад стаўленьня да яго бальшавікоў. Бальшавікі ж у гэтым часе праводзілі ў БССР палітыку вынішчэньня нацыянальнай эліты, а ў Заходняй Беларусі вінавацілі ня згодных зь імі дзеячоў у нацыянал-фашызьме. Усё гэта стварала патавую сытуацыю і вяло да закрыцьця адной за адной беларускіх інстытуцыяў. «Скарынія» і Цэнтрасаюз перасталі існаваць у 1934, а Настаўніцкі Саюз і ТБА — у 1937.

У 1936 былі ўладамі зачыненыя таксама ТБШ і створаны хадэкамі Беларускі Інстытут Гаспадаркі і Культуры. Што ж тычыцца Астроўскага, то ў 1934–1935 над ім адбыўся грамадзкі суд. Луцкевіч, У. Самойла і былы старшыня Цэнтрасаюзу А. Трэпка вінавацілі яго ў дэмаралізацыі моладзі і адвольным распараджэньні фондамі. У 1936 Астроўскі пераехаў на настаўніцкую працу ў Лодзь.

З пачаткам 2-й сусьветнай вайны ў жыцьці Астроўскага настаў новы пэрыяд, даволі падрабязна паказаны ў нашай літаратуры. Тут важна адзначыць, што нават савецкія дзейнікі лічылі яго толькі калябарантам. Ваенныя злачынствы, злачынствы супраць чалавечнасьці яму не інкрымінаваліся.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG