Фігурант «Справы патрыётаў» Сяргей Кунцэвіч, які 2 чэрвеня быў выпушчаны зь СІЗА № 1, адказаў на пытаньні Свабоды пра ўмовы ўтрыманьня ў турме і пра тое, што адбылося падчас ягонага затрыманьня.
— Сяргей, як вы сябе адчуваеце?
— Маральна — здаровы. Фізычна — ёсьць праблемы. У мяне хворыя ныркі, у турме не было ніякага лячэньня, не прапускалі мэдыкамэнты, якія для мяне прыносілі сваякі. Да таго ж, спачатку я быў у СІЗА КДБ, усяго 14 дзён. Там мяне катавалі электрашокерам.
— Што вам казалі падчас катаваньня? Якую інфармацыю хацелі атрымаць?
— Дзе знаходзіцца Мікола Статкевіч. Гэта было перад акцыяй 25 сакавіка. Але я не зламаўся, нічога не сказаў.
— Што яшчэ там адбывалася?
— У СІЗА КДБ некалькі дзён я трымаў галадоўку. Мяне шантажавалі, пагражалі фізычнай расправай. Быў фізычны ціск, заломвалі рукі. Было падозраньне на страсеньне мозгу, але доктара ня выклікалі. Пасьля мяне перавялі ў турму на Валадарскага.
— Чаму вас адпусьцілі?
— Відаць, баяцца. Дыктатура трымаецца на страху.
— Які цяпер ваш статус?
— Я пад падпіскай пра нявыезд і ня маю права разгалошваць абставіны сваёй справы.
— Як вы можаце пракамэнтаваць вашае затрыманьне. Па дзяржаўных тэлеканалах паказалі, што ў вас у аўто знайшлі дзясяткі бутэлек з кактэйлем Молатава.
— Гэта ўсе сфабрыкавана было. Яны ведалі, што я часам падвозіў Міколу. Гэта машына не мая, я ўзяў яе ў сябра. Яны даведаліся, дзе яна стаіць і падкінулі туды гэтыя бутэлькі. Я павінен быў прывезьці толькі гукаўзмацняльную апаратуру.
— Як вы вярталіся дадому? Як вас сустрэлі бацькі і нявеста Тацяна?
— Мяне выпусьцілі 2 чэрвеня каля 16 гадзін. Я апынуўся ў горадзе з торбамі, без тэлефона і грошай. Неяк дабраўся дадому. Усе былі вельмі радыя, вядома.
— Якія вашыя пляны цяпер?
— Пляны — каб не было дыктатуры.