Сёньня ў Менску пачынае працу сёмая сэсія нарады бакоў Канвэнцыі Эспа. Тэмай форуму — ацэнка ўзьдзеяньня на навакольнае асяродзьдзе ў трансгранічным кантэксьце.
У мерапрыемствах, заплянаваных у рамках нарады, возьмуць удзел блізу 200 прадстаўнікоў 45 дзяржаў. Сярод іх міністры прыродаахоўных і іншых ведамстваў, высокапастаўленыя службовыя асобы міжнародных арганізацый і фінансавых інстытутаў.
На выніковым сумесным паседжаньні 16 чэрвеня будзе прынятая Менская дэклярацыя, рэалізацыя палажэньняў якой павінна спрыяць дасягненьню мэтаў у галіне ўстойлівага разьвіцьця да 2030 году.
Менш як за тыдзень да пачатку нарады быў адхілены ад пасады міністар прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяродзьдзя Андрэй Каўхута, які значыўся сярод кіраўнікоў беларускай дэлегацыі. Сьледчы камітэт паведаміў, што чыноўнік звольнены за службовы падлог, на яго заведзеная крымінальная справа.
Міжнароднае пагадненьне, ініцыяванае Эўрапейскай эканамічнай камісіяй ААН, было падпісанае ў 1991 годзе ў фінскім Эспа і набыло моц у 1997-м. Канвэнцыя прадугледжвае, што працэдура ацэнкі ўзьдзеяньня на навакольнае асяродзьдзе патэнцыйна небясьпечных праектаў павінна праводзіцца ня толькі ўнутры дзяржавы, але і на сумежных тэрыторыях, якія рызыкуюць трапіць пад наступствы дзейнасьці такіх абʼектаў. Згодна з дакумэнтам, усе захады павінны адбывацца на раньніх стадыях плянаваньня.
Гэта акурат тое, што сёньня хвалюе беларускіх суседзяў у зьвязку з будаўніцтвам АЭС у Астраўцы на мяжы з Эўразьвязам. Вышэйшае кіраўніцтва Літвы ня раз выказвала незадаволенасьць праектам, які рэалізуецца ў шчыльным кантакце з Расеяй.
Напярэдадні менскай нарады першая намесьніца міністра прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяродзьдзя Ія Малкіна прызнала, што ёсьць несупадзеньне пазыцый, і запэўніла, што спрэчныя моманты будуць абмяркоўвацца:
«Сапраўды, пытаньне трансгранічнага супрацоўніцтва Беларусі і Літвы застаецца ў зоне ўвагі Камітэту па выкананьні Канвэнцыі Эспа. Таму адным з пытаньняў, якое сярод іншых будзе разглядацца ў Менску, стане сытуацыя ў зьвязку з будаўніцтвам Беларускай АЭС. З улікам таго, што ў дадзены момант двухбаковы перамоўны працэс знаходзіцца ў статычным стане — пакуль што ў асноўным вядзецца ліставаньне паміж ведамствамі — мы не чакаем нейкіх непрыемных сюрпрызаў у рамках правядзеньня нашага мерапрыемства».
Канвэнцыя Эспа вызначае наступныя патрабаваньні для краін, якія ратыфікавалі сумеснае пагадненьне:
- Каб грамадзкасьць магла прымаць удзел у працэдурах ацэнкі ўзьдзеяньня на навакольнае асяродзьдзе.
- Каб забясьпечваўся доступ грамадзкасьці да інфармацыі (дакумэнтацыі) аб плянаваных відах дзейнасьці.
- Каб грамадзкасьць магла камэнтаваць прапанаваныя віды дзейнасьці.
Пералік відаў дзейнасьці, якія могуць аказваць шкоднае трансгранічнае ўзьдзеяньне, канкрэтызаваны дадаткам I да Канвэнцыі. Да іх адносяцца нафтаачышчальныя заводы, нафта- і газаправоды з трубамі вялікага дыямэтру, ЦЭЦ і іншыя ўстаноўкі для спальваньня цеплавой магутнасьцю 300 мэгават і больш, АЭС і іншыя збудаваньні зь ядзернымі рэактарамі, устаноўкі для вырабу або ўзбагачэньня ядзернага паліва, рэгенэрацыі адпрацаванага ядзернага паліва, зьбіраньня, выдаленьня і перапрацоўкі радыеактыўных адкідаў, хімічныя камбінаты, буйныя плаціны і г.д.
Канвэнцыя ўтрымлівае абавязаньні бакоў у справе інфармаваньня сумежных дзяржаваў пра заплянаваныя праекты і магчымае іх узьдзеяньне на навакольнае асяродзьдзе. Дзеля ўрэгуляваньня магчымых спрэчак можа быць задзейнічаны арбітражны суд, рашэньні якога абавязковыя для ўсіх падпісантаў.