Вадзіма Бойку, які быў асуджаны на чатыры гады пазбаўленьня волі, выпусьцілі з Жодзінскага СІЗА пад падпіску аб нявыезьдзе ўдзень 10 чэрвеня. Прычыны вызваленьня невядомыя, апэляцыя па справе Бойкі павінна разглядацца толькі 16 чэрвеня.
Інфармацыйнае агенцтва БелаПАН са спасылкай на праваабаронцаў паведамляе, што Бойка мае захворваньне, дабраякасную пухліну, аднак гэта не магло стаць прычынай вызваленьня зь СІЗА.
Здарэньне, якое стала асновай для крымінальнай справы, адбылося ўлетку 2014 году. Паводле вэрсіі сьледчых, група фанатаў ФК «Партызан» спыніла тралейбус, у якім ехалі фанаты ФК «Тарпеда Менск», пасьля чаго разьбілі ў тралейбусе шыбу, распылілі ў салёне сьлезацечны газ, а таксама ўчынілі бойку.
Першапачаткова гэты выпадак не атрымаў розгаласу, усе затрыманыя былі адпушчаныя. Аднак пасьля таго, як справай занялася Галоўнае ўпраўленьне па барацьбе з арганізаванай злачыннасьцю і карупцыяй (акурат гэтае ведамства займаецца справамі, зьвязанымі з фанацкімі групоўкамі), яе давялі да суду, а дзеяньні футбольных фанатаў расцанілі як асабліва злоснае хуліганства. У выніку шасьцёра фанатаў ФК «Партызан» атрымалі розныя тэрміны зьняволеньня: Ільля Валавік — 10 гадоў пазбаўленьня волі, Філіп Іваноў і Вадзім Бойка — па 4 гады, Дзьмітры Ціхановіч — 6 гадоў, Арцём Краўчанка і Вадзім Чартовіч (іх дадаткова абвінавачвалі ў незаконным вырабе і збыце наркотыкаў) — па 12 гадоў.