Першага намесьніка старшыні Беларускага ПЭН-цэнтру Паўла Анціпава выклікалі ў Савецкі суд Менску на 7 чэрвеня па адміністрацыйнай справе, пачатай па артыкуле 23.4 (непадпарадкаваньне законнаму распараджэньню службовай асобы).
У інтэрвію карэспандэнту Свабоды Павал Анціпаў расказаў акалічнасьці справы.
«Гэта даволі даўні канфлікт. Ён пачынаўся, калі яшчэ намесьніцай старшыні ПЭН-цэнтру была Марыя Мартысевіч.
Сэнс у тым, што памяшканьне ПЭН-цэнтру, дзьве кватэры на вуліцы Залатая Горка, перайшло да ПЭН-цэнтру зь незарэгістраванай пляніроўкай. Аднойчы, калі гэта выявілася, для адміністрацыі, для ЖРЭА стала зразумела, што праз гэта можна ціснуць на ПЭН-цэнтар.
Таму ў 2011, 2012 і 2013 гадах яны штрафавалі на той момант першую намесьніцу — Мартысевіч — і Андрэя Хадановіча за нямэтавае выкарыстаньне памяшканьня. Тады там працавала „Наша Ніва“, а гэта было жылое памяшканьне, і па заканадаўстве гэта было нельга. А калі вырашылі вывесьці гэтую кватэру з жылога фонду, то тады выявілася, што там незарэгістраваная пляніроўка. Вось тады аштрафавалі за перапляніроўку.
Потым я ўжо спрабаваў пераводзіць памяшканьне з жылога фонду ў нежылы. Але таксама ў мяне гэта не атрымлівалася. Некалькі гадоў яны нас не чапалі, а цяпер чамусьці зноўку ўзяліся за гэтую справу. Яны прыходзілі, глядзелі, што перапляніроўка не адноўленая, склалі на мяне пратакол. Ну і вось, пасьлязаўтра я іду ў суд, які напэўна аштрафуе мяне...
Самае жорсткае пакараньне па гэтым артыкуле — гэта адміністрацыйны арышт. Спадзяюся, да гэтага не дойдзе, але...»
Павал Анціпаў сказаў, што перавесьці памяшканьне з жылога ў нежылы фонд дагэтуль не ўдаецца якраз таму, што адміністрацыя не пагаджаецца зарэгістраваць перапляніроўку. Аднак гэтае памяшканьне цалкам задавальняе ПЭН-цэнтар, і шукаць новае яны ня маюць намеру.
«Гэтым памяшканьнем шмат хто карыстаецца: „Беларускі калегіюм“, „Школа маладога пісьменьніка“, часопіс Makeout, раней „Наша Ніва“ карысталася. Яно даволі вядомае. А па-другое, калі б мы хацелі яго прадаць і набыць новае, то мы ня можам яго прадаць, бо там нелегальная перапляніроўка. Таму сытуацыя дзіўная. Я хадзіў таксама ў адміністрацыю — там кажуць, што будуць штрафаваць, штрафаваць... Я думаю, што ПЭН-цэнтар проста не задавальняе ўлады, чымсьці мы замінаем. Там месьцілася „Наша Ніва“, калі былі выбары 2010 году. Тады і дзьверы ламалі, і аргтэхніку канфіскоўвалі. Мабыць, нешта пасьля гэтага пачалося... Але наўпрост ніхто нічога ня кажа».