Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Палітычныя рызыкі як ніколі пагражаюць эканоміцы, — дарадца старшыні Нацбанку


Аляксандар Забароўскі, дарадца старшыні Нацбанка
Аляксандар Забароўскі, дарадца старшыні Нацбанка

Малая адкрытая эканоміка ўражлівая для зьнешніх шокаў. Супрацьстаяць ім можна, толькі ўмацоўваючы нацыянальную эканоміку і інстытуты, ствараючы лепшыя ўмовы для ўзаемнага гандлю і паляпшаючы інвэстыцыйны клімат, — сказаў падчас міжнароднай канфэрэнцыі «Эканамічная бясьпека ў глябалізаваным сьвеце» галоўны дарадца старшыні праўленьня Нацыянальнага банку Аляксандар Забароўскі.

На яго перакананьне, пры плянаваньні ўнутранай эканомікі трэба ўлічваць хуткае разьвіцьцё тэхналёгій і тэндэнцыі ўсясьветнай і рэгіянальнай эканомікі. А галоўная зарука прагрэсу — здольнасьць эканомікі да хуткай адаптацыі.

Беларуская эканоміка залежыць ад эканомік краін-суседзяў, і гэтыя ж краіны — асноўныя гандлёвыя партнэры Беларусі. Банкаўскі чыноўнік лічыць, што ў сытуацыі, калі эканамісты канстатуюць надыход новай рэальнасьці, зьвязанай зь нізкімі тэмпамі росту ў рэгіёне СНД, нэгатыўныя прагнозы адкідаць ня варта.

Адной з праблемаў беларускай эканомікі Забароўскі называе зьмяншэньне патэнцыйнага ВУП. Калі раней гэты паказьнік для Беларусі складаў 6,5%, то цяпер — не вышэй за 2%. І павялічыць яго не ўяўляецца магчымым, бо ў сьвеце назіраецца чысты адток капіталу з краін, якія разьвіваюцца. А гэта яшчэ больш зьніжае іх шанцы на рост.

«Сёньня эканомікам усяго сьвету як ніколі пагражаюць палітычныя рызыкі, — сказаў Аляксандар Забароўскі. — Напрыклад, выхад ЗША з Парыскага пагадненьня па клімаце — шок для эканамічных агентаў, якія зьвязалі сваю будучыню зь „зялёнымі“ тэхналёгіямі. Калі яшчэ 5–10 гадоў таму палітычныя рызыкі былі характэрныя для эканомік, якія разьвіваюцца, то цяпер іх маюць разьвітыя эканомікі. Тое ж тычыцца „Брэкзіту“ — падзея прымусіла дасьледчыкаў успомніць пра ўзаемасувязь эканомік, палітычных рашэньняў і эканамічнай бясьпекі».

«Сёньня ў хаду эканамічныя санкцыі і контрасанкцыі, пагрозы адключыць асобныя краіны ад сыстэмы SWIFT, чаго не было яшчэ некалькі гадоў таму. Эканамісты пачынаюць разглядаць палітычныя рашэньні як сур’ёзны фактар пры складаньні эканамічных прагнозаў», — кажа Забароўскі.

Акрамя непрадказальных палітычных рашэньняў, яшчэ адным сур’ёзным фактарам, які ўплывае на эканамічны рост, застаецца запаволеньне росту прадукцыйнасьці працы.

«Калі б яна расла тымі ж тэмпамі, што і да крызісу, усясьветная эканоміка прырасла б на аб’ём эканомікі Японіі», — лічыць дарадца старшыні Нацбанку.

«У 2016 годзе Беларусь трапіла ў „ідэальны шторм“. Складанасьці эўразійскай інтэграцыі, санкцыі Эўразьвязу і Расеі, завяршэньне энэргетычнага цыклю, складанасьці з фармаваньнем бюджэту. З гэтага шторму краіна выйшла, захаваўшы макраэканамічную стабільнасьць, значна скараціўшы дэфіцыт плацёжнага балянсу, павялічыўшы золатавалютныя рэзэрвы», — падсумаваў Забароўскі.

Зыходзячы з гэтага, на яго думку, Беларусі ня варта чакаць значнага павелічэньня інвэстыцыяў, паляпшэньня ўмоваў гандлю і наагул спрыяльных вонкавых фактараў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG