Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Стаўка рэфінансаваньня памяншаецца яшчэ на адзін пункт — да 16%


Фота ©Shutterstock
Фота ©Shutterstock

Нацыянальны банк прыняў рашэньне пра зьніжэньне ад 15 лютага стаўкі рэфінансаваньня з 17 да 16% гадавых.

Таксама памяншаюцца стаўкі па пастаянна даступных і двухбаковых апэрацыях Нацбанку па падтрымцы бягучай ліквіднасьці банкаў — з 22 да 20% гадавых.

«На фоне чаканага запаволеньня інфляцыі зьніжэньне стаўкі рэфінансаваньня і ставак па апэрацыях Нацбанку па падтрымцы бягучай ліквіднасьці банкаў не прывядзе да іх значнай зьмены ў рэальным выражэньні. Гэта дазволіць захаваць рэальную даходнасьць банкаўскіх рублёвых зьберажэньняў на ўстойлівым і прывабным узроўні», — гаворыцца ў паведамленьні.

Рашэньні па стаўках прынятыя 7 лютага «зыходзячы з дынамікі росту спажывецкіх цэнаў, якая складваецца ў рамках прагнозу, аналізу сытуацыі на валютным і дэпазытным рынках, стану зьнешняга гандлю і плацежнага балянсу».

У Нацбанку паведамляюць таксама, што інфляцыйныя працэсы ў Беларусі «працягваюць запавольвацца».

Прырост спажывецкіх цэнаў у сьнежні 2016 году да сьнежня 2015 году склаў 10,6%, у студзені 2017 году чакаецца на ўзроўні 9,6%, у лютым — сакавіку — каля 9%.

Як гаворыцца ў паведамленьні, асноўны ўплыў на стрымліваньне інфляцыі «аказваюць манэтарныя фактары».

«На ўнутраным валютным рынку захоўваецца чыстая прапанова замежнай валюты, у асноўным за кошт продажу валюты насельніцтвам. У сэгмэнце субʼектаў гаспадараньня попыт і прапанова валюты збалянсаваныя, што адлюстроўвае тэндэнцыі, якія складваюцца ў зьнешнім гандлі. У цэлым гэтыя фактары ствараюць умовы для ўстойлівасьці абменнага курсу беларускага рубля», — паведамляе Нацбанк.

Таксама адзначаецца, што на дэпазытным рынку захоўваецца прырост рублёвых укладаў насельніцтва.

18 студзеня стаўка рэфінансаваньня была зьніжана з 18% да 17% гадавых.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG