Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«З улікам прызнаньня віны і раскаяньня», — да суду адпусьцілі хлопца, які меркавана ўдарыў міліцыянта ў мэтро


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

19-гадовага менчука, якога пасьля інцыдэнту з удзелам міліцыянтаў і ахоўнікаў мэтро затрымалі на станцыі «Кастрычніцкая», вызвалілі з-пад варты, абавязаўшы яго зьяўляцца на выклік да сьледчага.

Крымінальную справу расьсьледуюць супрацоўнікі Цэнтральнага раённага аддзелу Сьледчага камітэту, вядуцца неабходныя экспэртызы, сказаў Свабодзе прэсавы сакратар Сьледчага камітэту Сяргей Кабаковіч.

«З улікам прызнаньня сваёй віны і раскаяньня ва ўчыненым да падазронага ўжытая мера працэсуальнага прымусу — абавязаньне аб яўцы. Малады чалавек нідзе ня вучыцца і не працуе. Цяпер ён адбывае пакараньне ў выглядзе грамадзкіх прац паводле прысуду ад лютага 2017 году», — сказаў карэспандэнту Свабоды Сяргей Кабаковіч.

Інцыдэнт у менскім мэтро здарыўся 27 траўня, запіс яго зьявіўся ў інтэрнэце. Міліцыянт, які спыніў хлопца, кажа, што той быў нападпітку і аказаў супраціў, калі яго спрабавалі вывесьці з мэтро, дзе нельга знаходзіцца ў нецьвярозым стане. Паводле вэрсіі міліцыянтаў, хлопец нанёс аднаму зь іх траўму, ударыўшы па твары.

Відэа затрыманьня маладога чалавека ўспрынялі ў інтэрнэце неадназначна. Назіральнікі заўважылі, што, паводле камэнтару дзяўчыны, якая здымала відэа, перад затрыманьнем хлопец «ішоў і нікога не чапаў». Таксама наведнікаў інтэрнэту ўразіла жорсткасьць, зь якой хлопца затрымліваюць ажно 6 супрацоўнікаў, моцна зьбіваючы.

У Сьледчым камітэце адмовіліся паведаміць імя маладога чалавека.

Крымінальную справу супроць меркаванага парушальніка завялі паводле 364 артыкула Крымінальнага кодэксу — гвалт альбо пагроза гвалту адносна супрацоўніка міліцыі. Максымальная санкцыя па гэтым артыкуле — 6 гадоў зьняволеньня.

Інцыдэнты з удзелам міліцыянтаў, якія ахоўваюць менскае мэтро, здараюцца рэгулярна.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG