Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Мілкавіта» судзіцца са сваімі рабочымі — пазовы атрымалі 205 адказчыкаў


У Гомельскім акцыянэрным таварыстве «Мілкавіта» 30 траўня распачынаецца беспрэцэдэнтны судовы разбор. Кіраўніцтва гэтай малочнай кампаніі прад’явіла пазовы ў суд адразу 205 работнікам прадпрыемства — яны абвінавачваюцца ў нястачы амаль паўтысячы тон сыравіннага малака на суму 142 тысячы рублёў.

Аб’яўлена, што суд мае быць выязным і будзе весьціся непасрэдна ў актавай залі прадпрыемства.

Нястача ўтварылася за тры месяцы працы і была выяўленая падчас рэвізіі. Суму разьдзялілі на ўвесь калектыў, які займаецца перапрацоўкай малака. Пазовы выставілі і начальніку цэху, і апэратарам, і прыбіральніцам.

Памер пазоваў вагаецца ад 300 да 1000 рублёў зь лішкам і залежыць найперш ад працягласьці адпрацаванага часу і ўзроўню заробку. Як і чаму ўтварылася нястача, ніхто ня можа патлумачыць. Унутранае расьсьледаваньне пра ўзьнікненьне нястачы не дадало яснасьці.

Адзін з апэратараў тлумачыць, што вынесьці такую колькасьць малака праз прахадную прадпрыемства нерэальна. Магутнасьць цэху перапрацоўкі складае 450 т малака за суткі, і выглядае так, быццам бы малако бесьперапынна зьлівалі ў каналізацыю.

«Мілкавіта» — буйная кампанія па вытворчасьці малака. Тут працуе звыш тысячы чалавек. На прадпрыемстве падкрэсьліваюць, што выкарыстоўваюць закрыты тып вытворчага працэсу, кантакт пэрсаналу з прадукцыяй зьведзены да мінімуму.

Летась кампанія «Мілкавіта» стала вядомай судом з карэспандэнтам Associated Press Юрасём Карманавым за рэпартаж, у якім гаворка вялася пра выраб сельскагаспадарчай прадукцыі на забруджанай радыяцыяй тэрыторыі.

Прыватнае прадпрыемства ў Хойніцкім раёне пастаўляла малако філіялу ААТ «Мілкавіта» — прадпрыемству «Палескія сыры». Журналіст, прыехаўшы са службовай выправы з Хойніцкага раёну, з уласнай ініцыятывы праверыў у менскай лябараторыі дадзенае яму на фэрме малако. Дасьледаваньне паказала значнае перавышэньне ўзроўню радыеактыўнага ізатопу ў малацэ — гэта было адлюстравана ў лябараторнай даведцы. Малочная кампанія падала ў суд на аўтара рэпартажу, абвінаваціўшы яго ў нанясеньні шкоды дзелавой рэпутацыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG