Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Карманаў плянуе абскардзіць рашэньне суду пра «стронцыевае малако»


Юры Карманаў, архіўнае фота
Юры Карманаў, архіўнае фота

«Артыкул пра стронцыевае малако быў зроблены паводле ўсіх канонаў журналісцкага жанру», — заявіў Свабодзе журналіст Associated Press Юрась Карманаў.

Карманаў плянуе абскардзіць рашэньне Эканамічнага суду Менску, які абавязвае яго напісаць зьняпраўджаньне свайго артыкулу аб перавышэньні дазволенай канцэнтрацыі радыенуклідаў у малацэ.

Малако патрапіла на перапрацоўку на гомельскае прадпрыемства «Мілкавіта» з фэрмэрскай гаспадаркі «Родны шлях» Хвойніцкага раёну. Пазоў «Мілкавіты» да Юрася Карманава быў задаволены Эканамічным судом Менску 22 сьнежня.

«Я ня зьдзіўлены такім выракам суду ў тым сэнсе, што малако стала для беларускай дзяржавы своеасаблівым „белым золатам“, „белай нафтай“. Цяпер дзяржава імкнецца даказаць, што ўся прадукцыя беларускіх вытворцаў вельмі добрая, бясьпечная і якасная. Нагадаю, што 90% прадукцыі хвойніцкі завод „Мілкавіта“ пастаўляе ў Расею ў выглядзе „Палескіх сыроў“, „Пармэзану“. І калі зараз беларуская прадукцыя страчвае расейскі рынак, то „Мілкавіце“ відаць, вельмі важна даказаць, што іхная прадукцыя вельмі добрая», — адзначыў Юрась Карманаў у інтэрвію Свабодзе.

Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Журналіст AP заявіў Свабодзе, што будзе абавязкова абскарджваць рашэньне суду:

«Суд не ўлічыў ніводнага аргумэнту з боку абароны, суд не прыняў ніводнага з ключавых хадайніцтваў, заяўленых з нашага боку, і таму натуральна, што мы будзем аспрэчваць гэтае рашэньне. Галоўнае, што зьвесткі мы атрымалі ад Менскага цэнтру гігіены і эпідэміялёгіі. Гэта дзяржаўны орган, а артыкул 53 Закону аб СМІ наўпрост кажа, што журналіст пазбаўляецца адказнасьці, калі зьвесткі атрыманыя зь дзяржаўнага органу. Прадстаўнікі Цэнтру прыйшлі ў суд і пацьвердзілі, што яны выдалі пратакол вымярэньняў цэзію і стронцыю і паказьнікі стронцыю перавышалі норму ў 10 разоў. Мы хадайнічалі, каб прыцягнуць у такім выпадку Цэнтар у якасьці суадказьніка, бо мы ня можам несьці адказнасьць за зьвесткі, якія нам даў Цэнтар. Але суд адмовіў», — кажа ён.

Карманаў зьвяртае ўвагу на тое, што суд адмовіў і ва ўсіх іншых ключавых хадайніцтвах з боку адказьніка.

«Напрыклад, „Мілкавіта“ у сваёй позьве патрабуе зьняпраўдзіць цытату простай мовай прафэсара Юрыя Бандажэўскага, які гаворыць, што радыеактыўная прадукцыя распаўзаецца бескантрольна па ўсёй Беларусі. Мы ў сваю чаргу хадайнічалі, каб заслухаць і прыцягнуць да адказнасьці прафэсара Бандажэўскага, бо мы ня можам несьці адказнасьць за цытату.

Хачу заўважыць, што артыкул падрыхтаваны шэрагам аўтараў — гэта 5 журналістаў Associated Press. Я хадайнічаў, каб суд далучыў Associated Press у якасьці суадказьніка. Суд адмовіў і ў гэтым. Фактычна ўпершыню ў гісторыі Беларусі журналіста судзяць без прыцягненьня СМІ. Таксама заўважу, што наш артыкул быў зроблены паводле ўсіх канонаў журналісцкага жанру. Мы цытуем у артыкуле прадстаўніка „Мілкавіты“ Маю Феданчук, якая зьняпраўдзіла ўсе зьвесткі пра перавышэньне ў 10 разоў стронцыю — яна казала, што прадукцыя цалкам адпавядае санітарным нормам», — распавядае журналіст.

Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

22 красавіка на сайце АР зьявіўся артыкул пра малако са стронцыем-90, доля якога перавышае дазволеную ў 10 разоў. Журналісты знайшлі фэрму Мікалая Чубянка ля самага Палескага дзяржаўнага радыяцыйна-экалягічнага запаведніку. Фэрмэр апавёў, што завод ААТ «Мілкавіта» (Хвойнікі) штодня прымае ад ягонай фэрмы 2 тоны малака. Дасьледаваўшы на запыт журналіста Карманава ўзор малака з Чубянковай фэрмы, Менскі гарадзкі цэнтар гігіены і эпідэміялёгіі зафіксаваў перавышэньне дапушчальнай нормы ўтрыманьня стронцыю-90 у 10 разоў (37,5 Бк/кг стронцыю пры норме 3,7 Бк/кг).

Праз 8 месяцаў Эканамічны суд Менску прызнаў гэтыя зьвесткі несапраўднымі і задаволіў пазоў ААМ «Мілкавіта» да Юрася Карманава.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG