Карэспандэнт Associated Press (AP) Юрась Карманаў абавязаны напісаць зьняпраўджаньне свайго артыкулу аб перавышэньні дазволенай канцэнтрацыі радыянуклідаў у малацэ, якое трапіла на перапрацоўку на гомельскае прадпрыемства «Мілкавіта» з фэрмэрскай гаспадаркі «Родны шлях» Хойніцкага раёну.
Такое рашэньне прыняў 22 сьнежня Эканамічны суд Менску, паведаміла агенцтва БелаПАН.
Паводле суду, абвяржэньне мусіць зьявіцца на сайце АР, а таксама на сямі беларускіх, расейскіх і польскіх сайтах, якія перадрукавалі паведамленьне АР.
Таксама журналіст мусіць сплаціць дзяржаўнае мыта памерам 840 рублёў і пакрыць выдаткі пазоўніка на адваката — гэта яшчэ 1500 рублёў. Юрась Карманаў ужо заявіў, што ня згодны з рашэньнем суду і будзе яго абскарджваць.
22 красавіка на сайце АР зьявіўся артыкул журналіста, у якім паведамлялася пра малако са стронцыем-90, доля якога перавышае дазволеную ў 10 разоў. Журналіст спасылаўся на афіцыйныя зьвесткі, якія атрымаў у галоўнай лябараторыі Менскага цэнтру гігіены і эпідэміялёгіі.
Праз 8 месяцаў Эканамічны суд Менску прызнаў гэтыя зьвесткі несапраўднымі і задаволіў пазоў ААМ «Мілкавіта» да Юрася Карманава.
Паводле прадстаўнікоў Беларускай асацыяцыі журналістаў (БАЖ), рашэньне Эканамічнага суду выклікае занепакоенасьць свабодаю слова. «Вынік гэтага суду значна звужае межы свабоды слова ў краіне, паколькі ставіць пад сумнеў саму магчымасьць значных журналісцкіх расьсьледаваньняў у Беларусі», — заявілі ў БАЖ. Паводле экспэртаў БАЖ, беларускі закон вызваляе журналіста ад адказнасьці за распаўсюд недакладных зьвестак, калі яны атрыманыя з афіцыйнай крыніцы.