Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Як хочаце рабіце!» Як нечаканыя жаданьні Лукашэнкі станавіліся законамі


Перанос пачатку школьнага дня з 8 на 9 гадзіну раніцы — далёка ня першая раптоўная ідэя Аляксандра Лукашэнкі. Свабода згадвае іншыя выпадкі, калі жаданьне прэзыдэнта нешта зьмяніць адразу ж выконвалася чыноўнікамі.

2004 год. Адмяніў правіла, каб езьдзіць з уключанымі фарамі ўдзень

Ад сярэдзіны 2002 году аўтамабілі па беларускіх дарогах пачалі езьдзіць з уключанымі фарамі ня толькі ўначы, але і ўдзень. Такое правіла дзейнічае шмат у якіх краінах сьвету. У Беларусі яго ўвялі пастановай Савету міністраў. Закон аб новых Правілах дарожнага руху падпісаў сам Лукашэнка. Але роўна праз паўтара года прэзыдэнт раптам кажа, што ўключанае ўдзень бліжняе сьвятло аўтамабільных фар зусім непатрэбнае.

«Едзеш і назіраеш: сонца гарыць, сьвятло. Лепш не прыдумаеш. І машына едзе з уключанымі фарамі. І разьдзіраюць грамадзян, якія сёньня за стырном аўтамабіляў. Вы паглядзіце, каго вы пасадзілі за аўтамабіль, і панюхайце іх добра. І хто вам наогул даў права мяняць Правілы дарожнага руху?» — сказаў кіраўнік краіны.

На наступны дзень гэтую норму Правілаў дарожнага руху адмянілі. Ад 2004 году езьдзіць удзень з уключаным бліжнім сьвятлом беларусаў абавязваюць толькі зрэдзьчасу. Напрыклад, перад летнімі школьнымі вакацыямі.

2008 год. Адмяніў 12-гадовае навучаньне ў школах

З 1998 году ў Беларусі пачаўся пераход на 12-гадовае навучаньне. Выпускнікі сярэдніх школ 2010 году павінны былі б скончыць 12-ю клясу. Але за два гады да іхняга выпуску прэзыдэнт вырашыў адмяніць рэформу і скасаваць 12-гадовае навучаньне. Вучні, праграма якіх была разьлічаная на два гады, даведаліся, што мусяць засвоіць яе за адзін год.

«Пакуль схіляюся да думкі, што гэта не патрэбна... — вырашыў Аляксандар Лукашэнка. — Хутчэй за ўсё, трэба спыняцца. Неабходна канчаткова прымаць рашэньне. Нават калі мы памыліліся і гэтая памылка сёньня вельмі дорага будзе каштаваць, гэта акупіцца і будзе апраўдана ў пэрспэктыве».

12-годку тут жа скасавалі. І цяпер далёка ня кожны беларус узгадае, што некалі яна існавала.

2008 год. Забэтанаваў менскую кальцавую дарогу лішкамі цэмэнту

Цэмэнтны завод у Крычаве
Цэмэнтны завод у Крычаве

Узімку 2008 году выйшаў указ прэзыдэнта № 691 «Аб некаторых пытаньнях рэалізацыі інвэстыцыйных праектаў разьвіцьця цэмэнтнай прамысловасьці». У дакумэнце гаварылася пра пабудову новых ліній па вытворчасьці цэмэнту за кошт інвэстыцый і крэдытаў. Мадэрнізацыі падлягалі заводы ў Крычаве, Краснасельску і Касьцюковічах. Мэта — павялічыць вытворчасьць цэмэнту ў Беларусі, а таксама арганізаваць яго продаж за межы краіны. Мадэрнізаваць (а фактычна — будаваць новыя прамысловыя лініі) дазволілі без кампэнсацыі выдаткаў за высяканьне лесу і займаньне сельскагаспадарчых земляў. Усё належала зрабіць да 2010 году.

Аднак новыя лініі цалкам запусьцілі толькі ў 2012 годзе. Агулам «цэмэнтны» ўказ Лукашэнкі каштаваў 1,2 мільярда даляраў. А ўжо ў 2013 годзе стала зразумела: столькі цэмэнту Беларусі проста ня трэба. Ён абыходзіўся занадта дорага, замежных рынкаў збыту не было, атрыманыя на мадэрнізацыю крэдыты няма чым аддаваць. Празь фінансавыя праблемы прадпрыемствы пачалі звальняць супрацоўнікаў.

Яшчэ празь некалькі гадоў вакол Менску вырашаюць пабудаваць другую кальцавую з бэтонным пакрыцьцём. У лютым 2017 году Лукашэнка прызнаецца:

«Гэта была мая ідэя, маё патрабаваньне — будаваць з бэтону. Таму што я вырашыў прагматычна, нам няма куды цэмэнт падзець».

2013 год. Адправіў цягнікі ў Нацыянальны аэрапорт

Аўтобус, што падвозіў пасажыраў да цягніка
Аўтобус, што падвозіў пасажыраў да цягніка

Увесну 2013 году Лукашэнка сустрэўся з генэральным дырэктарам швайцарскай «Штадлер Рэйл Груп» Пэтэрам Шпулерам. Гаворка ішла пра пабудову ў Беларусі заводаў вырабляць швайцарскія цягнікі. Нечакана прэзыдэнт заявіў, што варта наладзіць чыгуначную сувязь паміж менскім чыгуначным вакзалам і Нацыянальным аэрапортам. «Людзі змогуць больш карыстацца паслугамі аэрапорту, таму што даехаць да яго будзе лёгка. Цяпер жа гэта пэўная праблема», — сказаў кіраўнік краіны.

Ідэю Аляксандра Лукашэнкі ператварылі ў жыцьцё крыху больш чым праз год. Першы цягнік у Нацыянальны аэрапорт паехаў 7 лістапада 2014 году. Але спыняўся ён далекавата. У канцы маршруту пасажыры мусілі перасядаць у аўтобус, які падвозіў іх ужо да самога аэрапорту.

Сакрэт быў у тым, што для арганізацыі перавозак скарысталі старую чыгуначную лінію, па якой у аэрапорт падвозілі паліва для самалётаў. Яна заканчвалася каля ангараў, а да лётнага поля не даходзіла. Чыгунку ў аэрапорце абяцалі працягнуць. Аднак спачатку вялікі прыгожы цягнік, які курсаваў на лініі, замянілі на маленькі дызэль. А ў красавіку 2017 году цягнікі з чыгуначнага вакзалу ў аэрапорт увогуле адмянілі. Афіцыйная прычына — будоўля другой узьлётна-пасадачнай паласы. Неафіцыйная — нізкі попыт на гэты транспарт сярод пасажыраў.

2017 год. Загадаў выпусьціць шакалядкі «Прэзыдэнт»

У лютым 2017 году ў беларускіх крамах нечакана зьявіліся шакалядкі пад назвай «Прэзыдэнт». На абгортцы была выява Палаца незалежнасьці. 90-грамовая навінка ўтрымлівала 72% какавы. Як выявілася, новы прадукт спэцыялістам фабрыкі «Камунарка» даручыў распрацаваць сам Аляксандар Лукашэнка. І нават паставіў умову: шакалядка не павінна ўтрымліваць цукру.

«Кажу: як хочаце рабіце! Яны мне варыянтаў 20! Ужо ня рады, што са мной зьвязаліся. Яны знайшлі тэхналёгію. Шакаляд досыць салодкі, але бяз цукру. Выкарыстоўваецца стэвія. Па-мойму, стэвія называецца. У немцаў добра разьвіта», — казаў Лукашэнка.

2017 год. Перанёс пачатак заняткаў у школе на 9 гадзіну раніцы

12 траўня 2017 году Аляксандар Лукашэнка прапанаваў дэпутатам Палаты прадстаўнікоў перанесьці пачатак навучаньня ў школах з 8 гадзіны раніцы на 9-ю.

«Усё роўна ён раней за час увечары не засьне. Як некаторыя настаўнікі кажуць: у 7 раніцы прачнецца — раней ляжа. Узгадайце сябе: часта вы раней за час клаліся спаць?» — казаў Лукашэнка.

Ужо 16 траўня ў раённых упраўленьнях адукацыі Менску прайшлі нарады, на якіх кіраўніцтву школ і гімназій рэкамэндавалі пачынаць урокі не раней за 9 гадзіну раніцы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG