Судзьдзя Натальля Герман з Маладэчанскага раённага суду задаволіла пазоў інспэктара мясцовай управы ДАІ Івана Фёдарава да журналіста Сяргея Зянько і інтэрнэт-выданьня Kraj.by аб абароне гонару, годнасьці і дзелавой рэпутацыі. Рашэньне было абвешчана 22 траўня. Суд пастанавіў спагнаць з журналістаў 300 рублёў і судовыя выдаткі. Сяргей Зянько пасьля суду сказаў, што пастанову судзьдзі яны будуць абскарджваць, таму кропку ў канфлікце ставіць рана.
Гісторыя пачалася ў студзені 2017 году, калі ў Маладэчне інспэктар ДАІ капітан Іван Фёдараў склаў пратакол аб кіраваньні аўтамабілем у нецьвярозым стане на грамадзяніна Польшчы Валянціна Шафаловіча. Як было выяўлена парушэньне правілаў дарожнага руху? Аказалася, гэта адбылося не на дарозе і ня ў выніку ДТЗ. Проста інспэктар ДАІ выклікаў Шафаловіча з дому, каб той пераставіў аўтамабіль, а потым склаў на яго пратакол за тое, што кіроўца, на ягоную думку, быў нецьвярозы. Шафаловіч гэта аспрэчвае. Паляк сьцьвярджае, што напярэдадні інцыдэнту ўжываў лекі, якія ўтрымліваюць алькаголь, але сьпіртнога ня піў. І што нібыта ён папярэджваў пра гэта міліцыянта, але той да яго не прыслухаўся.
Валянцін Шафаловіч напісаў на супрацоўніка ДАІ скаргу ў пракуратуру. Гэтая скарга і стала падставай для артыкула Сяргея Зянько ў інтэрнэт-выданьні Kraj.by. Але пазыцыю капітана міліцыі журналіст не адлюстраваў. Чаму?
«Тут такі парадак, што трэба было атрымаць камэнтар ад начальніка мясцовага ДАІ. Я да яго зьвярнуўся, але ён камэнтаваць інцыдэнт адмовіўся. Сказаў мне, каб зьвяртаўся ў пракуратуру, куды накіраваная скарга. Такім чынам, кола замкнулася. Вось я і працытаваў скаргу, а сваіх высноваў ці камэнтароў не рабіў», — кажа Сяргей Зянько.
Між тым капітан Іван Фёдараў падаў на яго ў суд і на працэсе сказаў, што выклікаў Шафаловіча на вуліцу з дому праз дамафон і ня мог бачыць, у якім ён стане, пакуль Шафаловіч ня сеў у аўтамабіль. У суд быў выкліканы напарнік міліцыянта, які словы калегі пацьвердзіў.
Журналіст Сяргей Зянько з пастановай суду нязгодны.
«Увогуле мы прасілі суд пачакаць з разглядам пазову, пакуль не разьбяруцца са скаргай паляка на міліцыянта ў пракуратуру. Бо дагэтуль ня высьветлена, хто зь іх казаў праўду пра лекі, пра дамафон, пра іншыя абставіны. Таксама мы самі скардзімся на тое, што ў ДАІ не далі камэнтар. Таму будзем гэтае рашэньне суду абскарджваць», — сказаў Сяргей Зянько карэспандэнту Свабоды.
Маладэчанскі журналіст дадаў, што з 4 тысяч рублёў, якія пазоўнік капітан Іван Фёдараў прасіў ад суду ў якасьці кампэнсацыі, прысудзілі да спагнаньня толькі 300 рублёў.
Бараніцца ў судзе Сяргею Зянько дапамагала юрыдычная служба БАЖ.