Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Глыбоцкіх журналістаў аштрафавалі за відэасюжэт пра дом без капітальнага рамонту


Зьміцер Лупач і Тацяна Смоткіна
Зьміцер Лупач і Тацяна Смоткіна

Тацяну Смоткіну і Зьмітра Лупача суд прызнаў вінаватымі ў незаконным вырабе і распаўсюдзе прадукцыі СМІ.

Незалежных журналістаў судзілі за сюжэт, паказаны на спадарожнікавым тэлеканале «Белсат», дзе апавядалася пра дом № 142 па вуліцы Леніна ў Глыбокім.

Судзьдзя Людміла Вашчанка пастанавіла пакараць Тацяну Смоткіну штрафам памерам 25 базавых (575 рублёў), а Зьмітра Лупача — на 30 базавых (690 рублёў).

Справу супраць журналістаў ініцыяваў мясцовы аддзел КДБ. Менавіта адтуль далі распараджэньне разабрацца, якім чынам інфармацыя пра пяціпавярховік, у якім 40 гадоў не было капрамонту, трапіла на тэлеканал «Белсат».

На Зьмітра Лупача ў міліцыі склалі ажно два пратаколы. Паводле міліцыянтаў, ён парушыў заканадаўства двойчы, бо жыхары дому № 142 засьведчылі, што бачылі яго ў двары два разы. Першы раз аднаго, а другі — разам з Тацянай Смоткінай.

Тацяна Смоткіна — жыхарка дому № 142, у якім не было капітальнага рамонту ад моманту пабудовы. І яна, і яе суседзі насамрэч абураныя сытуацыяй, калі грошы на рамонт яны рэгулярна пералічвалі, а службы ЖКГ цьвердзяць, што няма сродкаў. Незалежная журналістка Тацяна Смоткіна падкрэсьлівала ў судзе, што ня мае дачыненьня да «Белсату». Судзьдзю яе словы не пераканалі.

Зьміцер Лупач наогул адмовіўся даваць паказаньні падчас працэсу,бо быў упэўнены, што гэта не паўплывае на пастанову.

Абое журналістаў ўжо маюць пакараньні за прафэсійную дзейнасьць, іх прыцягвалі да адміністрацыйнай адказнасьці ў 2015 годзе. Тады Глыбоцкі суд пакараў Тацяну штрафам у 25 базавых за матэрыял «Дарогі ў Глыбокім стануць пазытыўнымі», разьмешчаны на сайце Беларускага Радыё Рацыя (Польшча).

Зьміцер Лупач быў аштрафаваны на такую ж суму за артыкул «Знайшліся сваякі памежніка, які загінуў на Глыбоччыне 17 верасьня 1939 году», разьмешчаны на сайце «Эўрарадыё». Журналістаў прызналі вінаватымі ў парушэньні заканадаўства аб СМІ за супрацоўніцтва з замежнымі сродкамі масавай інфармацыі без акрэдытацыі. Абскардзіць прысуд Глыбоцкага райсуду журналістам не ўдалося.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG