Ігар Вусік пацьвердзіў карэспандэнту Свабоды, што яго азнаёмілі з загадам аб звальненьні, а таксама разам зь ім быў звольнены ўчастковы лейтэнант міліцыі Андрэй Шашкоў, які таксама падпісваў калектыўны ліст крычаўскіх міліцыянтаў да міністра Ігара Шуневіча.
Ігар Вусік пракамэнтаваў сваё звальненьне:
«Што тут сказаць? Думаю, паступілі з намі несправядліва і не паводле закону. Па-першае, трэба глядзець, чаго пачалося. Мы праінфармавалі міністра пра парушэньні, якія адбываліся ў Крычаўскім РАУС, але фактычна тую справу замарудзілі: чатыры месяцы ідзе праверка, а выніку няма. Сказаў бы так, што адбываецца ўтойваньне парушэньняў закону. Па-другое, вось менавіта таму, што нічога не вырашалася (як працавалі тыя, пра каго мы пісалі міністру, так і працуюць), мы і мусілі зьвярнуцца да мэдыя, каб пра гэта ўсе ведалі і нешта зьмянілася. Але за гэта нас ужо звольнілі, нібыта мы парушылі службовыя інструкцыі і кантракт.
Яшчэ раз паўтару, што намі рухала менавіта жаданьне палепшыць сытуацыю ў РАУС, нікога мы не зьбіраліся дыскрэдытаваць. І ў СМІ мы зьвярнуліся проста дзеля таго, каб нас пачулі на самым высокім узроўні. Я ўжо казаў у інтэрвію „Белсату“, што на выбарах галасаваў за Аляксандра Лукашэнку, верыў, што зь ім можа нешта да лепшага зьмяніцца. Але мы ж разумелі, што да яго нас ня пусьцяць, дык вырашылі зьвярнуцца празь СМІ. Цяпер асабіста зь мяне зрабілі парушальніка, дрэннага міліцыянта, хоць яшчэ ў пачатку году начальнік РАУС адзначаў добрую працу ўчастковых на чале з Вусікам. Такім чынам, вось гэта варта падкрэсьліць: што мы дзейнічалі ў інтарэсах службы і не насуперак уладзе».
Ігар Вусік сказаў, што будзе зьвяртацца ў суд і дамагацца адмены загаду аб ягоным звальненьні. Наколькі ён ведае, так зьбіраецца дзейнічаць і ягоны калега лейтэнант Андрэй Шашкоў.