Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Крычаве звальняюць падпалкоўніка Вусіка, які абвінаваціў у паборах начальніка міліцыі


Ігар Вусік
Ігар Вусік

У крычаўскай міліцыі караюць скаржнікаў, а не начальніка, якога падначаленыя абвінавацілі ў паборах. Іх чакаюць звальненьні і «суд афіцэрскага гонару».

«Пачалася працэдура майго звальненьня. Ад сёньня лічыцца, што не працую, і цягам некалькіх дзён фармальнасьці будуць завершаныя. Фактычна мне давялося напісаць заяву аб звальненьні, а намесьнік начальніка РУУС Ціханенка і начальнік Чупрын працягваюць працаваць, нібыта нічога не было. Вось пакуль такі вынік нашай скаргі», — паведаміў Свабодзе Ігар Вусік.

Крычаў
Крычаў

Былы начальнік аддзелу прафіляктыкі Крычаўскага РУУС Ігар Вусік разам зь яшчэ 10 міліцыянтамі аддзелу зьвярнуліся да міністра ўнутраных спраў са скаргай на парадкі ў Крычаўскім РУУС і асабіста на начальніка ўпраўленьня Станіслава Чупрына. Міліцыянты даводзілі, што іх нібыта зьневажалі, прымушалі аддаваць прэміі начальству (паводле Вусіка, яму даводзілася перадаваць грошы Васілю Ціханенку), неабгрунтавана ставілі на працу ў рэжыме «ўзмацненьня» і не адпускалі зь дзяжурства, пакуль не забясьпечаць патрэбных паказчыкаў выяўленьня злачыннасьці. Скарга крычаўскіх участковых на чале зь іхным начальнікам была перададзеная для праверкі ў Магілёўскае ўпраўленьне міліцыі, дзе збольшага была прызнаная беспадстаўнай. Адзін з падпісантаў, міліцыянт Юрый Дзюбанаў, пасьля падачы скаргі быў звольнены з органаў за службовае парушэньне, з чым ён ня згодны. Ігар Вусік таксама думае, што калегу звольнілі беспадстаўна, а наступным будзе ён.

«Ведаю, што на іншых хлопцаў таксама ціснуць, каб адмовіліся ад сваіх подпісаў. Але мяркую, калі б цяпер давялося ўсё паўтарыць, ніхто б не адмовіўся. Мы ж не за нейкую рэвалюцыю. Дайце нам спакойна і нармальна працаваць, і больш нам нічога ня трэба. Не зьневажайце нас», — сказаў Ігар Вусік.

Сёньня падпалкоўніка Ігара Вусіка чакае суд афіцэрскага гонару, які склікала кіраўніцтва Крычаўскага РАУС. Вусіка могуць выключыць са складу афіцэрскага сходу.

«Цікава будзе паглядзець у вочы тым, хто за гэта будзе галасаваць. Ведаю, што некаторыя агітуюць менавіта за гэта», — сказаў Вусік.

Карэспандэнт Свабоды знарок прыехаў у Крычаў, каб сустрэцца і пагаварыць з начальнікам Крычаўскага РУУС падпалкоўнікам міліцыі Станіславам Чупрыным, але той ад размовы адмовіўся. Дзяжурны перадаў карэспандэнту словы Чупрына, што яму трэба зьвярнуцца па камэнтар у Магілёўскае ўпраўленьне міліцыі.

У Крычаве
У Крычаве

На стэндзе «Найлепшыя міліцыянты», які вісіць у будынку Крычаўскага РУУС, працягваюць вісець фотаздымкі ўчастковых, якія падпісалі скаргу на імя міністра МУС Шуневіча разам з Ігарам Вусікам. Фотаздымка Ігара Вусіка там няма.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG