Большасьць удзельнікаў афіцэрскага сходу міліцыянтаў Крычаўскага РАУС прагаласавалі за выключэньне падпалкоўніка Ігара Вусіка са складу афіцэрскага сходу. «Як чакалася, прагаласавалі за выключэньне мяне са складу сходу. Учора і пазаўчора хадзілі, усім казалі, каб галасаваць супраць мяне. Больш не магу нічога сказаць, вельмі ўсё сурʼёзна», — сказаў Свабодзе Ігар Вусік.
Напярэдадні, паводле падпалкоўніка Ігара Вусіка, ён напісаў рапарт на звальненьне. 4 траўня ў дачыненьні яго была заведзеная новая праверка наконт магчымага службовага парушэньня. Што нібыта ён «парушыў патрабаваньні ўнутраных нарматыўна-прававых актаў МУС», калі прадаставіў інфармацыю пра канфлікт у СМІ. Наконт гэтага Вусік кажа, што распавядаў журналістам пра парушэньні ў Кіраўскім РАУС выключна дзеля таго, каб гэтыя парушэньні былі выпраўленыя.
5 траўня стала вядома, як міністар унутраных спраў Ігар Шуневіч пракамэнтаваў канфлікт у Крычаўскім РАУС. Паводле БелТА, спадар міністар прызнаў, што вінаватыя ў канфлікце абодва бакі. «У выніку намі ўстаноўлена парушэньне дысцыпліны і ведамасных нарматыўных актаў як з боку кіраўніцтва райаддзелу, так і з боку скаржніка, які зьяўляецца фігурантам праверкі. У выніку абодва прыцягнутыя да дысцыплінарнай адказнасьці», — сказаў міністра ўнутраных спраў Ігар Шуневіч.
Пры гэтым Ігар Шуневіч папярэдзіў, што калі новая праверка выявіць віну Ігара Вусіка, то «ён будзе звольнены з улікам наяўнасьці ў яго дысцыплінарнага спагнаньня».
У лютым начальнік аддзелу правапарадку і прафіляктыкі Крычаўскага РАУС Ігар Вусік і яшчэ 10 міліцыянтаў, якія працуюць участковымі, зьвярнуліся са скаргай да міністра ўнутраных спраў Ігара Шуневіча. Скаржнікі наракалі на тое, што кіраўнік РАУС Станіслаў Чупрын іх зьневажае, таксама расказалі аб прымусе вяртаць начальству выплачаныя прэміі ды іншыя хібы. Аднак справа за злоўжываньні, пра якія паведамілі міліцыянты, пакуль не заведзеная, затое адзін з падпісантаў скаргі, Юры Дзюбанаў, ужо звольнены, другога, Ігара Вусіка, прымусілі, як ён кажа, падпісаць рапарт на звальненьне.