Наколькі апраўданая стратэгічная стаўка кіраўніцтва Беларусі на Кітай? Ці ўсе беларуска-кітайскія праекты ўзаемавыгадныя? Чаму падае таваразварот паміж краінамі? Ці можа Кітай стаць для Беларусі геапалітычнай процівагай Расеі? На гэтыя ды іншыя пытаньні ў перадачы «Экспэртыза Свабоды» адказваюць міжнародныя аглядальнікі Андрэй Ягораў і Андрэй Фёдараў. Вядзе перадачу Віталь Цыганкоў.
Цыганкоў: Падчас сустрэчы з старшынём Кітаю Сі Цзіньпінам Аляксандар Лукашэнка рассыпаўся ў камплімэнтах кітайскаму кіраўніцтву. Нагадаю, гэтымі днямі ў Кітаі адбываўся вялікі міжнародны форум «Адзін пояс, адзін шлях», прысьвечаны праекту пабудовы новага «шаўковага шляху» з Кітаю ў краіны Эўропы. Наколькі апраўданая стаўка цяперашняга кіраўніцтва Беларусі на стратэгічнае супрацоўніцтва з Кітаем? Чаго чакае Беларусь ад Кітаю і што можа выйсьці ў рэальнасьці?
Ягораў: Беларусь вельмі шмат чаго чакае ад супрацоўніцтва з Кітаем. Афіцыйны Менск хоча падвысіць свой міжнародны аўтарытэт праз супрацоўніцтва з Кітаем, хоча стаць правадніком кітайскіх інтарэсаў у нашым рэгіёне, праз гэта набываць большую палітычную вагу. Таксама Менск разьлічвае атрымаць з Кітаю інвэстыцыі, павялічыць экспарт і аб’ём гандлю.
Гэта ўсё апісваецца ў вельмі пазытыўных фарбах, але фактычна з гэтага мала што атрымліваецца. Аб’ёмы гандлю з Кітаем — каля 5 працэнтаў, няма росту вагі Беларусі ў кітайскім гандлі. Інвэстыцыі з Кітаю — таксама вельмі малыя грошы, каля 1 працэнта ад усіх інвэстыцыяў.
Цыганкоў: На сустрэчы з кіраўніком Кітаю Лукашэнка нават казаў, што прамову Сі ў Беларусі будуць вывучаць. Чаму ён настолькі імкнецца спадабацца кітайскім кіраўнікам? Можа, нейкія аспэкты беларуска-кітайскага супрацоўніцтва мы недастаткова заўважаем? Тое ж вайскова-тэхнічнае супрацоўніцтва, тая ж рэактыўная сыстэма залпавага агню «Палянэз»?
Ягораў: Так, існуе даволі шмат вельмі важных кірункаў супрацы з Кітаем — беларуска-кітайскі індустрыяльны парк, продаж беларускіх калійных угнаеньняў, вайскова-стратэгічны кампанэнт (тыя ж «Палянэзы»).
Я проста кажу, што ў рыторыцы гэта выглядае значна больш сур’ёзна, чым у рэальнасьці. Бо аб’ёмы супрацы з Эўразьвязам, які нібыта «кепскі» і нічога Беларусі не дае — у 10 разоў большыя ў параўнаньні з Кітаем. Калі ж паглядзець павязанасьць навуковай структуры Беларусі з Эўразьвязам і ўключанасьць беларускіх навукоўцаў у супрацу з эўрапейскімі інстытуцыямі, то яны будуць значна большыя, чым з Кітаем.
Цыганкоў: Лукашэнка ўжо дзясяты раз наведаў Кітай. Акрамя Расеі, ні ў якую іншую краіну ён ня езьдзіў часьцей.
Фёдараў: У палітычным сэнсе ў адносінах Менску з Кітаем і Расеяй ёсьць пэўныя падабенствы. І Масква, і Пэкін не патрабуюць ніякіх рухаў да дэмакратыі і правоў чалавека. З гэтага пункту гледжаньня беларускае кіраўніцтва мае карт-блянш. Што тычыцца эканомікі, дык тут існуюць значныя адрозьненьні. Расея нам у значнай ступені кампэнсуе адмоўнае сальда ў гандлі тым, што танна прадае энэрганосьбіты і адкрывае свой рынак для беларускіх тавараў.
Што тычыцца Кітаю, то ёсьць спадзяваньні, што ён будзе і далей расьці эканамічна, і гэты залаты дождж пральецца часткова і на Беларусь. Але пакуль — гандаль з Кітаем пакрысе расьце, але расьце і адмоўнае сальда. Мы прадаём у Кітай у асноўным калійныя ўгнаеньні. Крэдыты нам даюць зьвязаныя — то бок грошы разам з кітайскімі тэхналёгіямі, працоўнай сілай і абсталяваньнем, якое не заўсёды бывае найвышэйшай якасьці. То бок лічыць кітайскі напрамак панацэяй не выпадае.
Што тычыцца Кітаю, то ёсьць спадзяваньні, што ён будзе і далей расьці эканамічна, і гэты залаты дождж пральецца часткова і на Беларусь.
Цыганкоў: Беларуская замежная палітыка пэўны час мела выключна эканамічную накіраванасьць, галоўнай задачай для амбасадаў было нарошчваць экспарт беларускіх тавараў. А ў выпадку з Кітаем зусім іншая сытуацыя — палітычнае партнэрства расьце, а гандлёвае сальда ідзе толькі ў мінус. Дык чаму Беларусь так імкнецца ў Кітай, на што спадзяваньні?
Ягораў: Шмат розных спадзеваў. Беларускія кампаніі, вытворцы малочных прадуктаў, кандытарскіх вырабаў атрымалі магчымасьць паставак на кітайскі рынак. Але пакуль гэта не прывяло да росту беларускага экспарту. Спадзеў ёсьць таксама на тое, што гэты вялікі праект «Шаўковы шлях» дасьць магчымасьць атрымаць новыя інвэстыцыі ад Кітаю. Нават, я думаю, ёсьць спадзевы, што Кітай у выпадку чаго можа закінуць слова за Беларусь у канфлікце з Расеяй. Калі гэта будзе тычыцца стратэгічных інтарэсаў Кітаю ў падтрымцы інфраструктуры «Шаўковага шляху».
Цыганкоў: Няўжо ў Менску спадзяюцца, што Кітай можа стаць геапалітычнай процівагай Расеі для Беларусі? Ці будзе Кітай у выпадку нейкага канфлікту стаяць на баку Беларусі, ці можна такое ўявіць хаця б тэарэтычна?
Ягораў: Я думаю, такую сытуацыю можна тэарэтычна ўявіць — толькі ў тым выпадку, калі інфраструктура «Шаўковага шляху» будзе адбудаваная. І тады канфлікты паміж краінамі, па тэрыторыі якіх праходзіць гэты шлях, будуць пагражаць стабільнасьці нейкіх гандлёвых плянаў Кітаю. Тады ён будзе мець нейкі інтарэс на ўмяшаньне. Але пакуль гэта вельмі далёкая і тэарэтычная пэрспэктыва.
«Шаўковы шлях» — тут шмат чаго пакуль не зразумела. Нават самі кітайцы пакуль называюць яго не праектам, а толькі «ініцыятывай».
Фёдараў: Я, шчыра кажучы, ня бачу тут вялікіх пэрспэктываў. Ня трэба забывацца аб простым геаграфічным чыньніку. Кітай ад Беларусі надта далёка, каб сур’ёзна ўплываць на нашы адносіны з Расеяй.
«Шаўковы шлях» — тут шмат чаго пакуль не зразумела. Нават самі кітайцы пакуль называюць яго не праектам, а толькі «ініцыятывай». Асноўная мэта — паскорыць пастаўкі кітайскіх тавараў у Эўропу. Але дзеля гэтага распрацоўваецца некалькі (падкрэсьлю) маршрутаў, і адзін зь іх могуць правесьці празь Беларусь. Цяпер толькі 1,6 працэнта кітайскіх тавараў ідзе праз Расею, празь Беларусь яшчэ меней.
Будзе гэта вельмі няхутка, праект разьлічаны на 30 гадоў, там шмат нявырашаных праблемаў, і невядома, што адбудзецца за гэты час, ці будуць настолькі патрэбныя кітайскія тавары Эўропе. А беларуская эканоміка ў глыбокім крызісе ўжо цяпер.