Паведамляецца, што мяркуецца разгледзець прапановы ад спартовых фэдэрацый наконт кандыдатаў на атрыманьне стыпэндый Алімпійскай салідарнасьці Міжнароднага алімпійскага камітэту да гульняў у Токіё-2020.
Таксама неабходна ўхваліць рашэньне аб удзеле НАК Беларусі ў якасьці аднаго з заснавальнікаў фонду «Дырэкцыя II Эўрапейскіх гульняў 2019 году», якія пройдуць у Менску.
Апроч таго, Лукашэнка мусіць ухваліць некаторыя кадравыя рашэньні. У канцы красавіка крэсла першага віцэ-прэзыдэнта Нацыянальнага алімпійскага камітэту пакінуў Максім Рыжанкоў. Фармальная прычына — каб засяродзіцца на працы першага намесьніка кіраўніка Адміністрацыі прэзыдэнта.
Вакантнае месца заняў цяперашні дырэктар Рэспубліканскага цэнтру алімпійскай падрыхтоўкі «Раўбічы» Андрэй Асташэвіч, вядомы яшчэ як форвард хакейнай каманды вэтэранаў, у якой Лукашэнка нязьменным капітанам.
На перакананьне экспэртаў, кадравыя зьмены прысьпешыла крытыка ў адрас спартовых чыноўнікаў і функцыянэраў, якая за апошні час неаднаразова гучала з боку Лукашэнкі. У прыватнасьці, ён назваў «агіднай» працу ў спорце высокіх дасягненьняў, паабяцаўшы кардынальна рэфармаваць профільныя фэдэрацыі і Нацыянальны алімпійскі камітэт, а таксама прыстрашыў, што пакарае вінаватых за дрэнную падрыхтоўку ў дзіцяча-юнацкіх школах.
Другой асобай у НАК Максім Рыжанкоў быў цягам трох гадоў, ён прыняў галоўны ўдар за правальны выступ беларускіх атлетаў на леташняй Алімпіядзе ў Рыё-дэ-Жанэйра. Менавіта пасьля гэтага пачалі хадзіць чуткі, што ягоны сыход з пасады першага намесьніка кіраўніка НАК — пытаньне часу. Рыжанкоў яшчэ застаецца старшынём Беларускай фэдэрацыі баскетболу.
Перавыбараў прэзыдэнта НАК на гэтым сходзе ня будзе, паўнамоцтвы Аляксандра Лукашэнкі на гэтай пасадзе сканчаюцца ў 2018 годзе.