Пастанову вынесла судзьдзя Сьвятлана Мятлёнак зь Ленінскага раённага суду Менску. На суд вядомы паэт і палітык не зьявіўся, і судзілі яго завочна.
Паводле міліцэйскага пратаколу, Уладзімер Някляеў падчас мітынгу на прыступках Палаца Рэспублікі выкрыкваў у мэгафон лёзунгі «Жыве Беларусь!» і «Баста!», а потым прыняў удзел у несанкцыянаваным шэсьці па ходніках праспэкту Незалежнасьці.
Прагляд відэа зь месца падзеяў дадаў суду інфармацыі пра тое, што казаў паэт, зьвяртаючыся да мітынгоўцаў.
«Беларусь гатовая да зьменаў і гатовая для новага жыцьця, і тое, што мы сёньня тут, пра гэта сьведчыць», — гучаў голас Уладзімера Някляева. Таксама палітык заклікаў да салідарнасьці з актывістамі, якіх затрымалі ў так званай «справе патрыётаў», і да адмены дэкрэта № 3 Аляксандра Лукашэнкі. Падчас прагляду судом відэа было таксама чуваць, як мітынгоўцы крычалі «Баста рэжыму Лукашэнкі» і «Баста рэжыму МУС».
Уладзімер Някляеў на мінулым тыдні выйшаў з ізалятару на Акрэсьціна, дзе адбываў 5 сутак адміністрацыйнага арышту за ўдзел ў несанкцыянаванай акцыі. Адразу па выхадзе зь вязьніцы палітыку ўручылі позву ў Ленінскі суд на 17 траўня і папярэдзілі, што зноў будзе арыштаваны.