Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вандалаў, якія апаганілі знак ахвярам Галакосту ў Магілёве, суд пакінуў у няволі


Суд над прыхільнікамі нацыянал-сацыялізму за апаганьваньне памятнага знаку ахвярам Галакосту. Магілёў, 20 лютага 2017 году
Суд над прыхільнікамі нацыянал-сацыялізму за апаганьваньне памятнага знаку ахвярам Галакосту. Магілёў, 20 лютага 2017 году

Магілёўскі абласны суд пакінуў у сіле пакараньне двум жыхарам Магілёва, якія летась апаганілі памятны знак ахвярам Галакосту.

Леаніда Карпечанку, які заяўляў пра сваю прыхільнасьць да нацыянал-сацыялістычных ідэяў, Ленінскі суд Магілёва прызнаў вінаватым у злосным хуліганстве і ўцягваньні ў злачынства непаўналетніх. Яму прысудзілі два з паловай гады калёніяў агульнага рэжыму. Аляксею Мітрафанаву далі паўтара года за злоснае хуліганства. Абодва, паводле выраку, папярэдне змовіўшыся, аблілі памятны знак чорнай фарбаю.

Саміх хлопцаў, асуджаных Ленінскім судом, на разглядзе скаргаў не было. Судзілі іх 20 лютага.

Мітрафанаў у сваёй скарзе настойваў, што органы папярэдняга расьсьледаваньня няслушна кваліфікавалі ягоныя дзеяньні і што асуджаны ён незаконна. Ён даводзіў, што ў ягоных дзеяньнях не было парушэньня грамадзкага правапарадку, грубага цынізму і пашкоджаньня маёмасьці. Хлопец сьцьвярджаў у скарзе, што непасрэдна ў абліваньні памятнага знаку ня ўдзельнічаў, а толькі назіраў за абстаноўкай. Паводле яго, суд не ўлічыў, што на момант зьдзяйсьненьня супрацьпраўнага ўчынку ён ня быў паўналетнім. Мітрафанаў прасіў абласны суд перакваліфікаваць ягоныя дзеяньні на апаганьваньне будынкаў або іншых збудаваньняў пры адсутнасьці больш цяжкога злачынства.

Карпечанка таксама не пагадзіўся з інкрымінаваным яму злачынствам. У скарзе ён прызнаў, што апаганіў памятны знак, «паколькі раней прытрымліваўся нацыяналістычных ідэяў». Хлопец настойваў, што ня ўцягваў непаўналетніх у супрацьпраўныя дзеяньні. Як і Мітрафанаў, ён лічыць, што суму кампэнсацыі за шкоду, нанесеную памятнаму знаку, ім выставілі завысокую. Абодва маюць сплаціць у салідарным парадку 500 рублёў.

Адвакат Карпечанкі ў сваім выступе заявіў, што дзеяньні ягонага падабароннага не падпадаюць пад крымінальны перасьлед. Ва ўчынку Карпечанкі, настойваў адвакат, не было прыкмет «выключнага цынізму».

Дзяржаўны абвінаваўца падтрымала прысуд Ленінскага суду Магілёва. Паводле пракурора, віна Карпечанкі і Мітрафанава даказаная.

«Учынак абвінавачаных быў зьдзейсьнены ў грамадзкім месцы. І нягледзячы на тое, што гэта быў начны час, калі не было староньніх асобаў, яго зьдзейсьнілі з намерам, каб яго вынік меў шырокі розгалас сярод жыхароў Магілёва», — казала дзяржаўны абвінаваўца.

«Гэтыя асобы заслугоўваюць прызначанага пакараньня ў выглядзе пазбаўленьня волі, — сказала пракурор. — Падставаў для зьмякчэньня пакараньня няма. Прашу вырак Ленінскага суду ў адносінах да абвінавачаных пакінуць у сіле».

Калегія абласнога суду ня стала адмяняць вырак судзьдзі Ігара Шведава і пакінула касацыйную скаргу Карпечанкі і Мітрафанава без задавальненьня.

Суд не дапусьціў у якасьці абаронцы інтарэсаў Мітрафанава ягоную бабулю, паколькі яна ня ўдзельнік працэсу. З вынікам разгляду касацыйнай скаргі ўнука жанчына не пагадзілася і назвала яго свавольным. Паводле яе, хлопца, які толькі пачынае дарослае жыцьцё, пакаралі празьмерна жорстка.

«Якім ён выйдзе з зоны? Яны не ішлі па гэтых артыкулах. Мне дзіця шкада», — казала пасьля суду Валянціна Мітрафанава.

Яна настойвае, што хлопцаў падбілі на апаганьваньне памятнага знаку:

«Яны гэтага чалавека ўтойваюць, бо ім пагражалі сьмерцю блізкіх. Да сутнасьці справы ніхто не дакопваўся, бо нікому гэтага не было патрэбна. Проста знайшлі ахвярных казлоў, і ўсё на гэтым», — казала журналістам жанчына.

Падчас разгляду справы ў Ленінскім судзе прадстаўнікі габрэйскай грамады прасілі, каб абвінавачаных не каралі пазбаўленьнем волі. На думку некаторых прысутных на працэсе габрэяў, сьледзтва ня выявіла карані ўчынку маладых прыхільнікаў нацыянал-сацыялізму.

«За сьпінамі асуджаных праглядаюцца дарослыя людзі, злачынная арганізацыя і замежнае фінансаваньне», — казаў адзін зь іх

У абліваньні памятнага знаку ўдзельнічалі трое маладых людзей. Непаўналетняму Станіславу Панамарэнку далі паўтара года з адтэрміноўкай на два гады. Яго вызвалілі з-пад варты ў залі суду.

Акт вандалізму супраць памятнага знаку «Габрэям — ахвярам нацызму» быў учынены 19 лістапада 2016 году а трэцяй гадзіне ночы. Паводле матэрыялаў справы, ініцыятарам апаганьваньня памятнага знаку «Габрэям — ахвярам нацызму» быў дзевятнаццацігадовы жыхар Магілёва Леанід Карпечанка. Ён падбіў на злачынства непаўналетніх Станіслава Панамарэнку ды Аляксея Мітрафанава.

Трое асуджаных павінны выплаціць 1000 рублёў за шкоду, нанесеную памятнаму знаку. 500 рублёў выплаціў да разгляду справы ў Ленінскім судзе Панамарэнка.

На судзе першай інстанцыі Карпечанка назваў сябе прыхільнікам «нацыянал-сацыялістычных ідэяў», але ў той жа час прызнаў, што яны памылковыя — зразумеў ён гэта, седзячы ў сьледчым ізалятары. Гэтыя ідэі, паводле хлопца, зьядналі яго з Панамарэнкам і Мітрафанавым. Як вынікала з матэрыялаў справы, арганізатарам злачыннай групоўкі быў Леанід Карпечанка. Ён разьмеркаваў ролі ў справе апаганьваньня памятнага знаку. Падчас вобшуку ў яго знайшлі шэсьць плякатаў «За Белую Россию».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG