Лінкі ўнівэрсальнага доступу

OCCRP: За Паўлам Шараметам перад забойствам сачыла СБУ


Павел Шарамет
Павел Шарамет

Супрацоўнікі Службы бясьпекі Украіны (СБУ) сачылі за журналістам Паўлам Шараметам перад яго забойствам, маглі быць сьведкамі закладаньня бомбы ў машыну. Пра гэта заявілі ў Цэнтры па дасьледаваньні карупцыі і арганізаванай злачыннасьці (OCCRP).

Паводле дасьледчыкаў, яны прыйшлі да такіх высноваў, прааналізаваўшы раней не апублікаваныя відэазапісы, а таксама пагутарыўшы са сьведкамі гібелі Шарамета. У OCCRP адзначаюць, што ўкраінская паліцыя хавала зьвесткі пра сачэньне за журналістам.

У фільме сьцьвярджаецца, што падазроныя людзі прыбылі да дому Шарамета ўночы напярэдадні забойства, каб сачыць за журналістам, верагодна, прысутнічалі ў час, калі закладалася бомба. З дапамогай валянтэраў Bellingcat быў вызначаны нумар машыны, на якой яны прыбылі, а таксама ўладальнік машыны, празь якога быў ідэнтыфікаваны былы супрацоўнік СБУ, які знаходзіўся пад домам Шарамета ў ноч перад забойствам. Той цьмяна пракамэнтаваў сваю прысутнасьць там.

«Супрацоўніка СБУ», які, паводле вэрсіі журналістаў, сачыў за Шараметам, звольнілі ў 2014-м

Павел Шарамет загінуў 20 ліпеня мінулага года ў цэнтры Кіева. У аўтамабілі, якім ён кіраваў, спрацавала самаробнае выбуховае прыстасаваньне. Пры гэтым сам аўтамабіль належаў Алене Прытуле — уладальніцы інтэрнэт-выданьня «Украінская праўда».

Кіраўнік Міністэрства ўнутраных спраў Украіны Арсен Авакаў заяўляў, што да гібелі журналіста могуць быць датычныя расейскія спэцслужбы. Гэтую вэрсію ў Міністэрстве замежных спраў Расеі раней назвалі праявай «русафобіі». У гібелі Шарамета ведамства абвінаваціла ўкраінскія ўлады, якія, як заяўляе Масква, «ня здолелі гарантаваць бясьпеку» журналіста.

Украінская паліцыя дагэтуль не змагла ўстанавіць асобы злачынцаў, якія маюць дачыненьне да гібелі Паўла Шарамета. У СБУ апошні раз камэнтавалі расьсьледаваньне гэтай крымінальнай справы ў красавіку 2017 года. Прадстаўнікі спэцслужбы тады заявілі, што ім няма чаго паведаміць грамадзкасьці, бо сьледзтва працягваецца.

Прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка раней заяўляў, што расьсьледаваньне забойства Шарамета — «справа гонару», заклікаў да адкрытага і празрыстага расьсьледаваньня.

Цэнтар па дасьледаваньні карупцыі і арганізаванай злачыннасьці (OCCRP) — няўрадавая арганізацыя, якая праводзіць ўласныя расьсьледаваньні, у тым ліку з дапамогай незалежных журналістаў. Адно з апошніх расьсьледаваньняў тычылася карупцыі ў найвышэйшых эшалёнах улады Расеі. Летась Цэнтар быў уганараваны амэрыканскай прэміяй імя Тома Рэнэра за рэалізацыю «Праекту Хадзіджа», які працягвае пачатае асуджанай журналісткай Хадзіджай Ісмаілавай расьсьледаваньне карупцыі ў Азэрбайджане.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG