Ленінскі суд Магілёва не задаволіў скаргі праваабаронцы Аляксандра Хамратава на мясцовую міліцыю, якая адмовілася прыцягваць да адміністрацыйнай адказнасьці дэпутата Палаты прадстаўнікоў Ігара Марзалюка за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі пратэсту. Паводле міліцыянтаў, у дзеяньнях Марзалюка ня выяўлена складу правапарушэньня.
У той жа час, абгрунтоўвае свае прэтэнзіі праваабаронца, за ўдзел 15 сакавіка ў магілёўскім «Маршы недармаедаў» былі затрыманыя і пакараныя штрафамі ды адміністрацыйным арыштам дзесяць чалавек. Такую сытуацыю Аляксандар Хамратаў назваў «прававой дыскрымінацыяй».
«Грамадзяне, якія нароўні з Марзалюком выступалі, выказваючы сваё меркаваньне (такое права ім гарантуецца Канстытуцыяй і міжнароднымі прававымі актамі), былі прызнаныя вінаватымі ў зьдзяйсьненьні правапарушэньня за арганізацыю несанкцыянаванага мерапрыемства і ўдзел у ім, — заявіў судзьдзі Ірыне Ланчавай праваабаронца. — Таму я зьвярнуўся ў РАУС. Але там сьцьвярджаюць, што ў дзеяньнях Марзалюка няма складу правапарушэньня. Аднак паўстае пытаньне: чаму іншыя ўдзельнікі панесьлі пакараньне?»
Самога дэпутата Марзалюка на разглядзе пададзенай праваабаронцам скаргі не было. У сваім тлумачэньні для міліцыі дэпутат Палаты прадстаўнікоў удзел у акцыі пратэсту называе «сустрэчай з грамадзянамі». Ён сьцьвярджае, што мітынгоўцы, калі яму далі мэгафон, ужо зьбіраліся ісьці да плошчы Зор, і гаварыць яму давялося «з тымі, хто застаўся».
Судзьдзя Ірына Ланчава не задаволіла скаргу Аляксандра Хамратава. Ёю праваабаронца намагаўся адмяніць пастанову Ленінскага аддзелу міліцыі аб спыненьні справы супраць Марзалюка і накіраваць справу на новы разгляд. На думку актывіста, міліцыя спыніла справу неабгрунтавана і незаконна. У сваім рашэньні Ланчава адзначыла, што пастанова міліцыі вынесена законна з улікам «канкрэтных акалічнасьцяў справы». Паводле судзьдзі, «факт зьдзяйсьненьня Марзалюком правапарушэньня свайго пацьверджаньня не знайшоў».
Для праваабаронцы рашэньне судзьдзі Ланчавай было чаканым. «Я быў бы зьдзіўлены, калі б рашэньне было іншае. Усё было настолькі прадказальна і найграна, што не было сумневаў у тым, які будзе прысуд», — сказаў праваабаронца па заканчэньні суду.
Ён сказаў, што ўмысьля зьвярнуўся ў суд, каб паказаць грамадзтву дваістыя стандарты ў прыняцьці рашэньняў судамі і міліцыяй. Актывіст зьбіраецца абскардзіць пастанову міліцыі ў вышэйшыя судовыя інстанцыі.
«Я хачу паглядзець, наколькі сапсаваная наша сыстэма. І каб мяне не зьвінавацілі ў тым, чаму я не абскардзіў гэтае рашэньне. Калі ў мяне будзе адказ зь Вярхоўнага суду, тады можна будзе гаварыць пра цалкам прагнілую судовую сыстэму», — казаў Аляксандар Харматаў
Паводле праваабаронцы, 15 сакавіка Ірына Ланчава пакарала 15 суткамі арышту кіраўніка абласной арганізацыі Абʼяднанай грамадзянскай партыі Ўладзімера Шанцава за такія самыя дзеяньні, якія рабіў і Марзалюк.