Пра гэта дэпутат паведаміў у адказ на зварот да яго магілёўскіх праваабаронцаў Аляксандра Буракова, Барыса Бухеля і Аляксея Колчына. Яны, у прыватнасьці, прасілі дапамагчы ў вызваленьні і рэабілітацыі асуджаных удзельнікаў акцыі.
Як паведамлялася, у чарговай акцыі супраць дэкрэта № 3 «аб дармаедах» у Магілёве 15 сакавіка ўзялі ўдзел ад 300 да 500 чалавек, у тым ліку Марзалюк, які выступіў перад прысутнымі. Пасьля акцыі прыблізна 10 чалавек былі з выкарыстаньнем сілы затрыманыя, а пасьля асуджаныя. Двое з іх, Зьміцер Люнтаў і Алег Мяцеліца, арыштаваныя на 15 і 12 сутак адпаведна.
У сваім адказе Марзалюк піша, што калі затрыманыя парушылі заканадаўства, то адміністрацыйнае спагнаньне накладзенае на іх правамернае і меры па іх вызваленьні і рэабілітацыі ня могуць быць прынятыя.
Пры гэтым Марзалюк пакінуў без адказу пытаньне аўтараў звароту, ці лічыць ён справядлівым, што ўдзельнікаў мітынгу ў Магілёве 15 сакавіка, на якім выступаў дэпутат, пакаралі штрафамі і арыштамі, нягледзячы на яго словы аб дэмакратыі і захаваньні правоў чалавека.
Адказ Марзалюк даў на расейскай мове, нягледзячы на тое што заканадаўства аб зваротах грамадзян абавязвае даваць адказ на мове звароту, у гэтым выпадку беларускай. Як паведаміў БелаПАН Аляксандр Буракоў, верагодна, праваабаронцы зьвернуцца ў адпаведныя органы, каб прыцягнуць дэпутата да адказнасьці за парушэньне заканадаўства.
Зараз іншы магілёўскі праваабаронца, Аляксандр Хамратаў, запатрабаваў ад міліцыі прыцягнуць да адміністрацыйнай адказнасьці Ігара Марзалюка за ўдзел у несанкцыянаваным мітынгу супраць дэкрэта прэзыдэнта № 3. Органы правапарадку пачалі дадатковую праверку дзеяньняў дэпутата падчас несанкцыянаванага мітынгу ў Магілёве.