Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Мітынг дазволілі — і абуваюць у лапці», — Юры Глушакоў


Першатравеньскі мітынг у Гомлі
Першатравеньскі мітынг у Гомлі

Гомельскі грамадзкі актывіст, прадстаўнік партыі «Зялёныя» Юры Глушакоў шукае грошы, каб цягам дзесяці дзён цалкам разьлічыцца за першатравеньскі мітынг, правесьці які яму дазволіў гарвыканкам.

«Агулам за аднагадзінны мітынг я мушу заплаціць 371 рубель: мэдыкам — 29 рублёў, камунальнікам — 46, міліцыі — 296 рублёў. Такая вось дэмакратыя: хочаш сказаць слова — заплаці грошы. Мы ж і без таго плацім падаткі на ўтрыманьне ўсіх гэтых службаў. Іначай як абдзіралаўкай гэта не назавеш. Абуваюць людзей у лапці», — кажа Юры Глушакоў.

«На папярэдняй сустрэчы ў міліцыі мяне запэўнівалі, што дзеяньні супрацоўнікаў будуць карэктнымі, а „дзейнічаць“ яны пачнуць, хіба толькі калі заўважаць нейкі гвалт або пачуюць „нацысцкія лёзунгі“. Наяве аказалася іначай», — тлумачыць Юры Глушакоў.

Пляцоўку міліцыя абнесла турнікетамі. На двух уваходах усталявалі відэакамэры. Кожнага, хто меўся зайсьці ўсярэдзіну, пільна аглядалі. Абмацвалі ня толькі адзеньне, а й тулава з галавы да ног. Афіцыйны прадстаўнік прэс-службы УУС Гомельскага аблвыканкаму асабіста фатаграфаваў мітынгоўцаў.

«Не далі пранесьці плякаты супраць беспрацоўя і карупцыі», — абураўся сябра партыі левых «Справядлівы сьвет» Уладзімер Сякерка.

«Мяне не пусьцілі з газэтамі «Новы час», — кажа гомельскі распаўсюднік незалежных выданьняў Аляксандар Процка.

Падчас мітынгу да ДК прыехаў зь Менску сустаршыня стваранай партыі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя», экс-кандыдат на прэзыдэнта Віталь Рымашэўскі — яму забаранілі ўнесьці ў сярэдзіну загародкі бел-чырвона-белы сьцяг. Пакінуўшы сьцяг у сваіх паплечнікаў, Рымашэўскі пасьля асабістага агляду зайшоў з мэгафонам да мітынгоўцаў — пераважна прадстаўнікоў «Зялёных» і «Справядлівага сьвету». І нават пагутарыў з прысутным тут намесьнікам старшыні гарвыканкаму па ідэалёгіі Віталём Атаманчуком.

Віталь Рымашэўскі і Віталь Атаманчук
Віталь Рымашэўскі і Віталь Атаманчук

«Дык вы ня супраць, каб тут быў бел-чырвона-белы сьцяг? Гэта ж наш гістарычны сьцяг, пад ім Аляксандар Лукашэнка ў 1994 годзе прымаў прысягу як прэзыдэнт», — казаў Віталь Рымашэўскі свайму цёзку Атаманчуку.

«Парадак забясьпечвае міліцыя — яны вырашаюць», — ухіліўся ад адказу намесьнік старшыні.

У выніку міліцэйскіх захадаў усярэдзіну загародкі зайшлі дзясяткі тры чалавек, уключна з журналістамі. Яшчэ каля сотні гараджанаў сабраліся каля двух уваходаў, не рызыкуючы распранацца і даваць сябе абмацваць пад абʼектывамі відэакамэраў.

«І гэта свабода? Гэта дэмакратыя? Во дажыліся!» — абураўся колішні супрацоўнік гарвыканкаму, які цяпер на пэнсіі.

Мітынгоўцы прагаласавалі за поўнае скасаваньне дэкрэту № 3, адмену падвышэньня пэнсійнага ўзросту, вяртаньне ў працоўны стаж тэрміну службы ў войску, навучаньня ў ВНУ і знаходжаньня ў дэкрэтным адпачынку. Патрабавалася адмяніць прымусовую кантрактную сыстэму, увесьці прагрэсіўны падатак на буйныя даходы і нерухомасьць, сацыяльна абараняць чалавека працы не на словах, а на справе.

Віталь Рымашэўскі заклікаў выказаць ганьбу тым чыноўнікам і міліцыянтам, якія забараняюць людзям сабрацца на цэнтральных плошчах, хапаюць іх, калі яны кіруюцца на мірныя сходы. Грамада скандавала: «Ганьба!», а яшчэ «Не баімся!», «Жыве Беларусь!».

А пасьля мітынгу пачаўся «хапун». За разгорнуты бел-чырвона-белы сьцяг затрымалі гомельскага палітыка, намесьніка старшыні АГП Васіля Палякова. Ён не заходзіў усярэдзіну загародкі, а стаяў побач зь беларускім гістарычным сьцягам. 2 траўня Палякова на падставе міліцэйскіх пратаколаў асудзілі на 15 сутак за парушэньне парадку арганізацыі масавага мерапрыемства і непадпарадкаваньне.

На пераходзе праз Юбілейную вуліцу міліцыя схапіла журналістку-фрылансэра Ларысу Шчыракову. Міліцэйская машына спынілася, адтуль выскачылі людзі ў цывільным і адвезьлі журналістку ў Чыгуначны РАУС. Там супраць Шчыраковай склалі адміністрацыйны пратакол паводле артыкула 22.9 — за стрым дазволенага мітынгу.

Затрымана была і Марына Драбышэўская, яшчэ адна журналістка-фрылансэр, якая супрацоўнічае з газэтай «Новы час». Супраць яе таксама склалі пратакол па артыкуле 22.9 — нібыта за незаконны выраб прадукцыі СМІ.

Не даехалі да мітынгу 1 траўня Андрэй Макараў, Барыс Анікееў, Віктар Рубцоў — іх прэвэнтыўна затрымлівалі з надуманых прычын і дастаўлялі ў пастарункі «для гутаркі». Інваліда савецкай арміі Макарава нават вінавацілі ў крадзяжы ровара.

Напярэдадні 1 траўня ў Навабеліцкім раёне амапаўцы затрымалі нібыта за нецэнзурную лаянку і прэвэнтыўна адправілі за краты журналіста-фрылансэра Яўгена Меркіса, які меўся весьці онлайн-трансляцыю дазволенага мітынгу.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG