З турмы прывезьлі Севярынца і Вінярскага
У Цэнтральны райсуд Менску прывезьлі актывістаў Паўла Севярынца і Максіма Вінярскага, затрыманых пасьля несанкцыянаванай акцыі на 1 траўня, якая прайшла ў цэнтры Менску. Пакуль іх трымаюць ў міліцэйскім аўтамабілі. Хто іх будзе судзіць, невядома.
Меркіс назваў абвінавачваньне хлусьлівым
Гомель. У судзе журналіст Яўген Меркіс не прызнаў абвінавачваньне, назваўшы яго хлусьлівым.
2 траўня ў Навабеліцкім судзе Гомлю разглядаецца адміністрацыйны пратакол за дробнае хуліганства (артыкул 17.1 КаАП) у дачыненьні да журналіста-фрылансэра, сябра БАЖ Яўгена Меркіса.
Міліцыянты затрымалі журналіста 30 красавіка, калі ён выйшаў з дому, і абвінавацілі ў нецэнзурнай лаянцы. Пра сваё затрыманьне Яўген Меркіс пасьпеў даслаць сябрам SMS.
Журналіста Меркіса аштрафавалі за лаянку
Гомель. Яўгена Меркіса судзьдзя Сяргей Новікаў аштрафаваў на 5 базавых велічыняў.
Яўген Меркіс заявіў, што адміністрацыйны пратакол грунтуецца на цалкам сфальшаваных абвінавачваньнях: «Бачыце, я, беларускамоўны чалавек з вышэйшай адукацыяй, скончыў БДУ, працаваў настаўнікам, — у двары, дзе гуляюць дзеці, перайшоў раптам на рускую мову, каб нецэнзурна лаяцца».
За стрым акцыяў пратэсту «недармаедаў» у Рагачове, Магілёве і Пінску сёлета Меркіса агулам аштрафавалі на 70 базавых велічыняў. Некалькі дзён таму Яўген вёў анлайн-трансьляцыю выхаду на волю з ізалятару гомельскага блогера Максіма Філіповіча.
Севярынца і Вінярскага судзяць за акцыю 1 траўня
Менск. Судзіць Паўла Севярынца ў судзе Цэнтральнага раёну судзьдзя Вікторыя Шабуня, Максіма Вінярскага — судзьдзя Міхаіл Хома.
Падтрымаць актывістаў прыйшлі палітыкі Віталь Рымашэўскі, Юрась Губарэвіч, Анатоль Лябедзька. Паводле Юрася Губарэвіча ўчора былі затрыманыя актывісты руху «За свабоду» ды іншых арганізацыяў у Берасьцейскай, Гарадзенскай абласьцях і Гомлі. Гэта Казакевіч У Баранавічах, Рамановіч у Пінску, Кабанаў і Абрамава ў Брэсьце, Палякоў у Гомлі, Масюк у Слоніме ды іншыя.
Пачаўся суд на Вінярскім
Менск. Цэнтральны раённы суд. Пачаўся адміністратыўны працэс над апазыцыйным актывістам Максімам Вінярскім. Яго вінавацяць ва ўдзеле ў акцыі 1 траўня ў Менску.
Пачатак суду над Паўлам Севярынцам зацягваецца
Менск. Цэнтральны раённы суд. Паўла Севярынца вырашылі судзіць паводле яшчэ аднаго пратаколу, які мусяць прывезьці з Маскоўскага РУУС. Што гэта за пратакол, у судзе пакуль ня ведаюць. Калі пратакол прывязуць цягам паўгадзіны, суд адбудзецца да абеду, калі не пасьпеюць за гэты час, дык пасьля абеду. Гэта судзьдзя Шабуня сказала адвакату Севярынца.
Вінярскі патрабуе адваката
Менск. Цэнтральны раённы суд. Максім Вінярскі выказаў адвод судзьдзі Міхаілу Хоме, сказаў, што не давярае яму, бо той неаб’ектыўны, але судзьдзя адвод адхіліў.
Цяпер у працэсе над Вінярскім абвешчаны перапынак, бо актывіст запатрабаваў адваката.
Вінярскі пакараны 15 суткамі арышту
Менск. Цэнтральны раённы суд пакараў актывіста апазыцыі Максіма Вінярскага 15 суткамі арышту.
Вырак вынес судзьдзя Міхаіл Хома. Максім Вінярскі прызнаны вінаватым ва ўдзеле ў несанкцыянаванай акцыі 1 траўня ў Менску.
Вінярскі абвясьціў галадоўку
Пасьля абвяшчэньня прысуду Вінярскі заявіў у зале суда, што абвяшчае галадоўку на знак нязгоды з судовым рашэньнем. Актывіст заявіў, што будзе галадаць увесь час адбыцьця адміністрацыйнага арышту.
Севярынца будуць судзіць і за мітынг у Курапатах
Стала вядома, што Паўла Севярынца будуць судзіць за акцыю на 1 траўня і за мітынг у Курапатах, які адбыўся 3 сакавіка.
Пачаўся суд над Севярынцам
Менск. У Цэнтральным раённым судзе пачаўся працэс над сустаршынёй БХД Паўлам Севярынцам. Перад судом Павал распавёў, як яго затрымлівалі. Гэта было ў мэтро, на станцыі Пушкінская. Да яго падбеглі два супрацоўнікі і пацягнулі ў асобную каморку, нават супрацоўнікі мэтро зьдзівіліся. Адтуль вывелі да аўтобусу з АМАПам.
«Нават калі пасадзяць, гэта таго варта, бо беларусы не спужаліся, выйшлі на акцыю», — сказаў Севярынец пра магчымы адміністрацыйны арышт.
Пра тое, што будуць судзіць і за мітынг у Курапатах, Павал Севярынец сказаў:
«На гэтым месцы, дзе зьбіраліся будаваць офісны цэнтар, ужо прарасла трава, якую пасеялі гарадзкія службы. Улады самі прызналі, што абаронцы Курапатаў мелі рацыю, таму гэта проста абсурд, што судзяць за той мітынг».
Пасадзілі ў камэры да вашывых вязьняў, — Севярынец
Павал Севярынец распавёў, што на Акрэсьціна начаваў у камэры з 6 вязьнямі, у якіх былі вошы. Севярынец мяркуе, што яго наўмысна зьмясьцілі да гэтых арыштантаў.
Севярынец запатрабаваў адвод судзьдзі Шабуні
Павал Севярынец у залі Цэнтральнага суду Менску заклікаў судзьдзю Вікторыю Шабуню падаць рапарт аб звальненьні, «каб ня ўдзельнічаць у беззаконьні, якое цяпер твораць». Судзьдзя адказала: «Сядайце, калі ласка».
Севярынца судзяць адразу за два мітынгі
Паўла Cевярынца судзяць у судзе Цэнтральнага раёну Менску адразу па двух пратаколах. Судзьдзя Шабуня прапанавала яму даць паказаньні пра дзьве падзеі — акцыю 1 траўня і мітынг у Курапатах 3 сакавіка.
Павал Севярынец пагадзіўся. Кажучы пра падзеі 3 сакавіка, ён назваў помстай і правакацыяй уладаў тое, што супраць яго тады склалі пратакол:
«Бо на той дзень ужо стала вядома, што забудоўнік адмовіўся там будаваць, і людзі сабраліся, каб адзначыць гэтую падзею. Там сабралася каля 200 чалавек. Безумоўна, мы выступалі, безумоўна, пад бел-чырвона-белымі сьцягамі. Але што склалі за гэта пратакол — гэта правакацыя і помста ўладаў, якія адчувалі, што мы перамаглі ў той сытуацыі».
Пра падзеі 1 траўня Севярынец сказаў, што ня мог не прыйсьці на плошчу зь некалькіх прычынаў. У тым ліку таму, што далучаецца да патрабаваньня аб адстаўцы Лукашэнкі, што выступае супраць 3-га дэкрэту і каб выказаць салідарнасьць з палітвязьнямі, якія праходзяць па справе «Белага легіёну».
«Мы з поўным правам прайшліся па горадзе. Перад будынкам КДБ крычалі „Далоў КДБ!“, каб паказаць сваё абурэньне тымі правакацыямі, якія ладзіць КДБ. Увесь шлях, пакуль мы ішлі, побач ехалі аўтазакі, нас палохалі. Як акцыя скончылася, пачалі хапаць. Мяне схапілі ў мэтро, пасьведчаньняў не паказалі».
Сьведка-міліцыянт: «Сабраліся незадаволеныя»
На працэсе Паўла Севярынца ў судзе цэнтральнага раёну Менску сьведчыць міліцыянт Яўген Мікалаеў, які быў на акцыі 1 траўня. Ён прыйшоў у суд у трэніровачным строі. Згадаў, як Севярынец выкрыкваў «Жыве Беларусь!» і «Баста!».
Судзьдзя спытала: «А ці вы зразумелі, супраць чаго выступалі мітынгоўцы?»
Сьведка думаў некалькі хвілінаў і сказаў. «Ну, сабраліся незадаволеныя...» Сьведка прызнаў, што асабіста ён не папярэджваў, каб разышліся, бо парушаюць закон.
Сьведкі заблыталіся, дзе затрымалі Севярынца
Другі сьведка на працэсе Паўла Севярынца ў судзе Цэнтральнага раёну Менску амапавец Іван Ломаш пацьвердзіў, што Севярынец быў на Кастрычніцкай плошчы, выступаў праз гукаўзмацняльнік. «Лічу, гэта было парушэньнем закону».
Сьведка сказаў, што затрымалі Севярынца на Кастрычніцкай плошчы: «Да вас падышлі і сказалі, каб вы прайшлі». Севярынец: «А вы ведаеце, што пасьля Кастрычніцкай плошчы мітынгоўцы прайшлі да плошчы Незалежнасьці, і я там быў? Што, вас не праінструктавалі?» Сьведка: «Не».
Сьведка настойвае на тым, што Севярынца затрымалі на Кастрычніцкай плошчы. Другі сьведка, Мікалаеў, таксама кажа пра месца затрыманьня: «Каля ўваходу ў пераход мэтро каля Кастрычніцкай плошчы».
Севярынец сьмяецца:
«Мяне затрымалі ў мэтро на „Пушкінскай“, значна пазьней. Я ўжо выходзіў з мэтро. І гэта зусім ня тыя людзі, якія мяне затрымлівалі.»
Міліцыянт сьведчыць пра ўдзел Севярынца ў абароне Курапатаў
На працэсе Паўла Севярынца ў судзе Цэнтральнага раёну Менску выступіў сьведка па эпізодзе ў Курапатах ад 3 сакавіка Вячаслаў Шкут, намесьнік начальніка адзела Савецкага РУУС. Згадаў, што каля будаўнічай пляцоўкі было вывешана 8 бел-чырвона-белых сьцягоў і расьцяжкі, якія заклікалі не дапускаць будоўлю і перашкаджаць будаўнікам.
«Севярынец удзельнічаў і праз гукаўзмацняльную апаратуру заклікаў перашкаджаць будаўнікам».
Сьведка пагадзіўся зь Севярынцам, што на момант 3 сакавіка будоўля была прыпыненая, удзельнікі несанкцыянаванай акцыі «сьвяткавалі перамогу», але — «усё роўна акцыя была недазволеная».
У сьпісе-пратаколе за акцыю 1 траўня ў Менску каля 10 чалавек
У сьпісе-пратаколе ўдзельнікаў мітынгу, які бачыў Павал Севярынец, таксама пазначаныя Ўладзімер Някляеў, Юрась Губарэвіч, Марына Адамовіч, Вячаслаў Сіўчык, Славамір Адамовіч, Леанід Кулакоў, Аляксей Клюшнічэнка, Алена Талстая, Ніна Багінская... Чакаецца, што іх таксама будуць судзіць. Галіна Сіўчык, маці Вячаслава Сіўчыка, сказала, што каля пад’езду чакае аўтобус.