Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Да 15 сутак за «Першамай». Суды ў Менску і іншых гарадах

абноўлена

Пасьля шэрагу несанкцыянаваных акцыяў (і адной санкцыянаванай) на 1 Траўня адбыўся шэраг судоў над іх удзельнікамі.

У Менску 2 траўня на 15 сутак арышту асудзілі сустаршыню БХД Паўла Севярынца і актывіста «Эўрапейскай Беларусі» Максіма Вінярскага, а ў Гомлі 15-суткавы арышт атрымаў намесьнік старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі Васіль Палякоў. У Берасьці актывіста Ўладзімера Казлоўскага арыштавалі на 10 сутак за «акцыю чыстых аркушаў».

Актывістаў Інгу Абрамаву (Берасьце), Аляксея Самайлюка (Берасьце) і журналіста Яўгена Меркіса (Гомель) аштрафавалі на сумы ад 5 да 15 базавых велічынь.

Суды над блогерам Зьмітром Гарбуновым (Берасьце) і актывістам Аляксандрам Кабанавым (Берасьце) перанесьлі.

У сьпісе-пратаколе за акцыю 1 траўня ў Менску каля 10 чалавек. Сярод іх Уладзімер Някляеў, Юрась Губарэвіч, Марына Адамовіч, Вячаслаў Сіўчык, Славамір Адамовіч, Леанід Кулакоў, Аляксей Клюшнічэнка, Алена Талстая, Ніна Багінская. Чакаецца, што іх таксама будуць судзіць.

16:01 2.5.2017

Паўла Севярынца пакаралі арыштам на 15 сутак

Севярынец пасьпеў сказаць судзьдзі «Вы не скарысталі свой шанец» і дадаў «Жыве Беларусь». Павал спадзяецца, што яго зьмесьцяць у іншую камэру, дзе няма вязьняў з вошамі.

Кажучы пра сакавіцкія падзеі, Севярынец назваў помстай і правакацыяй тое, што супраць яго склалі пратакол — улады, сказаў ён, зразумелі, што ў той сытуацыі перамаглі актывісты і неабыякавыя грамадзяне.

Пра падзеі 1 траўня Севярынец сказаў, што ня мог ня выйсьці на вуліцу. У тым ліку таму, што далучаецца да патрабаваньня аб адстаўцы Лукашэнкі, выступае супраць «дармаедзкага» дэкрэту і салідарызуецца з палітвязьнямі па справе «Белага легіёну».

Палітык удакладніў, што напярэдадні людзей пачалі хапаць пасьля завяршэньня акцыі. Яго затрымалі на выхадзе са станцыі мэтро «Пушкінская», на судзе ж праваахоўнікі казалі, што гэта была «Кастрычніцкая». Блытаныя паказаньні міліцыянтаў на судзьдзю не паўзьдзейнічалі. Як і той факт, што, як і раней, затрымлівалі без прад’яўленьня службовых пасьведчаньняў.

16:14 2.5.2017

Суд Аляксандра Кабанава ў Берасьці перанесьлі

Аляксандар Кабанаў
Аляксандар Кабанаў

Аляксандар Кабанаў заявіў хадайніцтва аб адвакаце, і судзьдзя Ларыса Назарэнка перанесла паседжаньне ў яго справе на заўтра, аб 11-ай гадзіне.

Аляксандра Кабанава вінавацяць ва ўдзеле ў несанкцыянаванай масавай акцыі.

16:19 2.5.2017

Суд на блогерам Гарбуновым перанесьлі

Зьміцер Гарбуноў
Зьміцер Гарбуноў

Берасьце, Ленінскі раённы суд. Суд над блогерам Зьмітром Гарбуновым перанесьлі на сераду на 14.30. Судзьдзя Дзьмітрый Шурын задаволіў яго хадайніцтва аб адвакаце.

Гарбунова вінавацяць у непадпарадкаваньні міліцыянтам.

16:36 2.5.2017

Васіль Палякоў пакараны арыштам на 15 сутак

Гомель. Суд Савецкага раёну. Судзьдзя Алена Шайн на падставе двух адміністрацыйных пратаколаў пакарала намесьніка старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі Васіля Палякова 15 суткамі арышту. Палітыка затрымалі 1 траўня на вуліцы Кожара пасьля мітынгу каля ДК таварыства «Віпра» за тое, што ён разгарнуў бел-чырвона-белы сьцяг. Мінулыя суткі Палякоў правёў у ізалятары часовага ўтрыманьня.

Васіля Палякова арыштавалі на 15 сутак за бел-чырвона-белы сьцяг

18:05 2.5.2017

Берасьце. Судзьдзя Алег Міранюк прысудзіў Уладзімеру Казлоўскаму за «акцыю чыстых аркушаў» арышт на 10 сутак, а Аляксею Самайлюку — 345 рублёў штрафу за ўдзел у «акцыі чыстых аркушаў».

Аляксей Самайлюк сваёй віны не адмаўляў, ён сказаў, што сапраўды стаяў 1 траўня каля кінатэатру «Беларусь» у Берасьці, трымаючы ў руках чысты аркуш паперы.

Аляксей Самайлюк у судзе з чыстым аркушам паперы, зь якім быў на акцыі
Аляксей Самайлюк у судзе з чыстым аркушам паперы, зь якім быў на акцыі

Напачатку паседжаньня судзьдзя Міранюк забараніў фота- і відэаздымку і загадаў схаваць у кішэні мабільныя тэлефоны, бо «некаторыя непарадачна сябе паводзяць і ў інтэрнэце выкладваюць відэазапіс у парушэньне дазволу суду і кампрамэтуюць суд. Гэта што, нармальна?»

18:18 2.5.2017

Берасьце. За першатравеньскую «акцыю чыстых аркушаў» судзьдзя Алег Міранюк прысудзіў Інзе Абрамавай 230 рублёў штрафу. На сёньня ў Берасьці суды скончыліся.

XS
SM
MD
LG