Удзельнічаюць: Валер Карбалевіч, Віталь Цыганкоў, Юры Дракахруст.
Карбалевіч: У розных гарадах улады выкарыстоўвалі розную тактыку што да адзначэньня афіцыйнага сьвята 1 траўня. Толькі ў Магілёве (акрамя Менску) быў праведзены афіцыйны мітынг. У кожным разе, БелТА не паведамляе пра сьвяткаваньне ў нейкіх іншых гарадах. А ў Магілёве каля 1500 чалавек узялі ўдзел у арганізаваным уладамі мітынгу. Папярэдне яго ўдзельнікі ўсклалі кветкі да помніка Леніну.
Толькі ў Гомелі ўлады дазволілі правядзеньне мітынгу апазыцыі. Хоць апазыцыйныя прадстаўнікі падавалі заяўкі і ў іншых гарадах, аднак ім паўсюль адмовілі. Аднак гэты дазволены мітынг у Гомелі ўлады абцяжарылі шэрагам перашкодаў. Паставілі турнікет, празь які зайшла невялікая колькасьць людзей, большасьць стаяла за агароджай. Міліцыя таксама не дазволіла пранесьці на мітынг транспаранты. Аднаго мужчыну не пусьцілі за турнікет, бо ў руках у яго былі газэты «Народная воля» і «Новы час».
апазыцыя ўжывала розную тактыку ў розных гарадах
Сустаршыню Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі Віталя Рымашэўскага і лідэрку Хрысьціянска-дэмакратычнага руху Вольгу Кавалькову шэсьць разоў затрымалі супрацоўнікі ДАІ па дарозе ў Гомель. Рымашэўскага не прапусьцілі на мітынг з бела-чырвона-белым сьцягам.
Менавіта рэпрэсіі ўладаў стваралі інфармацыйны фон
Увогуле і апазыцыя ўжывала розную тактыку ў розных гарадах. У Магілёве актывісты апазыцыі паспрабавалі выкарыстаць афіцыйны мітынг, каб там раздаваць некія матэрыялы, але ім перашкодзіла міліцыя. У Слоніме апазыцыянэры заклікалі жыхароў горада на мітынг у 10:00 на плошчу Леніна. Амаль ніхто не прыйшоў, калі не лічыць вялікай колькасьці міліцыянтаў. У Пінску таксама актывісты спрабавалі правесьці акцыю пратэсту на цэнтральнай плошчы, але яе ачапілі міліцыянты. У Берасьці і Баранавічах арганізацыя «Свае людзі» заклікала правесьці флэш-моб з чыстымі аркушамі паперы. У Берасьці прыйшло 4 чалавекі. Ва ўсіх гэтых гарадах актывістаў альбо затрымлівалі прэвэнтыўна альбо блякавалі ў кватэрах. Калі падводзіць вынікі, то можна сказаць, што ўлады шмат больш рыхтаваліся да 1 траўня, чым апазыцыя. І іх прэвэнтыўныя захады шмат пераўзыходзілі маштабы высілкаў апазыцыі. Менавіта рэпрэсіі ўладаў стваралі інфармацыйны фон.
Цыганкоў: У сваіх намаганьнях спыніць палітычную актыўнасьць у рэгіёнах улады пераўзыходзяць самі сабе. У гэтым сэнсе трагікамічна выглядала сытуацыя ў Берасьці, дзе ўлады затрымлівалі ўдзельнікаў акцыі «чыстых аркушаў». Актывісты не выкрыквалі ніякіх лёзунгаў, проста стаялі і трымалі чыстыя аркушы паперы. Гэта ўжо нагадвае нейкія анэкдоты савецкіх часоў. І рэпрэсіі супраць актывістаў у рэгіёнах былі нашмат больш жорсткімі, чым у сталіцы. Там ня трэба хвалявацца за карцінку перад Захадам. Многія актывісты былі блякаваныя ў сваіх кватэрах, іншыя затрыманыя на вуліцах.
рэпрэсіі супраць актывістаў у рэгіёнах былі нашмат больш жорсткімі, чым у сталіцы
Улады відавочна, улічылі патэнцыйную масавую актыўнасьць, якая назіралася ў рэгіёнах, дзе ў сакавіку адбыліся акцыі, масавасьць якіх не назіралася ад пачатку 90-х. Можна канстатаваць тактыку ўладаў — даволі жорсткае і радыкальнае спыненьне акцыяў пратэсту, але без таго. каб ствараць карцінку рэпрэсіяў, і без стварэньня гучных справаў і новых палітвязьняў.
Дракахруст: Я згодны з вамі, Віталь, што ўзровень рэпрэсіўнасьці на сёлетняе 1 траўня быў значна вышэйшы, чым у сталіцы. У Менску быў затрыманы прэвэнтыўна толькі адзін Статкевіч. У рэгіёнах размова ідзе пра дзесяткі людзей — гэта і затрыманьні, гэта і блякаваньне ў кватэрах, гэта і перашкоды руху, як тое было з Рымашэўскім і Кавальковай. Нават у Гомелі, дзе акцыя была дазволеная, яе ўдзельнікам стваралі разнастайныя перашкоды, пра што вы, Валер, распавялі. Паўсюль у рэгіёнах, дзе акцыі не былі дазволеныя, яны былі адразу спыненыя.
А ў Менску недазволеную акцыю фактычна далі магчымасьць правесьці ад пачатку да канца. Адзін матыў, чаму так здарылася, гэта гучнасьць рэзанансу на Захадзе ад тых ці іншых крокаў у сталіцы і за яе межамі. Недазволеная акцыя ў Менску, якую далі магчымасьць правесьці — гэта аргумэнт у дыялёгу з Захадам. Ці будзе спыненая ці не недазволеная акцыя ў Берасьці ці Магілёве — для Захаду гэта мае меншае значэньне.
У рэгіёнах пратэстоўцы былі зусім іншыя — гэта былі значнай часткай людзі бедныя, гэта былі людзі, якія раней ніколі ў падобных акцыях не ўдзельнічалі
Другі момант, на мой погляд, гэта тое, што падчас «гарачай вясны» сацыяльны склад пратэстаў у Менску і ў рэгіёнах быў вельмі розным. У Менску гэта быў збольшага (хаця і ня цалкам) традыцыйны апазыцыйны актыў у шырокім сэнсе. Ня толькі актывісты палітычных арганізацыяў, але людзі апазыцыйных поглядаў, тыя, хто, скажам, на выбарах галасуе за апазыцыю. У рэгіёнах пратэстоўцы былі зусім іншыя — гэта былі значнай часткай людзі бедныя, гэта былі людзі, якія раней ніколі ў падобных акцыях не ўдзельнічалі, людзі, якія галасавалі за Лукашэнку, а можа і зараз гатовыя за яго галасаваць. І натуральна, што ўлада больш перасьцерагаецца гэтых новых пратэстоўцаў, чым тых, да каго яна ў Менску прызвычаілася.
Можа на 1 траўня ў рэгіёнах гэтыя новыя пратэстоўцы на плошчы ня надта і рваліся, але там улада дэманстравала асьцярожнасьць. У лютым-сакавіку яна ўбачыла, як выглядае пратэст бедных, пратэст яе электарату, і гэта выглядала пагрозьліва. Таму ціск у рэгіёнах аказаўся значна большым.