Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«„Вольная Беларусь“ некаторымі ўспрымаецца як жаданьне Пазьняка стаць абсалютным лідэрам, але гэта ня так»


Павал Вусаў
Павал Вусаў

Чарговы госьць перадачы «Інтэрвію тыдня» — беларускі палітоляг Павал Вусаў, адзін з распрацоўшчыкаў народнай праграмы «Вольная Беларусь». Ён разважае, чаму праграма выклікала такі вялікі інтарэс, ці сьведчыць гэта пра радыкалізацыю ў беларускім грамадзтве; тлумачыць, якую частку праграмы пісаў Зянон Пазьняк і чым «Вольная Беларусь» адрозьніваецца ад іншых праграмаў. Зь ім гутарыў Віталь Цыганкоў.

Цыганкоў: Нядаўна была апублікаваная праграма «Вольная Беларусь» — «праект новай Беларусі», падрыхтаваны калектывам палітыкаў і спэцыялістаў. Палітычную частку пісалі вы. Ці творчы калектыў нешта дапрацаваў за вамі, ці ўся палітычная частка — гэта менавіта ваша праца?

Вусаў: Уся праграма — гэта калектыўная праца, і кожны з чальцоў каманды мог уносіць свае рэкамэндацыі і папраўкі. Выкарыстоўваўся і палітычны і тэарэтычны досьвед сяброў каманды. Але асноўныя канцэпцыі, якія там прысутнічаюць, напрыклад датычныя пераходнага пэрыяду, фармаваньня структураў улады, выбарчага працэсу, —— гэта мае прапановы.

Таксама як Крызісная рада — гэта цалкам новы элемэнт у палітычных праграмах на постсавецкім абшары. Гэтая мая прапанова была заснаваная на вывучэньні досьведу ня толькі постсавецкіх краінаў а таксама дзяржаў былога сацыялістычнага блёку, дзе неаднаразова адбываліся канстытуцыйныя крызісы.

Палітычны аспэкт праграмы скіраваны менавіта на выпрацоўку мэханізму вырашэньня палітычных праблемаў у пераходны пэрыяд у Беларусі, то бок трансфармацыя ад аўтарытарнай сыстэмы на рэйкі дэмакратыі. Я намагаўся ўлічыць усе магчымыя сцэнары, выпрацаваць той тэарэтычны інструмэнтарый, на аснове якога можна будзе Беларусі перайсьці да больш дэмакратычнай сыстэмы. Але ўсё будзе залежаць ад таго, у якіх умовах апынецца Беларусь перад гэтым пераходным пэрыядам — магчыма, некаторыя мэханізмы могуць і не спатрэбіцца.

Цыганкоў: Як бы вы ацанілі рэакцыю грамадзтва на публікацыю гэтай праграмы? Яна была даволі масавая, на некаторых папулярных інтэрнэт-рэсурсах была адзначаная рэкордная колькасьць камэнтароў.

Такая актыўная рэакцыя сьведчыць, што грамадзтва патрабуе нейкіх інтэлектуальных упырскваньняў у сьвядомасьць.

Вусаў: Шчыра кажучы, я не спадзяваўся, што праграма знойдзе такі водгук у грамадзтве. Бо ўжо быў досьвед публікацыі праграмаў з боку АГП, руху «За свабоду». Такая актыўная рэакцыя сьведчыць, што грамадзтва патрабуе нейкіх інтэлектуальных упырскваньняў у сьвядомасьць. Гэта найперш інтэлектуальная праца, якая прапануе палітычны плян рэарганізацыі Беларусі і паказвае, што беларускае грамадзтва зачакалася на палітычныя дыскусіі праектнага пляну.

Гэта ўжо першы пазытыўны вынік нашай дзейнасьці — тая інтэлектуальная дыскусія, якая ўзьнікла пасьля публікацыі праграмы. Гэта адкрыты праект, і крытычныя моманты, заўвагі будуць улічаныя ў наступнай рэдакцыі праграмы. Заўсёды такія праекты, натуральна, выклікаюць і крытыку, — але сярод заўваг шмат і сэнсоўных прапаноў, якія будуць выкарыстаныя.

Цыганкоў: Калі не памыляюся, то найбольш крытыкі выклікала частка праграмы, прысьвечаная маральным каштоўнасьцям, сям’і, напісаная, як паведамлялася, Зянонам Пазьняком. Вы маглі асабіста ўплываць на іншыя часткі праграмы, акрамя палітычнай?

Вусаў: Я даваў некаторыя рэкамэндацыі адносна эканамічнага блёку. Што тычыцца каштоўнаснага блёку, то гэта хутчэй была не праграма, а развагі Зянона Станіслававіча. Той факт, што ініцыятарам праграмы быў Зянон Пазьняк, у асноўным выклікае крытыку з боку цяперашняй апазыцыі. Гэта некаторымі ўспрымаецца як жаданьне Пазьняка стаць абсалютным лідэрам, а гэта ня так.

Мы пісалі гэтую праграму са спадзевам на тое, што калі ў Беларусі сфармуецца моцная дэмакратычная сіла і яна здолее прыйсьці да ўлады, то зможа выкарыстаць гэтую праграму для дасягненьня агульнай мэты. Праграма не разьлічаная на нейкую асобную палітычную групу.

Цыганкоў: Як мне падаецца, шырокае абмеркаваньне праграмы сьведчыць пра значную радыкалізацыю грамадзтва. Прынамсі той яе часткі, якая цікавіцца палітыкай. Выглядае, што ўсё больш людзей сёньня выступае менавіта за радыкальныя зьмены ў эканоміцы, палітычнай сыстэме і структурах улады. Калі яшчэ ў 2010 годзе апазыцыйны лёзунг «Пабудуем новае, захаваем лепшае», магчыма, і ўспрымаўся прыхільна большасьцю беларусаў, то на фоне эканамічнага і сацыяльнага крызісу ўсё больш людзей пачынаюць лічыць, што ў цяперашняй рэальнасьці асабліва няма нічога «захоўваць». Ці вы згодныя з такой ацэнкай?

Грамадзтва гатовае да рэформаў і жадае рэформаў — палітычных і эканамічных.

Вусаў: Я згодны з тым, што грамадзтва гатовае да рэформаў і жадае рэформаў — палітычных і эканамічных. Значная частка грамадзтва зразумела, што сёньняшняя ўлада не гатовая і не жадае ісьці на рэформы, баіцца рэформаў і гатовая далей закручваць гайкі. І такія дзеяньні беларускіх уладаў радыкалізуюць грамадзтва, узбуджаюць раздражнёнасьць і жаданьне хутчэйшых пераменаў.

Людзі ў гэтай праграме ўбачылі адчуваньне таго, што адбываюцца зрухі — нават на ўзроўні ідэяў, цэласнага разуменьня і нейкіх канцэптуальных прапаноў для будучай Беларусі. Калі раней была нейкая ідэалягічная пустка і беларусы ня бачылі альтэрнатывы сёньняшняй сыстэме, то гэтая праграма на тэарэтычным узроўні паказвае, што ёсьць альтэрнатыва, шлях і мэханізмы яе дасягнуць.

Беларусы, магчымы, яшчэ не гатовыя да актыўнай рэалізацыі пераменаў, бо няма такіх унутраных рэсурсаў. Але яны ўжо псыхалягічна гатовыя да пераменаў, яны разумеюць, што Лукашэнка і гэтая сыстэма зжыла сябе, выпрацавалася, яна ёсьць тормазам усяго таго пазытыўнага, што можна было б зрабіць у краіне. Гэта адна з прычынаў, чаму гэтая праграма стала такой папулярнай.

Цыганкоў: Іншыя апазыцыйныя сілы таксама маюць свае праграмы — АГП, БНФ, рух «За свабоду». Чаму менавіта ваша раптам выклікала такі інтарэс? Можа, праз загадкавасьць фігуры Зянона Пазьняка для многіх беларусаў?

Ніводная партыя не прэзэнтуе гэтую праграму як свой палітычны маніфэст, унівэрсальнасьць праграмы даказвае яе палітычную нэўтральнасьць у партыйным кантэксьце.

Вусаў: Тут ёсьць некалькі прычынаў. Перш за ўсё, праграмы іншых палітычных рухаў былі прывязаныя да канкрэтных палітычных партыяў, а палітычныя партыі ня вельмі папулярныя ў краіне. Таму іхныя праграмы ўспрымаліся хутчэй як маніфэсты той ці іншай сілы. А наша праграма палітычна і ідэалягічна не прывязаная ні да якой палітычнай групы. Нягледзячы на тое, што асноўным куратарам яе стварэньня быў менавіта Зянон Пазьняк. Але ніводная партыя не прэзэнтуе гэтую праграму як свой палітычны маніфэст, унівэрсальнасьць праграмы даказвае яе палітычную нэўтральнасьць у партыйным кантэксьце.

Вядома, той факт, што Зянон Пазьняк стаяў за распрацоўкай гэтай праграмы, ня мог ня выклікаць пэўнага інтарэсу. Хачу сказаць, што гэтая праграма больш сыстэматычная, яна паказвае інстытуцыяльныя мэханізмы пераходнага пэрыяду і тых першых крокаў у пэрыяд трансфармацыі, чаго няма ў праграмах палітычных партыяў.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG