Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Змрочны небакрай свабоды прэсы», — Freedom House пра 2016 год. Беларусь на 175-м месцы


Міжнародная грамадзкая арганізацыя Freedom House апублікавала агляд свабоды прэсы ў сьвеце за 2016 год. Паказьнік свабоды прэсы Freedom House у 2016 годзе быў на найніжэйшым за 13 гадоў узроўні: адзначаліся беспрэцэдэнтныя пагрозы для журналістаў у вядучых дэмакратыях, а таксама новыя крокі аўтарытарных дзяржаў у кантролі СМІ, у тым ліку за іхнымі межамі.

Толькі 13% насельніцтва Зямлі мелі цалкам свабодную прэсу, 45% жылі ў краінах, дзе СМІ несвабодныя. Адзначаецца пагаршэньне свабоды СМІ ў Польшчы і Вугоршчыне, выкарыстаньне палітычных і сацыяльных хваляваньняў для нападаў на СМІ ў Вэнэсуэле, Турэччыне і Этыёпіі, адключэньні інтэрнэту ў крытычныя моманты ў Афрыцы, Азіі і на Блізкім Усходзе, зьнявага СМІ з боку прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа.

На фоне агульнага спаду свабоды прэсы Беларусь у рэйтынгу Freedom House, наадварот, палепшыла пазыцыі. Яна па-ранейшаму лічыцца несвабоднай краінай, на 175-м месцы з 200 краінаў у аглядзе, між Самалі, Вэнэсуэлай і Дэмакратычнай Рэспублікай Конга (172-174 месцы), Расеяй, Свазілэндам і Віетнамам (176-178 месцы).

Але ў 2016 годзе, адзначае Freedom House, мелі значна меней перашкодаў у асьвятленьні парлямэнцкіх выбараў у параўнаньні з папярэднімі гадамі. Тым ня менш 10 месяцаў у турме правёў блогер Эдуард Пальчыс, улады выносілі незалежным СМІ папярэджаньні, штрафавалі прадстаўнікоў замежных СМІ за «нелегальны выраб прадукцыі СМІ», адмаўлялі замежным СМІ ў акрэдытацыі.

Рэйтынг Беларусі паводле свабоды СМІ крыху павысіўся ў 2016 годзе і паводле «Рэпартэраў бязь межаў». Але і ў тым рэйтынгу Беларусь у ліку несвабодных краінаў: 153-я са 180, паміж Турэччынай і Расеяй, між Брунэем і Свазілэндам.

У сусьветных лідэрах свабоды СМІ Нарвэгія, Нідэрлянды і Швэцыя. Блізкая да Беларусі Эстонія на 14-м месцы, суседнія Літва і Латвія на 27-м і 46-м месцах (усе названыя — краіны з вольнымі СМІ), Польшча на 67-м, Украіна на 114-м (часткова свабодныя СМІ), Расея ідзе за Беларусьсью, на 176-м месцы.

У ліку найгоршых у рэйтынгу некалькі краінаў былога СССР: Таджыкістан на 190-м месцы, Азэрбайджан на 191-м, Узбэкістан на 198-м, Туркмэністан на апошнім, 200-м. Украінскі Крым, акупаваны Расеяй, ідзе асобным пунктам у рэйтынгу — на 196-м месцы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG