Самыя высокія сумы зафіксаваныя ў Менску — 1118,1 рубля. Найменшыя выплаты ў Віцебскай вобласьці, яе жыхары атрымлівалі ў сакавіку толькі 643,8 рубля.
Кіраўнік фонду Мізэса Яраслаў Раманчук, камэнтуючы статыстыку для Свабоды, адзначыў:
«Лукашэнка нядаўна казаў, што ў Беларусі няма простай эканомікі, у нас ёсьць эканоміка ваеннага часу. І калі галоўнакамандуючы загадаў, што трэба давесьці сярэдні заробак да 500 даляраў, то ўсе, уключаючы і „афіцэраў“ Белстату, узялі пад казырок і пачалі выконваць загад.
У мяне даверу да гэтых лічбаў няма. Людзі, якія іх „малююць“, маюць матывацыю спадабацца Лукашэнку, а не паказаць праўду.
Сытуацыя яшчэ больш заблытаная, бо невядома, як лічыцца дэфлятар, які дапамагае вывесьці лічбы рэальных заробкаў. Лічбы Белстату перастаюць быць навукова абгрунтаванымі і аб’ектыўнымі.
Мяне вельмі насьцярожвае, што з дадзеных афіцыйнай статыстыкі зьніклі дадзеныя пра так званыя мэдыянныя заробкі. То бок гэта заробкі, ад якіх адкідаюцца па 20% найвышэйшых і найменшых. Тое, што застаецца, добра дапамагае экспэртам разабрацца ў сапраўднай сытуацыі з эканомікай. Аднак яны сёлета чамусьці зьніклі. Думаю, невыпадкова гэтыя лічбы хаваюць».