Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чарнобыльскі шлях — супраць АЭС пад палітычнымі лёзунгамі


Чарнобыльскі шлях — 2017 прайшоў у двух фарматах: шэсьця і мітынгу.

Шэсьце рушыла ад кінатэатру «Кастрычнік» да Чарнобыльскай капліцы каля плошчы Бангалор. Мітынг адбыўся ў Кіеўскім сквэры каля бульвару Шаўчэнкі. Шэсьце арганізавалі прадстаўнікі розных палітычных сіл: партыі БНФ, БХД. Мітынг — КХП БНФ. У шэсьці ўзялі ўдзел некалькі соцень чалавек, у мітынгу — некалькі дзясяткаў.

Арганізатары шэсьця ад кінатэатру «Кастрычнік» правялі акцыю пад лёзунгамі:

  • «Свабоду палітвязьням!»;
  • «Спыніць палітычны і сацыяльны Чарнобыль!»;
  • «Лукашэнку ў адстаўку!».

На акцыі гучалі скандоўкі: «Не — расейскай ядзернай бомбе! У Астраўцы арудуюць зомбі», «До чего дошёл прогресс — с голым задом, но с АЭС!».

Канкрэтна супраць будаўніцтва АЭС пад Астраўцом пратэставалі актывісты «зялёнага» руху. Яны прайшлі асобнай арганізаванай групай. «Зялёныя» зладзілі пэрформанс — надзелі строі «зьвяроў розных часоў і народаў», як патлумачыла Ірына Сухій, адна са стваральніц таварыства «Зялёная Сетка».

На мітынгу сябраў КХП БНФ у Кіеўскім сквэры сярод іншых былі лёзунгі на плякатах: «Чарнобыль — працяг расейскага генацыду беларускага народу» і «Расея! Вярні беларусам 235 млрд даляраў за страты ад чарнобыльскай бяды».

Тацяна Новікава, каардынатар Беларускай антыядзернай кампаніі:

«Корпус рэактара для Астравецкай АЭС пацярпеў падчас транспартаваньня. Паводле экспэртаў, такі корпус усталёўваць нельга. Ніхто не абсьледаваў на наяўнасьць мікрадэфэктаў. Гэта „руская рулетка“».

Сяргей Пальчэўскі («Малады Фронт»), фігурант «Справы патрыётаў» — справы «Белага легіёну» — пра дарэчнасьць палітычных лёзунгаў:

«Усё да месца на Чарнобыльскім шляху. Цяпер палітычная тэма павінна гучаць на ўсіх акцыях».

У Кіеўскім сквэры, сярод іншых прамоваў, намесьнік старшыні КХП БНФ Юрась Беленькі зачытаў зварот Зянона Пазьняка.

Да Кіеўскага сквэру скіравалася частка ўдзельнікаў маршу, які скончыўся кароткай малітвай каля Чарнобыльскай капліцы паблізу плошчы Бангалор.

Мітынг завяршыўся фінальнымі словамі прынятай на ім рэзалюцыі — «Беларусь мусіць стаць вольнай дэмакратычнай краінай!». Пасьля гэтага прасьпявалі гімн «Магутны Божа».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG