Пасьля перапынку ў беларуска-ўкраінскіх дачыненьнях на вышэйшым узроўні, кіраўнікі дзяржаў правялі адразу дзьве сустрэчы за дзень — ва Ўкраіне на тэрыторыі Чарнобыльскай АЭС, дзе ўшанавалі памяць загінуўшых у часе катастрофы 1986 году, і на тэрыторыі Беларусі — у рэзыдэнцыі ў вёсцы Ляскавічы.
Аляксандар Лукашэнка і Пятро Парашэнка запэўнілі грамадзкасьць у сваім асабістым сяброўстве, добрасуседзтве ды гатоўнасьці актывізаваць супрацоўніцтва. Лукашэнка нават прапанаваў Украіне «інавацыйныя мэтады» па аднаўленьні радыяцыйна заражаных лясоў і зямель. Якія яшчэ тэмы маглі абмяркоўваць беларускі ды ўкраінскі прэзыдэнты за зачыненымі дзьвярыма?
Меркаваньні ўкраінскага палітычнага экспэрту, фылёзафа Сяргея Дацюка:
Дацюк: Сустрэча Парашэнкі з Лукашэнкам насьпела ўжо даўно, і яна мелася адбыцца значна раней, таму што нам трэба ведаць, што Расея ня будзе наступаць, як мінімум, з тэрыторыі Беларусі. Але добра, што нарэшце яна адбылася.
Мяркую, што Лукашэнка дзейнічае абсалютна правільна, дывэрсыфікуючы міжнародныя рызыкі: нармальныя дачыненьні з Украінай яму вельмі патрэбныя — гэта павялічвае поле для манэўру як у адносінах з Расеяй, гэтак і з Эўропай. З Эўропай, паколькі Ўкраіна мае асацыяцыю і больш-менш цёплыя адносіны, а з Расеяй — ва ўмовах канфлікту паміж Украінаю і Расеяй заўсёды пры пагаршэньні адносінаў на расейскім напрамку можна дэманстраваць сваю прыхільнасьць да Ўкраіны. І ў прынцыпе, гэта нармальная міжнародная геапалітычная гульня. Тут нічога новага.
Вось толькі запэўніваньні ў палітыцы — справа няўдзячная. Па-першае, украінскія прэзыдэнты ня так доўга знаходзяцца ва ўладзе, як Лукашэнка, і яны нічога гарантаваць ня могуць. Па-другое, сам Лукашэнка ўжо занадта доўга ва ўладзе — зь ім зьвязваюць пэўную эпоху і пэўны палітычны рэжым. Як доўга пратрымаецца гэты рэжым, ды й ўласна сам Лукашэнка, — ніхто ня ведае. У гэтым сэнсе праца на пэрспэктыву мела б сэнс, калі б мы пашыралі кантакты ня толькі на ўзроўні прэзыдэнтаў, але і на ўзроўні парлямэнтаў, палітыкаў, журналістаў, на ўзроўні грамадзкіх супольнасьцяў. Гэта адбываецца, але амаль нелегальна і не падтрымліваецца на дзяржаўным узроўні. То бок, няма палітыкі, накіраванай на грамадзкія кантакты паміж Беларусьсю і Ўкраінай, што дрэнна. У гэтым сэнсе ёсьць пэўныя засьцярогі адносна палітычных нюансаў у Беларусі. Да апазыцыі там ставяцца зусім ня так, як у нас, да грамадзкай актыўнасьці, якая ў тым ліку мае і антыпрэзыдэнцкую накіраванасьць, таксама ставяцца ня так, як ва Ўкраіне. Таму калі Беларусь нас навучыць рэкультываваць забруджаныя землі, то мы маглі б трошкі навучыць грамадзкай актыўнасьці, якую, несумненна, Украіна можа дэманстраваць як уласныя навацыі і ноў-хаў.
Радыё Свабода: Ці былі, на вашу думку, на перамовах такія тэмы, якія публічна не артыкуляваліся ніводным з прэзыдэнтаў?
Дацюк: Такія тэмы заўсёды бываюць. Я больш чым упэўнены, што наш прэзыдэнт распытваў беларускага прэзыдэнта пра тое, ці павялічваецца вайсковая прысутнасьць Расеі ў Беларусі, як быць з самалётамі, з разгортваньнем новых расейскіх вайсковых падразьдзяленьняў на тэрыторыі Беларусі, ці пагражаюць яны Ўкраіне і гэтак далей. Магчыма, Лукашэнка сказаў нешта большае, не для прэсы, не для публічнага абмеркаваньня. Але на тое яна і ёсьць палітыка, і такія тэмы прэзыдэнты маюць абмяркоўваць. Бо гэта тое, што больш за ўсё цікавіць Украіну.
Зь іншага боку, магчымыя і непрыемныя для нас рэчы, якія заключаюцца ў тым, што прэзыдэнт Украіны — ня толькі прадстаўнік палітычнай эліты, а і таксама — украінскай алігархіі і, магчыма, яны яшчэ абмяркоўвалі нейкія тэмы карпаратыўных алігархічных інтарэсаў у Беларусі — і гэтая тэма тым больш не для прэсы. Але гэта мае гіпотэзы, здагадкі, таму што звычайна такія рэчы не становяцца публічнымі.
Радыё Свабода: Ці можа Парашэнка разглядаць асобу Лукашэнкі як пасярэдніка ў арганізацыі наўпроставых перамоваў паміж Украінаю і Расеяй?
Дацюк: Калі гаворка ідзе пра наўпроставыя перамовы, то пасярэднік не патрэбны. Ва Ўкраіне вялікая колькасьць грамадзян вельмі непрыхільна, нават нэгатыўна ставяцца да існуючага менскага фармату перамоваў. А наўпроставыя — таксама ня будуць успрыняты станоўча, таму што наўпроставыя перамовы праводзяцца толькі тады, калі завершана вайна і гаворка ідзе пра мірныя перамовы. Вайна не завершаная. Расея свае войскі не адцягнула, Украіна свае землі не адваявала, таму выходзіць на наўпроставыя перамовы рана. І калі ад Парашэнкі будзе зыходзіць такая ініцыятыва — яна ня будзе падтрыманая ва Ўкраіне.