Нярэдка можна пачуць, што Радаўніца — гэта расейская традыцыя, прынесеная ў Беларусь пасьля далучэньня краіны да Расейскай імпэрыі ў канцы XVIII стагодзьдзя. Гісторыкі царквы гэтага, аднак, не пацьвярджаюць.
Мы зьвязаліся з прафэсарам Беластоцкага ўнівэрсытэту Антонам Мірановічам, аўтарам дзясяткаў кніжак па гісторыі Праваслаўнай царквы.
Абламейка: Дык ці адзначаюць Радаўніцу праваслаўныя беларусы Беласточчыны?
Мірановіч: Радаўніца на Беласточчыне ёсьць. І найперш ў тых вёсках і парафіях, дзе спрэс жывуць праваслаўныя беларусы.
Калі мы гаворым пра паўднёвую Беласточчыну, куды прыйшлі асаднікі з Валыні, там ужо іншая рэлігійная культура і традыцыя.
А вёскі ў ваколіцах Саколкі, Заблудава, Крынак, Гарадка, Супрасьля працягваюць старую традыцыю Радаўніцы, таксама як і на Наваградчыне, і ва ўсёй Беларусі. Гэта вынікае ня толькі з характару насельніцтва і асяродзьдзя, але і з рэлігійнай традыцыі, якая сягае ў даўнія стагодзьдзі.
Напрыклад, на Беласточчыне ёсьць паселішча Дайліды — гэта людзі, якія прыйшлі з-пад Ліды. І яны прынесьлі такую самую традыцыю. І ў нас ў аўторак пасьля антыпасхі заўсёды ходзяць па могілках, сустракаюцца, размаўляюць з памерлымі.
Так што трэба ведаць, што сьвята Радаўніцы было заўсёды, як яно ёсьць і сёньня.
Абламейка: Значыцца, размовы пра тое, што Радаўніца прыйшла ў Беларусь разам з далучэньнем краіны да Расеі, не адпавядаюць сапраўднасьці?
Мірановіч: Так, вядома. У дакумэнтах Радаўніца выступае цэлы час, задоўга да далучэньня Беларусі да Расеі. І ў XVII стагодзьдзі, і ў XVIII стагодзьдзі. Дакумэнты пра гэта захаваліся, ёсьць нават апісаньні гэтай традыцыі.
Абламейка: І пад такой назвай?
Мірановіч: Так.