Лінкі ўнівэрсальнага доступу

130+ пахаваньняў выбітных беларусаў, якія варта наведаць у Менску

абноўлена

Радыё Свабода падрыхтавала мапы Вайсковых, Кальварыйскіх і Ўсходніх могілак з пазначэньнем месцаў пахаваньня беларусаў, якія прысьвяцілі жыцьцё беларускай справе, культуры і беларускай мове.​

«Беларускі нацыянальны нэкропаль» — праект мае на мэце пашырыць веды пра памерлых беларускіх культурных і грамадзкіх дзеячоў і ўшанаваць іх памяць. У яго межах Свабода выдала мапы-схемы менскіх могілак з пазначэньнем месцаў пахаваньняў. Усе мапы даступныя ў электронным і папяровым выглядзе.

Вайсковыя могілкі

​Спампаваць у PDF

Мікрасайт-спэцпраект

Вайсковыя могілкі
Вайсковыя могілкі

Каго варта наведаць на Вайсковых могілках:

1. Уладзімер Агіевіч (1910–1952), літаратар, паэт, перакладнік. Працаваў у Менскім пэдагагічным інстытуце, у часопісе «Беларусь». Крытык, пісаў артыкулы пра творчасьць Купалы і Коласа і пасьляваенную літаратуру.

2. Алеся Александровіч (1904–1947), літаратуразнаўца, сястра паэта і дзіцячага пісьменьніка Андрэя Александровіча. Удзельнічала ў клюбе «Беларуская хатка», сьпявала ў хоры пад кіраўніцтвам Уладзімера Тэраўскага. Склала чытанкі для беларускай школы, хрэстаматыі беларускай літаратуры. Жонка пэдагога Міхаіла Мароза, іх імёны на супольным помніку.

3. Арсэн Арсэнка (1903–1945), найвядомейшы барытон краіны, народны артыст БССР, саліст Дзяржаўнага тэатру опэры і балету. Першы выканаўца галоўнай партыі ў опэрах «У пушчах Палесься» А. Багатырова, «Кветка шчасьця» А. Туранкова.

4. Мікалай Бліадухо (1878–1935), геоляг, акадэмік Беларускай акадэміі навук. Дырэктар Інстытуту геалёгіі і гідрагеалёгіі БАН у 1929–1935 гадах. Узначальваў дасьледчыя экспэдыцыі ў Аршанскай, Магілёўскай і Калінінскай акругах. Вывучаў крэйдавыя адклады і фасфарыты на паўднёвым усходзе Беларусі.

5. Фёдар Блошкін, бацька Міхася Багуна, рэпрэсаванага паэта, празаіка і перакладніка.

6. Міхаіл Бобрык (1901–1956), загадчык катэдры агульнай хірургіі Менскага мэдычнага інстытуту, галоўны анколяг Міністэрства аховы здароўя, заслужаны лекар БССР. Напісаў шэраг навуковых працаў у пытаньнях анкалёгіі. У 1956 годзе праапэраваў Якуба Коласа. Пахаваны побач з Коласам.

7. Язэп Васілеўскі (1905–1929), сьпявак у хоры Першага Беларускага дзяржаўнага тэатру (цяпер тэатар імя Янкі Купалы) пад кіраўніцтвам Уладзімера Тэраўскага.

8. Марфа і Лукаш Ваўчкі, бабуля і дзед Вітаўта Кіпеля, гісторыка, бібліёграфа, дзеяча беларускай дыяспары.

9. Максім Выдрын (1870–1951), заснавальнік і кіраўнік першай у Беларусі катэдры акушэрства і гінэкалёгіі, аўтар падручнікаў.

10. Генрых Грыгоніс (1889–1955), актор тэатру і кіно. Граў у «Паўлінцы» і «Раскіданым гнязьдзе» па п’есах Купалы, якія ставіла Першае беларускае таварыства драмы і камэдыі. З 1920 году ў БДТ-1 (цяпер тэатар імя Янкі Купалы). Выконваў ролі ў пастаноўках па творах Чарота, Міровіча, Бядулі.

11.Алесь Гурло (1892–1938), паэт, празаік, перакладнік, лінгвіст. Працаваў у тэрміналягічнай камісіі Інбелкульту. Браў удзел у стварэньні тэрміналягічных слоўнікаў, выдаў слоўнік «Тэхнічная тэрміналёгія». Аўтар пяці паэтычных зборнікаў. Перакладаў на беларускую мову з расейскай і ўкраінскай.

12. Усевалад Ігнатоўскі (1881–1931), грамадзкі і палітычны дзяяч, гісторык. Першы прэзыдэнт Беларускай акадэміі навук. Быў сярод падпісантаў Дэклярацыі аб абвяшчэньні Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі Беларусі 31 ліпеня 1920 году. Народны камісар земляробства, народны камісар асьветы БССР. Паводле афіцыйнай вэрсіі, скончыў самагубствам.

13. Сяргей Кавалік (1846–1926), рэвалюцыянэр-народнік. Кандыдат матэматыкі. Адзін з арганізатараў «хаджэньня ў народ» рэвалюцыйных народнікаў Расеі. Адбываў катаргу ў Якуціі і Сібіры. З пачатку XX стагодзьдзя жыў у Менску, быў старастам менскага аддзяленьня Ўсесаюзнага таварыства былых паліткатаржанаў і ссыльнапасяленцаў.

14. Андрэй Каленчыц (памёр у 1927 годзе), настаўнік са Случчыны, надмагільны надпіс па-беларуску.

15. Марыя Каменская (1850–1928), цешча Якуба Коласа.

16. Арсен Канчэўскі (1901–1931), публіцыст, актывіст Таварыства беларускай школы, асуджаны польскімі ўладамі на 4 гады зьняволеньня, бо ўваходзіў у ЦК Камуністычнай партыі Заходняй Беларусі. Брат філёзафа Ігната Канчэўскага.

17. Міхась Клімковіч (1899–1954), паэт, драматург, празаік, крытык, аўтар тэксту гімна БССР «Мы, беларусы». Напісаў драматычную трылёгію «Георгій Скарына», лібрэта да балету «Князь-возера», опэры «Кастусь Каліноўскі». Побач пахаваныя жонка Марыя, дочкі Сьвятлана і Мая.

18. Якуб Колас (Канстанцін Міцкевіч, 1882–1956), адзін з заснавальнікаў сучаснай беларускай літаратуры і літаратурнай мовы. Народны паэт Беларусі. Аўтар паэмаў «Новая зямля» і «Сымон-музыка», раману «На ростанях». Побач пахаваныя жонка Марыя Міцкевіч і сын Даніла Міцкевіч. Чытайце «20 нечаканых фактаў» пра Коласа на Свабодзе.

19. Яўген Корчыц (1880–1950), выбітны хірург, які стаяў ля вытокаў хірургіі ў Беларусі, чалец-карэспандэнт Акадэміі навук. Аўтар больш як 90 навуковых працаў. Узначальваў катэдры хірургіі на мэдычным факультэце БДУ і ў Беларускім мэдычным інстытуце.

20. Якаў (Янкель) Кругер (1869–1940), жывапісец-партрэтыст, заслужаны дзяяч мастацтваў БССР. Вучыўся ў Варшаве, Кіеве, Парыжы і Пецярбургу. У 1904 годзе адкрыў у Менску курсы рысаваньня і жывапісу. Ягонымі вучнямі былі Міхаіл Станюта, Хаім Суцін, Міхаіл Кікоін, Іван Ахрэмчык, Заір Азгур.

21. Уладзімер Крыловіч (1895–1937), актор, адзін з заснавальнікаў беларускага тэатру. З 1921 году ў Першым Беларускім дзяржаўным тэатры (сёньня тэатар імя Янкі Купалы). Выконваў ролі ў спэктаклях «Паўлінка», «Машэка», «Кастусь Каліноўскі» ды інш. Заслужаны артыст БССР.

22. Янка Купала (Ян Луцэвіч, 1882–1942), адзін з заснавальнікаў новай беларускай літаратуры і літаратурнай мовы. Народны паэт Беларусі. Аўтар п’есаў «Паўлінка» і «Тутэйшыя». Побач пахаваная жонка Ўладзіслава Луцэвіч. Чытайце «20 нечаканых фактаў» пра Янку Купалу і Ўладзіславу Луцэвіч на Свабодзе.

23. Іван Кушнер (1908–1943), праваслаўны сьвятар, протаярэй Літоўскай япархіі, удзельнік беларускага хрысьціянскага руху ХХ ст. Удзельнічаў у працы перадсаборнай праваслаўнай камісіі і Ўсебеларускага царкоўнага сабору ў 1942 годзе, на якім абвешчана аўтакефалія Беларускай праваслаўнай царквы.

24. Алесь Ліпнёвы (Абрам Ашаровіч, 1909–1933), паэт, таксама выступаў у друку з нарысамі, апавяданьнямі. Працаваў у рэдакцыях газэт «Чырвоная зьмена», «Зьвязда», адказным сакратаром часопісу «Напагатове».

25. Абрам Лур’е (1895–1972), прафэсар эканомікі, падрыхтаваў каля сотні асьпірантаў-эканамістаў. У 1940 годзе ўзначаліў новаствораную катэдру палітэканоміі БДУ. Пераклаў на ідыш кнігу «Эканамічнае вучэньне К. Маркса».

26. Бянігна Луцэвіч (Валасевіч, 1857–1942), маці Янкі Купалы, народнага паэта Беларусі.

27. Вера Лютава (1912–1954), друкавала вершы на расейскай мове ў смаленскіх абласных газэтах, часопісах «Смена» і «Огонёк». Пасьля вайны ўзначальвала сэкцыю расейскай літаратуры Саюзу пісьменьнікаў БССР.

28. Эмілія Манэ-Станкевіч (1853–1922), цешча Янкі Купалы, народнага паэта Беларусі. Паходзіць з роду францускага мастака-імпрэсіяніста Клёда Манэ.

29. Міхаіл Мароз (1895–1944?), пэдагог, дзяржаўны дзяяч, паўнамоцны прадстаўнік БССР пры ўрадзе РСФСР. Кіраўнік справаў СНК БССР, старшыня камісіі Інбелкульту па ахове помнікаў старадаўнасьці, мастацтва і прыроды. Памёр у лягеры НКВД. Дакладнае месца і дата сьмерці невядомыя. Яго імя на супольным помніку з жонкай, літаратуразнаўцай Алесяй Александровіч.

30. Еўсьцігней Міровіч (1878–1952), драматург і тэатральны рэжысэр. Мастацкі кіраўнік, а затым рэжысэр БДТ—1 (цяпер тэатар імя Янкі Купалы). Спэктакль і фільм, пастаўленыя паводле п’есы Міровіча «Кастусь Каліноўскі», абудзілі інтарэс да гэтай гістарычнай асобы. Чытайце «20 нечаканых фактаў» пра Міровіча на Свабодзе.

31. Аркадзь Моркаўка (1900–1957), паэт. Уваходзіў у рэдакцыю часопісу «Маладняк», у рэдкалегію часопісу «Полымя». Аўтар зборнікаў паэзіі «Дым жыцьця», «Гады, як парусы», «Вершы». Творчасьць Моркаўкі высока ацаніў Янка Купала. Ад 1930-х пісаў «у стол», не публікаваў сваіх вершаў.

32. Платон Саевіч (1892–1956), дзяржаўны і партыйны дзяяч, міністар асьветы БССР (1947–1951). Быў рэктарам шэрагу ВНУ, у тым ліку Горацкай сельскагаспадарчай акадэміі, Камуністычнага ўнівэрсытэту БССР. У 1951 годзе рэпрэсаваны, рэабілітаваны ў 1956-м.

33. Юры Рудзько (1913–1948), празаік, драматург. Загадваў аддзелам у газэтах «Чырвоная зьмена» і «Літаратура і мастацтва».

34. Несьцер Сакалоўскі (1902–1950), кампазытар, хормайстар, фальклярыст. Запісаў і апрацаваў больш за 500 беларускіх народных песень. Аўтар музыкі дзяржаўнага гімну БССР, які затым стаў афіцыйным гімнам Рэспублікі Беларусі. Аўтар музыкі песень на словы беларускіх клясыкаў, песьні «Ой, Нёман».

35. Эдуард Самуйлёнак (1907–1939), празаік і драматург. Працаваў у рэдакцыях газэт «Чырвоная Полаччына» і «Літаратура і мастацтва». Ягоныя п’есы «Тэорыя Каленбрун» і «Пагібель ваўка» былі апублікаваныя і пастаўленыя.

36. Барыс (Борух) Сольц (1903–1928), рэдактар двутыднёвіка «Дэр юнгэр арбэтэр» («Малады рабочы»), які выдаваўся на ідыш у Менску.

37. Рыгор Страшко (1917-1945), журналіст газэты «Зьвязда». Быў партызанам у часе Другой усясьветнай вайны.

38. Валянцін Таўлай (1914–1947), паэт, літаратуразнаўца, грамадзкі дзяяч. Актыўны ўдзельнік левага руху ў Заходняй Беларусі міжваеннага часу, адзін з рэдактараў «Беларускай газэты» ў Вільні. Аўтар паэмы «Непераможная», цыклю вершаў, напісаных у турме, дзе быў зьняволены польскімі ўладамі за камуністычную дзейнасьць.

39. Паўлюк Трус (1904–1929), паэт, сябра літаратурнага аб’яднаньня «Маладняк». Пры жыцьці выдаў чатыры зборнікі паэзіі: «Вершы» (1925), «Ветры буйныя» (1927), Збор твораў (1934), «Творы» (1935). Апублікаваў дзясяткі вершаў і фэльетонаў у беларускім друку. Памёр ад тыфусу.

40. Аляксей Туранкоў (1886–1958), кампазытар, адзін з пачынальнікаў жанраў масавай песьні, хору, рамансу ў беларускай музыцы. Аўтар опэраў «Кветка шчасьця», «Яснае сьвітаньне», балету «Лясная казка», музыкі да драматычных спэктакляў «Пінская шляхта» і фільмаў. Апрацоўваў беларускія народныя песьні. У 1945–1954 годзе ў лягерах НКВД, рэабілітаваны ў 1959 годзе.

41. Сяргей Урванцоў (1863–1937), мэдык і арганізатар аховы здароўя. Быў актыўным сябрам, а пазьней прэзыдэнтамТаварыства менскіх лекараў. На ягоную ініцыятыву ў Менску была створаная хуткая мэдычная дапамога. Быў галоўным лекарам некалькіх менскіх лякарняў.

42. Рут Ўолер (1921–1946) — амэрыканская місіянэрка ў Беларусі. Пасьля Другой усясьветнай вайны ў Менску ў складзе місіі ААН для дапамогі і аднаўленьня (UNRRA) арганізоўвала пастаўкі ў Беларусь прадуктаў, адзеньня, мэдычных прэпаратаў. У 1946 годзе выратавала траіх хлопчыкаў, якія танулі ў возеры. Неўзабаве захварэла і памерла.

43. Іван Хозераў (1889–1947), мастацтвазнаўца і гісторык архітэктуры. Вывучаў старажытныя помнікі архітэктуры і мастацтва Беларусі. У Полацку дасьледаваў Сафійскі сабор, Спаса-Эўфрасіньнеўскую царкву, Барысаглебскі манастыр, у Смаленску — Петрапаўлаўскую царкву, у Горадні — Барысаглебскую царкву.

44. Аляксандар Чарвякоў (1892–1937), адзін з арганізатараў і кіраўнікоў Беларускай сацыял-дэмакратычнай рабочай партыі. Удзельнік 1-га Ўсебеларускага зьезду. Падпісаў Маніфэст аб абвяшчэньні ССРБ 1 студзеня 1919 году. Старшыня Савету народных камісараў Беларускай ССР. Праз абвінавачаньні ў «нацыянал-апартунізьме» скончыў самагубствам.

45. Кузьма Чорны (Мікалай Раманоўскі, 1900–1944), празаік, драматург, публіцыст; стваральнік беларускай сацыяльна-псыхалягічнай і інтэлектуальна-філязофскай прозы. У 1926–1931 г. старшыня літаратурнага аб’яднаньня «Ўзвышша». Аўтар апавяданьняў, аповесьцяў, раманаў «Сястра», «Зямля», «Бацькаўшчына». У 1938–1939 г. увязьнены ў турме НКВД.

46. Георгі Шчарбатаў (1919–1957), пісьменьнік і журналіст. Быў ваенным карэспандэнтам падчас Другой усясьветнай вайны, працаваў у газэце «Звязда», якая выдавалася падпольна на акупаванай тэрыторыі. Аўтар аповесьцяў, нарысаў, успамінаў пра партызанскі рух падчас вайны.

47. Язэп Юхо (1921–2004), гісторык дзяржавы і права Вялікага Княства Літоўскага, БНР і БССР. Аўтар кнігі «Гісторыя дзяржавы і права Беларусі». Суаўтар першага «Юрыдычнага энцыкляпэдычнага слоўніка» на беларускай мове.

48. Герасім Якушка (1900–1942), галоўны архітэктар Менску ў 1936–1941 гадах. Паводле праектаў Якушкі ў БССР было пабудавана каля двух дзясяткаў арыгінальных жылых дамоў і грамадзкіх будынкаў, у тым ліку на цяперашнім праспэкце Незалежнасьці ў Менску.

Братнія магілы:

49. Каля тузіну сяброў Саюзу беларускай моладзі пахаваныя ў месцы, дзе стаіць помнік Леаніду Слаўніну. Яны сталі ахвярамі выбуху ў гарадзкім тэатры 22 чэрвеня 1943 году.

50. Тут перапахаваныя чалавечыя парэшткі, знойдзеныя пры раскопках на месцы былога ўніяцкага кляштару на плошчы Свабоды.

51. Братняя магіла маладых людзей, якія сталі ахвярамі пажару 1946 году падчас карнавалу ў менскім клюбе НКГБ.

52. Братнія магілы вайскоўцаў.

Кальварыйскія могілкі

Cпампуйце PDF

Спампуйце JPG: 1 бок, 2 бок

Кальварыйскія могілкі — найстарэйшыя сярод захаваных у Менску. Заснаваньне менскай Кальварыі не акрэсьліваецца канкрэтным годам, праз тое і ўзьнікла легенда, якая цьвердзіць, што могілкам і касьцёлу — 600 гадоў.

Слова Calvaria лацінскага паходжаньня, азначае тое самае, што і Гальгота (гэта старажытнагрэцкае слова арамэйскага паходжаньня) — месца, дзе быў укрыжаваны Ісус Хрыстос. У перакладзе ж гэта верхняя частка чэрапа або — у пераносным значэньні — Лысая гара, як такія пагоркі звычайна завуцца і ў нас. Калі на гары ставілі храм, людзі падымаліся да яго, як Хрыстос — да Гальготы (Кальварыі).

Каго варта наведаць на Кальварыйскіх могілках:

1. Вячаслаў Адамчык (01.11.1933–05.08.2001) — беларускі празаік, драматург, кінасцэнарыст. Аўтар раманаў «Чужая бацькаўшчына», «Год нулявы», «І скажа той, хто народзіцца...», апавяданьняў «Прылёт кажана», «Ноч на Галавасека». Бацька пісьменьнікаў Адама Глёбуса і Міраслава Шайбака. Пахаваны: 2 с. 1а ш. 6 м. (Падорскі)

2. Алесь Асташонак (01.06.1954–07.09.2004) — беларускі празаік, кінасцэнарыст, перакладнік. Аўтар кнігі прозы «Фарбы душы», п’есаў «Іскры ўначы», «Камэдыянт, ці Ўзьнёсласць сумнай надзеі», сцэнароў фільмаў «Камэдыянт» і «Сон». Перакладаў на беларускую Ж. Сымэнона ды інш. Сябра згуртаваньня «Тутэйшыя». Пахаваны: Калюмбарыюм. І сэктар

3. Гаўрыла Віер (07.05.1954 — 07.09.2004) — беларускі перакладнік, кінасцэнарыст, празаік. Пахаваны: Калюмбарыюм. 1 сэктар.

4. Ян Дамель (1780–30.08.1840) — мастак, прадстаўнік мастацкай школы Віленскага ўнівэрсытэту, пакінуў значны сьлед у мастацтве Беларусі і Літвы. Аўтар партрэтаў Дамініка Радзівіла, Канстанціна Тышкевіча, гістарычных палотнаў «Павел I вызваляе Касьцюшку з турмы», «Сьмерць магістра крыжакоў Ульрыха фон Юнґінґена ў бітве пад Грунвальдам», рэлігійных «Маленьне Збаўцы», «Сьвятая Канстанцыя з крыжам». Пахаваны: Пад галоўным аўтаром касьцёлу

5. Пятро Драчоў (06.07.1937–08.05.2005) — беларускі мастак, графік. Афармляў кнігі свайго сябра Ўладзімера Караткевіча, Ул. Дубоўкі, Ул. Арлова. 25 год быў мастацкім рэдактарам часопісу «Бярозка». Аўтар станкавых гравюраў «Паўстаньне 1863 году», «Кірмаш у мястэчку», шматлікіх літаграфіяў на тэмы беларускай гісторыі, ілюстрацыяў да кнігі В. Вячоркі «Пра герб і сьцяг». Пахаваны: Калюмбарыюм. ІV сэктар

6. Вацлаў Іваноўскі (25.05.1880–07.12.1943) — адзін з пачынальнікаў і лідэраў беларускага нацыянальнага руху ў ХХ ст. Заснавальнік Беларускай рэвалюцыйнай партыі, сузаснавальнік Беларускай сацыялістыянай грамады. Апрацаваў першы лемантар сучаснай беларускай мовы, стварыў у Пецярбургу першае беларускае выдавецтва — суполку «Загляне сонца і ў наша ваконца», супрацоўнічаў з газэтамі «Наша доля» і «Наша ніва». Міністар асьветы ва ўрадзе Беларускай Народнай Рэспублікі, упаўнаважаны БНР на перамовах з Польшчай 1920 г. Доктар тэхнічных навук, быў рэктарам Менскага беларускага пэдагагічнага інстытуту, выкладаў у Віленскім унівэрсытэце. З 1942 бурмістар Менску, загінуў у выніку замаху. Пахаваны: Цэнтральная алея, ля касьцёлу

7. Юры Кабылінскі (1778(?) - 04.11.1858) — сакратар Менскага дваранскага дэпутацкага сходу, літаратар, мастак, мэцэнат і калекцыянэр. Сябраваў зь Вінцэнтам Дунінам-Марцінкевічам. Заснаваў першы ў горадзе асабісты музэй, калекцыя якога складалася з манэтаў, мінэралаў, антычных старажытнасьцяў, старых кніг і манускрыптаў, сярод якіх арыгінал Статута ВКЛ і мапа Хрыстафора Калюмба. Пасьля сьмерці Кабылінскага экспанаты перайшлі ў Віленскі музэй старажытнасьцяў. Фундатар Кальварыйскай брамы. Na główną aleję wchodzi się przez bramę ufundowaną przez Jędrzeja Kobylińskiego dla uczczenia pamięci zmarłej żony. Пахаваны: Месца пахаваньня невядомае

8. Яўген Кулік (31.10.1937–12.01.2002) — беларускі мастак, кніжны графік, бібліяфіл. Мастацкі рэдактар часопісаў «Бярозка» і «Вясёлка». Аўтар рэканструкцыяў беларускіх замкаў, партрэтаў дзяячоў Беларушчыны. Сузаснавальнік мастацкай суполкі «Пагоня». Аўтар эталёна гербу «Пагоня» ў якасьці дзяржаўнага гербу Рэспублікі Беларусь у 1991–1995 г. Адзін з ідэолягаў новага беларускага Адраджэньня, лідэр нонканфармісцкага асяродку менскай інтэлігенцыі «На Паддашку», сузаснавальнік БНФ. Пахаваны: 7 с. 10 ш. 37 м.

9. Ян Баляслаў Луцкевіч (15.05.1831–04.09.1895) — бацька Івана і Антона Луцкевічаў. Прафэсійны вайсковец, паўстанец 1863–1864 г., адзін зь першых прафэсійных беларускіх чыгуначнікаў. Сябра Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча, які прысьвяціў яму верш «Заўтра Спаса, кажуць людзе». Пахаваны: Цэнтральная алея

10. Янка Лучына (Ян Неслухоўскі) (06.07.1851–16.07.1897) — беларускі паэт, мысьляр, тэатральны крытык. Інжынэр-тэхноляг. Вершам «Вясновай парой» (1889) вярнуў беларускую літаратуру ў друк упершыню пасьля паўстаньня 1863–1864 г. Аўтар паэмы «Паляўнічыя акварэлькі з Палесься», абразка «З крывавых дзён». Каб выдаць у 1903 годзе ягоную кнігу «Вязанка» і ўнікнуць забароны на беларускамоўны друк, цэнзарам заявілі, што яна на баўгарскай мове. Пахаваны: ля касьцёла

11. Аляксандар Люцко (23.01.1941–04.09.1997) — заснавальнік і першы рэктар Міжнароднага інстытуту радыеэкалёгіі імя А. Сахарава (сёньня Міжнародны дзяржаўны экалягічны ўнівэрсытэт імя А. Сахарава). Аўтар манаграфіяў, навучальных дапаможнікаў у радыяцыйнай бясьпецы. Зь ягонай ініцыятывы і пад ягоным кіраўніцтвам распрацаваная Канцэпцыя радыеэкалягічнай адукацыі ў Рэспубліцы Беларусі. Пахаваны: 1 с. 2 ш. 36 м. (Бейшэр)

12. Ян Матусевіч (21.06.1948–02.09.1998) — беларускі рэлігійны і грамадзкі дзяяч, сьвятар. Першы дэкан адноўленай Беларускай Грэка-каталіцкай царквы. Ініцыятар і ўдзельнік акцыяў ушанаваньня ахвяраў сталінскага тэрору, чарнобыльскай катастрофы. Удзельнік устаноўчага зьезду БНФ «Адраджэньне», сябра Рады Таварыства беларускай мовы ад моманту заснаваньня. Асьвяціў усталяваны ў Курапатах Крыж памяці ахвяраў бальшавізму і абраз Маці Божай Чарнобыльскай. Сузаснавальнік Беларускага біблійнага таварыства. Пахаваны: 2 с. 8 ш. 15 м. (Акуліч)

13. Іван Навуменка (16.02.1925–17.12.2006) — народны пісьменьнік Беларусі, літаратуразнавец. Акадэмік АН БССР, доктар філялягічных навук, прафэсар. Аўтар раманаў «Сасна пры дарозе», «Вецер у соснах», «Сорак трэці». Старшыня ВС БССР (1985–1990). Пахаваны: 2 с. 8 ш. 20 м. (Акуліч)

14. Алесь Пісьмянкоў (25.02.1957–23.04.2004) — беларускі паэт, эсэіст, перакладнік. Працаваў у часопісах «Літаратура і мастацтва», «Полымя», «Вожык». Аўтар кніг паэзіі «Белы камень», «Чытаю зоры», «Планіда», «Вершы», «Журавель над студняй». Пахаваны: 1 с. 42 ш. 15а м. (Дзядзечкін)

15. Аляксандар Сіпайла (1854 — 1886) — каталіцкі сьвятар, пробашч катэдральнага касьцёлу імя Найсьвяцейшай Панны Марыі ў Менску. Працаваў у цяжкі для Касьцёлу час пасьля задушэньня паўстаньня 1863–1864 г. У памяць пра ягоную самаадданую працу людзі паставілі помнік з надпісам: «Сьвятога жыцьця ня многа дзён, а добрая слава жыць будзе вечна». Пахаваны: Ля касьцёлу.

16. Галіна Сяржаніна (17.10.1930–22.05.2008) — навуковец-біёляг, аўтарка шэрагу навуковых выданьняў, суаўтарка беларускамоўнага энцыкляпэдычнага даведніка «Грыбы і грыбная кулінарыя». Пахаваная: 8 с. 35 ш. 15 м. (Зайцавы)

17. Алесь Траяноўскі (22 верасьня 1925, Уздымач на Случчыне — 18 сакавіка 2005 ) — беларускі пісьменьнік, літаратуразнаўца, перакладнік з славянскіх моваў. Ляўрэат кашубскай прэміі Сталема, пачынальнік беларуска-сэрбалужыцкіх кантактаў. Кіраваў аддзелам літаратуры і мастацтва у «Зьвязьдзе», быў намесьнікам рэдактара часопіса «Мастацтва Беларусі», рэдактарам адноўленай «Беларускай крыніцы». Пахаваны: каля сьцяны ў куце 6 сэктару.

С — сэктар Ш — шэраг М — месца

Усходнія могілкі

Спампаваць мапу: 1 бок, 2 бок

Паглядзець на Google Maps

Віртуальная экскурсія

Каго варта наведаць на Ўсходніх могілках:

  1. Васіль Быкаў. Легендарны пісьменьнік і грамадзкі дзяяч. Быкава называюць сумленьнем нацыі.
  2. Генадзь Бураўкін. Беларускі паэт, журналіст і дыплямат. Ляўрэат дзяржаўнай прэміі імя Янкі Купалы
  3. Заір Азгур. Скульптар, народны мастак. Аўтар бюсту Янку Купалу ў Вязынцы, паўфігуры Міколы Гусоўскага і ансамблю на плошчы Якуба Коласа.
  4. Алена Аладава. Мастацтвазнаўца. Стваральніца і шматгадовая кіраўніца Дзяржаўнага мастацкага музэю. Зьбірала шэдэўры беларускага жывапісу.
  5. Анатоль Анікейчык. Скульптар-манумэнталіст, народны мастак. Аўтар помніка Янку Купалу ў Менску.
  6. Іван Ахрэмчык. Народны мастак. Аўтар шэрагу партрэтаў, тэматычных карцінаў ды пэйзажаў.
  7. Анатоль Багатыроў. Кампазытар, народны артыст. Адзін з заснавальнікаў нацыянальнай беларускай оперы. Аўтар опэры «У пушчах Палесься» паводле Якуба Коласа.
  8. Алесь Бачыла. Паэт і драматург. Аўтар паўтара дзясятка кнігаў паэзіі. Пераклаў на беларускую мову «Тараса Бульбу» М. Гогаля і інш.
  9. Андрэй Бембель. Скульптар, народны мастак. Адзін з аўтараў мэмарыялу «Берасьцейская крэпасьць-герой», аздабленьня Дома Ўраду і Манумэнта Перамогі ў Менску, партрэтаў Адама Міцкевіча і Янкі Купалы.
  10. Мікалай Бірыла. Мовазнаўца. Спэцыяліст па беларускай антрапаніміі. Аўтар 110 мовазнаўчых працаў, у т. л. 8 манаграфій і слоўнікаў.
  11. Пятрусь Броўка. Пісьменьнік, народны паэт. Аўтар дзясяткаў кніг паэзіі. «Пахне чабор», «Александрына» і многія іншыя вершы пакладзеныя на музыку.
  12. Алег Бябенін. Незалежны журналіст і стваральнік сайту «Хартыя 97»
  13. Генрых Вагнэр. Кампазытар і музыка, народны артыст. Аўтар опэры «Сьцежкаю жыцьця» паводле аповесьці В. Быкава «Воўчая зграя» і інш.
  14. Ігар Гермянчук. Журналіст, грамадзкі дзяяч. Удзельнік незалежніцкага руху 80-х, дэпутат Вярхоўнага Савету 12-га скліканьня. Рэдактар забароненай газэты «Свабода».
  15. Аляксей Глебаў. Скульптар, народны мастак. Аўтар помніка Францішку Скарыну ў Полацку.
  16. Пятро Глебка. Паэт, навуковец. Ініцыяваў збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Спрыяў разьвіцьцю беларускага тэатразнаўства і фальклярыстыкі, мастацтвазнаўства і этнаграфіі.
  17. Анатоль Грачанікаў. Паэт і перакладнік.
  18. Ігар Дабралюбаў. Рэжысэр і сцэнарыст, народны артыст. Падтрымліваў адраджэнскі рух у 90-я гг. Зьняў фільмы «Белыя росы», «Іван Макаравіч» (першая беларуская стужка, уганараваная на прэстыжным заходнім кінафэстывалі) і многія іншыя.
  19. Лілія Давідовіч. Акторка, народная артыстка. Легенда Купалаўскага тэатру. Сыграла ў «Ідыліі» Дуніна-Марцінкевіча, «Паўлінцы» Купалы, «Чорнай паньне Нясьвіжа» Дударава і інш.
  20. Іосіф Жыновіч. Цымбаліст, дырыгент, народны артыст. Заснавальнік катэдры народных інструмэнтаў у Беларускай кансэрваторыі. Кіраўнік дзяржаўнага аркестру БССР.
  21. Уладзімер Караткевіч. Паэт, празаік, публіцыст, драматург. Выступаў і абарону мовы і культуры. Аўтар раманаў «Дзікае паляваньне караля Стаха», «Каласы пад сярпом тваім», «Чорны замак Альшанскі», патрыятычных вершаў.
  22. Уладзімер Кармілкін. Журналіст і фатограф. Аўтар унікальнага архіву пра пачаткі беларускай незалежнасьці 80-90-х гг.
  23. Генадзь Карпенка. Навуковец, палітык. Адзін зь лідэраў дэмакратычнага руху.
  24. Арлен Кашкурэвіч. Народны мастак. Стварыў партрэты гістарычных дзеячоў Беларусі, сэрыі «Купаліяна», «Асьветнікі» і інш. Аздобіў кнігі Караткевіча, Коласа і Купалы.
  25. Аляксандар Кішчанка. Народны мастак. Аўтар габеэлену «Чарнобыль» і «Габэлену стагодзьдзя» — самага вялікага габэлену ў сьвеце.
  26. Кандрат Крапіва. Народны пісьменьнік. Паэт, сатырык, драматург, мовазнаўца. Пісаў байкі і камэдыі, аўтар п’есы «Хто сьмяецца апошнім», якую называюць замаскаваным памфлетам супраць сталінізму.
  27. Аркадзь Куляшоў. Народны паэт. Сярод іншага, напісаў паэму «Хамуціус», прысьвечаную нацыянальнаму герою Кастусю Каліноўскаму і яго патрыятычнай справе.
  28. Еўдакія Лось. Паэтэса. Аўтарка 11 зборнікаў лірыкі і шэрагу кніжак для дзяцей,
  29. Міхась Лынькоў. Народны пісьменьнік. Празаік, літаратуразнаўца. Аўтар кнігі «Міколка-паравоз» і інш.
  30. Андрэй Макаёнак. Драматург, народны пісьменьнік. Аўтар камэдыяў «Лявоніха на арбіце», «Сьвятая прастата», трагікамэдыяў «Зацюканы апостал» і «Трыбунал» і інш.
  31. Янка Маўр. Пісьменьнік. Аўтар «Палескіх рабінзонаў» ды іншых апавяданьняў для дзяцей і падлеткаў.
  32. Іван Мележ. Празаік, драматург, народны пісьменьнік. Аўтар раману «Людзі на балоце» з трылёгіі «Палеская хроніка» і інш.
  33. Уладзімер Мулявін. Музыка, народны артыст. Заснавальнік і кіраўнік ансамблю «Песьняры»
  34. Пімен Панчанка. Народны паэт. Аўтар зборнікаў лірыкі, у тым ліку вершаў пра мову «Беларуская мова» і «Родная мова». Перакладаў Міцкевіча, Шылера інш.
  35. Піліп Пестрак. Паэт, празаік, перакладнік. Аўтар раманаў «Серадзібор» і «Сустрэнемся на барыкадах» і інш.
  36. Міхаіл Пташук. Кінарэжысэр, актор. Аўтар фільмаў «Знак бяды» і «Чорны замак Альшанскі» і інш.
  37. Віктар Роўда. Дырыгент, пэдагог, народны артыст.
  38. Канстанцін Саньнікаў. Рэжысэр, актор, народны артыст. Кіраваў Беларускім трэцім тэатрам (пасьля Уладзіслава Галубка), пасьля — тэатрам імя Янкі Купалы.
  39. Барыс Сачанка. Пісьменьнік і перакладнік. Выдаў шэраг кнігаў прозы, аўтар аповесьці «Не на той вуліцы». Склаў зборнік паэзіі беларускай эміграцыі.
  40. Стэфанія Станюта. Акторка, народная артыстка. Легенда беларускага тэатру і кіно. Акторка тэатраў Галубка і Янкі Купалы
  41. Язэп Сушынскі. Мовазнаўца. Займаўся распрацоўкай навуковай тэрміналёгіі. Адзін з арганізатараў Першага Усебеларускага Кангрэсу. Рэпрэсаваны.
  42. Георгі Таразевіч. Грамадзкі і палітычны дзяяч, дыплямат. Выступаў у абарону нацыянальнай сымболікі і мовы. Адзін зь лідэраў Беларускай Сацыял-дэмакратыі.
  43. Віктар Тарасаў. Актор, народны артыст. Сыграў у дзясятках спэктакляў і больш за паўсотні фільмаў
  44. Міхась Ткачоў. Гісторык, археоляг і грамадзкі дзяяч. Дасьледнік замкаў і вайсковай гісторыі Беларусі. Адзін з утваральнікаў «Мартыралёгу» і БНФ
  45. Мікола Трухан. Актор, рэжысэр. Стваральнік тэатру «Дзе-Я?»
  46. Віктар Тураў. Народны артыст, кінарэжысэр. Стварыў кінацыкаль паводле трылёгіі І. Мележа «Палеская хроніка», экранізаваў «Шляхціца Завальню» паводле Яна Баршчэўскага і інш.
  47. Іван Чыгрынаў. Народны пісьменьнік. Аўтар раману «Плач перапёлкі» і інш.. Ад 1989 — галоўны рэдактар часопісу «Спадчына».
  48. Іван Шамякін. Народны пісьменьнік. Аўтар раманаў «Сэрца на далоні», «Глыбокая плынь», цыклю «Трывожнае шчасьце» і інш.
  49. Рыгор Шырма. Народны артыст. Харавы дырыгент і фальклярыст. Сабраў больш за 2 тысячы беларускіх народных песень. Як кіраўнік Таварыства беларускай школы (1927-1936), наладжваў працу школаў зь беларускай мовай навучаньня.
  50. Яўгенія Янішчыц. Паэтэса. Скразныя тэмы яе творчасьці — беларуская прырода, вёска, палесьсе. Аўтарка вершу «Ты паклiч мяне. Пазавi» і інш.
  51. Фёдар Янкоўскі. Мовазнаўца, пісьменьнік. Складальнік зборнікаў афарызмаў, прыказак і прымавак, параўнаньняў, фразэалягізмаў і інш.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG