Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Якія выдатныя літаратурныя творы ня сталі кнігамі?


Сёлета Беларусь сьвяткуе пяцісотгодзьдзе айчыннага кнігадруку. З часу, калі Францішкам Скарынам упершыню ў славянскім сьвеце была надрукаваная кніга «Псалтыр», беларусы напісалі, выдалі тысячы і тысячы назваў кніг. Сотнямі зь іх нацыя ганарыцца, называе іх кнігамі годнасьці. І насамрэч гэта найвялікшы культурны здабытак беларусаў. У наш час, час большай разьняволенасьці мысьленьня, большай камунікатыўнасьці і свабоды творчасьці, літаратурны працэс становіцца яшчэ больш разнастайным. Цягам апошніх дзесяцігодзьдзяў паўсталі выдатныя тэксты. Шэраг зь іх сталі выдатнымі кнігамі, якія ня толькі ўплываюць на духоўны стан грамадзтва, але і праславілі Беларусь у сьвеце. Вяршыняй прызнаньня беларускай літаратуры і беларускай кнігі стала нобэлеўская прэмія Сьвятлане Алексіевіч. Дык якія кнігі, створаныя ў апошнія дзесяцігодзьдзі, вартыя ўвайсьці ў рэйтынг беларускай «пяцісотгоднасьці»? І якія выдатныя тэксты, творы беларускай літаратуры ня сталі выдатнымі кнігамі, а мо нават і проста кнігамі? Урэшце — якія пэрспэктывы мае беларуская кніга? Мы працягваем размову зь пісьменьнікам, публіцыстам Сяргеем Дубаўцом.

Вячаслаў Ракіцкі: Сяргей, мне падаецца, што далёка ня ўсё вартаснае з напісанага беларускімі пісьменьнікамі, мо нават асабліва апошнімі гадамі, стала кнігаю. Ці вы згодны з гэтым? Калі так, дык у які адрэзак часу і чаму выдатныя тэксты ня сталі вялікай кнігай?

Сяргей Дубавец: Гэта вялікае пытаньне. Я згадваю цэлую плойму паэтаў і празаікаў «Маладняка», «Узвышша» даваеннага часу. Абсалютна таленавітыя людзі Паўлюк Трус, Міхась Зарэцкі, Тодар Кляшторны і яшчэ дзясяткі таленавітых творцаў былі расстраляныя — і рэабілітаваныя толькі праз дваццаць-трыццаць гадоў. Толькі праз трыццаць гадоў выйшлі іхныя кнігі. І нявыкрутка ў тым, што гэтыя кнігі ўжо не гучалі як кнігі. Мінуў час. Творы гучалі па-ранейшаму. Іх можна было чытаць у анталёгіях, у зборніках, але як кнігі яны не адбыліся, бо выпалі са свайго часу, а ў нашым ужо не ўзнавіліся.

Іншая рэч. Бяда апошніх дваццаці гадоў, што выбітныя кнігі як бы не пасьпяваюць стаць Кнігамі зь вялікай літары. Да прыкладу, «Сьцяна» Васіля Быкава. Гэта быў праект газэты «Наша Ніва», і называўся ён «Народная кніга». У дзяржаўным выдавецтве «Сьцяну» друкаваць ня сталі, і мы ў рэдакцыі «Нашай Нівы», а я тады там працаваў, абвясьцілі збор сродкаў. Кніга была вельмі добра падрыхтаваная і аформленая — павінна была прагучаць на самага шырокага чытача. Але ў друкарні зэканомілі грошы — замест сшыўкі зрабілі адну склейку. І варта было ўзяць кнігу ў рукі — яна рассыпалася на старонкі. Як бы і ўсе прыкметы кнігі былі — са сваёй легендай, са сваім лёсам. А не атрымалася. Не магу сказаць, што атрымалася.

І такіх нявыкрутак у наш час мноства. Падобная гісторыя ў нас адбылася з трыма апошнімі раманамі Алеся Адамовіча ў адной кнізе ў выдатных беларускіх перакладах Міхася Тычыны. Называлася яна «Vixi». Гэта вялікая літаратура, ці, як сам любіў паўтараць Адамовіч, «звышлітаратура». Але грошай нам удалося назьбіраць толькі на 200 асобнікаў. Таму кніга і не прагучала. Зрэшты, нішто не перашкаджае быкаўскай «Сьцяне» ці адамовіцкаму «Vixi» быць выдадзенымі зноў і трапіць у беларускае пяцісоткніжжа. Толькі б гэтым нехта заняўся.

Ракіцкі: А зьмест якіх кніг мог існаваць толькі ў форме кнігі? Ці былі такія? Мо яны сталіся нечаканасьцю для вас?

Дубавец: Адразу тры кнігі я б назваў двух аўтараў — бацькі і сына. Кнігі, якія перавярнулі душы многіх беларусаў і раптам узьнесьлі ўзровень нашага нацыянальнага самаасэнсаваньня на некалькі парадкаў угору. І мы ня толькі сталі ўпоравень зь іншымі нацыямі, але, я ведаю, некаторыя нам і зайздросьцяць.

«Беларускае народнае адзеньне» Міхася Раманюка — сапраўдны адраджэнскі твор, бо зь яго атожылкамі пайшлі сокі па ўсіх галінах нашага нацыянальнага жыцьця. Гэта, безумоўна, альбом, але ў тэкстах гэтага альбому ёсьць паэзія, чыстая краса, музыка.

Далей — «Беларускія народныя крыжы». Міхась Раманюк сабраў гэтую кнігу, а рыхтаваў яе да друку і выдаў ужо ягоны сын Дзяніс. Гэта тое, што часам называюць беларускім космасам. Упершыню зробленае грунтоўнае дасьледаваньне і клясыфікацыя — крыжы прыдарожныя, прыкрынічныя, надмагільныя і шмат іншых. Крыж на дарозе жыцьця беларуса ад нараджэньня да сьмерці.

І трэцяя кніга — «Чарнобыль». Яе ўжо адпачатку зьбіраў разам з суаўтарамі і выдаў Дзяніс Раманюк. І тут свой космас — космас нацыянальнай катастрофы. Велізарнае выданьне, якое трэба ўзяць у рукі, каб адчуць і даведацца пра Чарнобыль проста ўсё, знайсьці адказ на любое пытаньне.

Таксама згадаю «Красу і сілу» — укладзеную Міхасём Скоблам. Гэта найлепшая і вельмі аўтарская анталёгія беларускай паэзіі ў афармленьні Генадзя Мацура.

Ракіцкі: Вы ўзгадалі шэраг асобаў, так ці інакш зьвязаных з Радыё Свабода. Так, свой унёсак у беларускае кнігадрукаваньне, гісторыю беларускай кнігі зрабіла і Радыё Свабода. Якое месца, з вашага гледзішча, займае ў ёй «Бібліятэка Свабоды. ХХІ стагодзьдзе»? Якія кнігі вы найперш бы вылучылі? І ці ёсьць там кнігі, якія, з вашага гледзішча, увойдуць у сьпіс «пяцісоткніжжа»?

Дубавец: Я вельмі спадзяюся, што так і будзе, бо ў гэтай бібліятэцы ёсьць па-сапраўднаму выдатныя выданьні аўтарскіх перадачаў, ператвораныя пасьля ў літаратурныя тэксты. Ёсьць той жа дакумэнтальны раман Аляксандра Лукашука «Сьлед матылька» пра Лі Гарві Освальда ў Менску, ягонае ж дасьледаваньне «Прыгоды АРА ў Беларусі». Дагэтуль гэтым ніхто не займаўся тут. Ёсьць кнігі Альгерда Бахарэвіча, таго ж Міхася Скоблы. Ды ўсяго і не пералічыць ужо.

Кнігі з сэрыі «Бібліятэка Свабоды. ХХІ стагодзьдзе»
Кнігі з сэрыі «Бібліятэка Свабоды. ХХІ стагодзьдзе»

Я б нейкім чынам усе кнігі сэрыі «Бібліятэка Свабоды. ХХІ стагодзьдзе» ня проста ўключыў бы ў пяцісоткніжжа, а дбаў бы пра яе пастаяннае самаўзнаўленьне, бо падрастаюць новыя пакаленьні, якім таксама будзе вельмі і вельмі цікава і карысна. На жаль, зноў даводзіцца канстатаваць, што ў Беларусі няма кніжнага рынку, няма вартай сеткі бібліятэк, няма працы з кнігай, няма культу кнігі, хоць у нас павінен быць культ кнігі. Ясна, што культ кнігі лепш за культ асобы.

Ракіцкі: У гэтай сэрыі ёсьць і вашы тры кнігі: «Вострая Брама», «Як?», «Майстроўня». Каторая зь іх найбольш адпавядае тым крытэрам беларускай кнігі, пра якія мы гаворым? І ці можаце вы, адкінуўшы сьціпласьць, паставіць яе ў свой рэйтынг лепшых беларускіх кніг?

Дубавец: Я ўзяў бы кнігу «Майстроўня. Гісторыя аднаго цуду», тым больш што яна атрымала першую прэмію імя Стагановічаў. Гэта — прэмія за кнігі ў жанры non-fiction. Дакладней, кніга ня толькі мая ўласная, у яе больш за 50 герояў, фактычна аўтараў. Гэта пра тое, як у 1980 годзе ў цалкам дэнацыяналізаваным і глыбока савецкім Менску ўзьнікае першае нефармальнае аб’яднаньне беларускай моладзі, зь якога пасьля вырасьлі такія ж аб’яднаньні па ўсёй краіне. Яны займаліся пераважна культурай, але ў час Х сталі групамі падтрымкі БНФ і рухалі краіну да незалежнасьці. Дык вось, адкуль на голым месцы гэта ўсё ўзялося — пра гэта «Майстроўня». Па сутнасьці, гэта пяцьдзясят сюжэтаў пра тое, як стаць беларусам.

Ракіцкі: Наўрад ці мы можам абмінуць увагай кнігу, якая праславіла беларускую літаратуру ў сьвеце, якая перакладаецца на дзясяткі моваў сьвету і якую можна купіць у кнігарнях шмат якіх краінаў. Я маю на ўвазе «Час сэканд-хэнд» — апошнюю кнігу Сьвятланы Алексіевіч, за якую, у тым ліку, з фармулёўкай «за шматгалосную творчасьць — помнік пакутам і мужнасьці ў наш час», яна атрымала Нобэлеўскую прэмію. Якая ваша ацэнка гэтай кнігі? Якое яе месца ў беларускім пяцісоткніжжы, паводле вашага рэйтынгу?

Дубавец: Не магу сказаць, ня ведаю, якое месца гэтая кніга павінна заняць у рэйтынгу, але, на маю думку, яна павінна там быць. Гэта кніга з калясальным лёсам, гэта кніга беларускай пісьменьніцы, якая сапраўды перакладзеная на найбольшую колькасьць моваў сьвету. Гэта кніга, за якую беларуская пісьменьніца, а таму і Беларусь, упершыню атрымала літаратурнага Нобэля.

Калі мы чытаем розныя сусьветныя рэйтынгі, адкрываем і рэйтынг краін, якія маюць Нобэлеўскую прэмію ў галіне літаратуры. Там можа нават не гучаць прозьвішча ляўрэата, але краіна, якая яго мае, будзе абавязкова. Я лічу, што гэта цалкам годная зьява і ацэнка.

Можна назваць кнігу рэквіемам па савецкім чалавеку — прадстаўніку «новай гістарычнай супольнасьці людзей», а можна — «Калевалай», эпасам савецкага народу, які зьнік з аблічча зямлі разам з развалам імпэрыі. Народ зьнік, а людзі засталіся.

У героях кнігі мы пазнаём нашых суседзяў, знаёмых, а шмат хто — і самога сябе. У мяне нават была думка, што кожны з нас, хто жыве ў Беларусі, можа знайсьці там самога сябе.

У кнігі няма пэўнага візуальнага вобразу, але ў гэтым выпадку ён кампэнсуецца жанрам і тым, што ў зборніку такі занадта самадастатковы тэкст зьявіцца папросту ня можа. Ён можа існаваць толькі сам па сабе.

Ракіцкі: Сёньня ўжо шмат хто сьпявае хаўтурную песьню па папяровай, традыцыйнай кнізе. Напэўна ж, ня без падставаў. Выдаюцца новыя электронныя кнігі, старыя аблічбоўваюцца. Зь іншага боку, ёсьць попыт і на папяровыя кнігі. Як мне падаецца, ён зноў пачынае расьці. На Захадзе кнігарні не зачыняюцца. Нават аднаўляюцца.

Твой прагноз на тое, які лёс чакае папяровую кнігу ўвогуле і беларускую ў прыватнасьці? Ці не зьбяднее літаратура пры пераходзе ў электронны варыянт? І якія зь беларускіх кніг будуць жыць вечна, якія нашы нашчадкі захочуць пагартаць у сховішчах?

Дубавец: Яшчэ раз хачу сказаць, што гэта чыста беларуская замарочка — пра зьнікненьне папяровай кнігі. Я паглядзеў статыстыку. А вы як думаеце, колькі ў Менску друкарняў, якія друкуюць кнігі?

Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Ракіцкі: Ня ведаю дакладна... Але, напэўна ж, няшмат. Мо зь дзясятак які? Больш?

Дубавец: Няхай нават некалькі дзясяткаў. Я паглядзеў, колькі іх у Вільні. У маленькай, у параўнаньні зь Менскам, Вільні іх каля шасьцісот. Шэсьцьсот друкарняў у маленькай Вільні друкуюць кнігі! У Варшаве лічба будзе большая, у Празе — яшчэ большая. Чаму тыя друкарні не зьбіраюцца паміраць? А ў зьвязку са зьбядненьнем літаратуры пры пераходзе ў электронны варыянт я ўзгадваю часы, калі казалі, што са зьяўленьнем кіно зьбяднее тэатар, а са зьяўленьнем тэлебачаньня зьбяднее кіно, а са зьяўленьнем кампутара зьбяднее тэлебачаньне. Нічога не зьбяднела. Усё жыве, квітнее там, дзе цэняць культуру, дзе цэняць кнігу.

  • 16x9 Image

    Вячаслаў Ракіцкі

    Вячаслаў Ракіцкі – беларускі журналіст, тэатральны і кінакрытык, рэжысэр і сцэнарыст дакумэнтальнага кіно, перакладчык. Кандыдат мастацтвазнаўства. Сябра Саюзу беларускіх пісьменьнікаў і Беларускай асацыяцыі журналістаў. Аўтар Радыё Свабода з 1997 году.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG