Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка гаворыць — мы цытуем. Што было ў штогадовым пасланьні да беларускага народу

Аляксандар Лукашэнка выступае са штогадовым пасланьнем да народу і Нацыянальнага сходу на пасяджэньні Палаты прадстаўнікоў і Савету Рэспублікі. Ад 10-й раніцы 21 красавіка жывую трансьляцыю вядуць дзяржаўнае ТБ і радыё, Свабода перадае галоўныя цытаты.

Выступ адбываецца на фоне пэўных прыкметаў эканамічнага росту пры падзеньні шэрагу паказьнікаў, затрыманьня чарговага буйнога бізнэсоўца, масавых затрыманьняў на Дзень Волі і судоў за «маршы недармаедаў», «справы Белага легіёну», адмовы Сьвятланы Алексіевіч узначаліць камісію па мэмарыяле ў Курапатах.

Лукашэнка выступіць са штогадовым пасланьнем: пра што ён гаварыў год таму?

10:51 21.4.2017

Пра цэны і лібэралізацыю

Лукашэнка прызнаў значны рост цэнаў у Беларусі:

«Кантроль за цэнамі будзе працягнуты, папярэджваю. Неабгрунтаванага росту быць не павінна. Нашы грамадзяне мусяць быць абароненыя. Ніякія рэфарматары, ніякія МВФ вам не загад. Ня слухайце нікога, хто будзе пераконваць у неабходнасьці лібэралізацыі. Гэта добра гаварыць таму, у каго ёсьць грошы. Якая неабходнасьць?»

10:54 21.4.2017

Пра рост тарыфаў ЖКГ

Лукашэнка заявіў, што аплата ЖКГ з часам будзе без субсыдыяў дзяржавы:

«Узяць пад жорсткі кантроль сытуацыю з камунальнымі тарыфамі. Прашарсьціць усе службы, якія беспадстаўна падвышаюць плянку, бо там, дзе людзі плацяць 65%, ужо ўсе 85. Кожны год падвышаем на 5 даляраў і самі выйдзем на 100%, людзі ўжо прызвычаіліся».

10:56 21.4.2017

Ніякіх рэформаў!

Ніякай прыватызацыі, ніякага банкруцтва нерэнтабэльных прадпрыемстваў. Ніякіх рэформаў. Выкарыстоўваць дзяржаўную мадэрнізацыю. Кантроль за цэнамі. Прымусіць працаваць 350 тысяч «дармаедаў», выкарыстоўваючы савецкі досьвед, бо яны — патэнцыяльныя злачынцы.

Ніякай лібэралізацыі. Карацей, нічога новага. Выхад людзей на вуліцы нічому не навучыў Лукашэнку. Выйсьце — не ў эканамічных, а ў адміністрацыйных захадах. У нас створана сыстэма, трэба прымусіць яе працаваць. Пытаньне, чаму 20 гадоў не атрымліваецца, ня ставіцца.

10:58 21.4.2017

Пра цэны на жыльлё

Лукашэнка прапанаваў формулу цэнаўтварэньня ў будаўніцтве жыльля:

«Цэны на жыльлё — 500 даляраў за мэтар, больш за цяперашні сярэдні заробак па краіне. Неабходна выраўняць гэтыя парамэтры, інакш галіна заваліцца. Ня будзе мэтар даражэй за прыбыткі людзей».

10:59 21.4.2017

Пра бізнэс і пра багатых людзей

Лукашэнка выказаў сваё стаўленьне да жаданьня займацца бізнэсам:

«Актывізацыя дзелавой ініцыятывы. Кожны са школьнай парты бачыць сябе багатым і таўстасумам. Але ў нашым грамадзтве заможных ня вельмі любяць. Добра падумай, ці гатовы пайсьці ў бізнэс».

11:01 21.4.2017

Пра бюракратычныя перашкоды

Лукашэнка заклікае спрыяць разьвіцьцю бізнэсу:

«Каб атрымаць дазвол на будаўніцтва, трэба чакаць паўтара года. „Кафэшку“ адкрыць — таксама. Хопіць зьдзекавацца зь людзей».

11:04 21.4.2017

Лібэралізацыя народзіць хаос

Лукашэнка кажа пра актывізацыю дзелавой ініцыятывы. Асабліва паказальна гэта гучыць на фоне нядаўніх пасадак прадпрымальнікаў, якія нават пачасьціліся ў апошнія тыдні.

«Трэба 12 працэдур, каб адкрыць невялікую кавярню». Цікава, і хто гэта ўсё стварыў, калі гэты самы прэзыдэнт кіруе ўжо 23 гады. Лукашэнка паведаміў, што рыхтуюцца дакумэнты пра лібэралізацыю бізнэсу, але шчыра прызнаецца, што баіцца страціць кіраваньне дзяржавай, эканомікай, «спарадзіць хаос».

11:06 21.4.2017

Аб праверках і кантралёрах

Лукашэнка заявіў, што галоўныя кантралёры — Камітэт дзяржаўнага кантролю, а таксама прэзыдэнт і дэпутаты:

«Няма патрэбы пастаянна правяраць прадпрыемствы, якія нармальна працуюць. Сумленна працуеш — працуй, ніхто цябе чапаць не павінен. Беспадстаўна правераць — будзем разьбірацца жэстачайшэ ўжо з кантралёрамі».

11:11 21.4.2017

Пра электронны ўрад

Лукашэнка заклікаў да інфарматызацыі ўсіх сфэраў жыцьця, у тым ліку выкананьня праграмы «Электронны ўрад»:

«Мы ствараем „лічбавую краіну“. Сёньня наш ПВТ вядзе абагульненьне лепшай усясьветнай практыкі ў ІТ-галіне. Янчэўскі нямала патраціў дзяржаўных грошай на паездкі, мусіць адпрацаваць».

Загрузіць яшчэ

XS
SM
MD
LG