Допыт меркаванага выканаўцы забойства Барыса Нямцова — былога байца батальёну «Поўнач» Міністэрства ўнутраных спраў Чачні Заура Дадаева перазапісвалі на відэа «тры-чатыры разы», бо падазраваны ня мог запомніць словы, якія яму дыктаваў сьледчы. Пра гэта паведамляе «Медиазона» са спасылкай на паказаньні Дадаева ў залі суду.
Раней выданьні «Коммерсантъ» і «Новая газета» апублікавалі відэазапісы допытаў абвінавачаных, на якіх яны даюць прызнальныя паказаньні. На запісе, зробленым у сакавіку 2015 году, Заур Дадаеў называе прычынай забойства палітыка тое, што той выказаў падтрымку францускаму выданьню «Шарлі Эбдо», якое апублікавала карыкатуру на прарока Мухамэда.
18 красавіка на допыце ў Маскоўскім акруговым ваенным судзе Дадаеў заявіў, што ён «наогул ня ведаў» Нямцова, а прызнальныя паказаньні падчас папярэдняга сьледзтва даў пад ціскам.
Барыс Нямцоў быў застрэлены ў цэнтры Масквы 27 лютага 2015 году. Судовы працэс па справе аб забойстве апазыцыянэра працягваецца з кастрычніка 2016 году. На лаве падсудных пяць чалавек — Заур Дадаеў, Анзор і Шадзід Губашавы, Тамэрлан Эскерханаў і Хамзат Бахаеў. Паводле вэрсіі сьледзтва, заказчыкам і арганізатарам забойства быў былы баец батальёну «Поўнач» МУС Чачні Руслан Мухудзінаў.
Сваякі і паплечнікі Нямцова лічаць, што да яго забойства датычнае кіраўніцтва Чачні.