Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бард Зьміцер Захарэвіч пасьля 20 сутак на Акрэсьціна


Зьміцер Захарэвіч
Зьміцер Захарэвіч

Зьміцер Захарэвіч: «Ад міліцыянта пачуў: «Забудзьце пра справядлівасьць, гэта нікчэмнае балбатаньне»

Бард Зьміцер Захарэвіч быў затрыманы на Дні Волі. Ён атрымаў адзін з найбольшых тэрмінаў адміністратыўнага арышту — 20 сутак на Акрэсьціна. У інтэрвію Свабодзе Зьміцер Захарэвіч дзеліцца назіраньнямі за паводзінамі міліцыянтаў і непалітычных сядзельцаў.

Трывога за сукамэрніка

Першыя дні адседкі пазнаёміўся са спадаром гадоў сарака па імені Дзьмітры Шылак. Па прафэсіі кіроўца. Яго гісторыя мяне дагэтуль вельмі трывожыць. Калі сьцісла, было так. 25 сакавіка Дзьмітры нагледзеўся ў сеціве інфармацыі пра падзеі Дня Волі. Набраў тэлефонны нумар міліцыі «102». Дзьмітры сказаў дзяжурнаму дыспэтчару прыблізна наступнае: «Грамадзяніна Лукашэнку трэба завесьці на плошчу Незалежнасьці, ... і ...». (Дакладны тэкст вядомы рэдакцыі, але ён парушае заканадаўства Рэспублікі Беларусі. — РС).

У Дзьмітрыя ўдакладнілі яго адрас, а празь дзьве гадзіны прыбыў міліцэйскі патруль. Забраў Дзьмітрыя, які неўзабаве атрымаў пяць сутак за тое што «нецэнзурна лаяўся». Але за паўтара сутак да вызваленьня да нас у камэру зайшлі і кудысьці Дзьмітрыя забралі. Баюся каб не ў псыхіятрычную лякарню ці што горш.

Чаму далі шмат сутак

Нас забіралі разам з актывістам «Эўрапейскай Беларусі» Леанідам Кулаковым (атрымаў 25 сутак — РС). Чаму нам з Кулаковым упаялі так шмат сутак?

Леанід Кулакоў ў судзе сказаў: «Не давяраю судзьдзям фашысцкага рэжыму».

А я іранізаваў зь сьведкі-міліцыянта. Той блытаўся ў паказаньнях, а я гэта падкрэсьліваў. Асабліва што міліцыянт зблытаў у чым быў апрануты, калі мяне затрымліваў — іншы колер курткі назваў.

Новае прачытаньне Оруэла

З намі ў камэры сядзелі актор «Свабоднага Тэатру» Сяргей Квачонак і анархіст Арцём Кавалёў. Арцёму Кавалёву перадалі Джорджа Оруэла «1984». Перачытаў у новых для сябе ўмовах — успрымаецца больш глыбока.

Пад уражаньнем напісаў такі верш:

«Акрэсьціна і трошкі Оруэла.

Як над Брытанскай імпэрыяй

Ў нас ніколі ня гасьне сьвятло

І, як сапраўдныя пэры мы,

Кожны ранак аўсянку ямо.

Нам нецікавыя Оруэл І кафкаў абсурдны „Працэс“,

Бо непадтрыманыя проламі

Чэзьнем у кіпцюрох „ИВС“.

Мы ўдаем зь сябе непакорлівых,

Толькі, як сто гадоў назад,

Нас пільнуе вачмі прадольнага.

З вочка ў „хату“ Вялікі Брат.

03.04.2017»

Умовы

Арцём вэган, а Сяргей вэгэтарыянец. Таму ў астатніх сядзельцаў пайка была ўзмоцненая (сьмяецца). Хоць збольшага выкідалі тамтэйшую ежу. Я яе назваў «тры іксы» — хлебнае, халоднае, храновае.

Зрэшты я псыхалягічна быў гатовы і да затрыманьня, і да сядзеньня. На акцыю надзеў абутак без матузкоў, цяплейшыя рэчы ўзяў. Паеў перад выхадам з дому. У камэры чакаў горшых умоваў.

Кантынгент

Быў розны кантынгент за 20 сутак адседкі. Збольшага за сыстэматычныя дробныя грамадзкія правапарушэньні, дробны крадзеж і парушэньне нагляду пасьля вызваленьня з крымінальных адседак.

Але мы знаходзілі падтрымку. Да палітычных ставіліся з павагай, калі бачылі, што людзі трымаюцца прынцыпаў, за якія селі.

Да беларускай мовы ставіліся нармальна і нават з павагай. Без «давай на нармальным языке».

У мяне ў раёне Ангарскай, дзе нарадзіўся і жыву, такія тыпажы ёсьць, тое самае стаўленьне.

Непалітычныя слухалі нашы зь Лявонам Кулаковым палітычныя дыскусіі. Пытаюцца: «Навошта табе гэта трэба?». Кажу, маўляў, вы абіраеце дробны крадзеж і п’янку, а я абіраю Радзіму, таму я беларускі нацыяналіст. Я хачу, каб мая дзяржава была нармальнай, а вы кожны сам па сабе.

Некаторыя пыталіся «што вы сваімі дзеяньнямі дамагліся?». Кажу: «Глядзіце. Дэкрэт пра дармаедзтва прыпынены, будаўніцтва ў Курапатах прыпынена». Калі гаворыш, чытаеш у вачох павагу. Хоць здаецца, што ўсё марна, але вось вынікі. Для асацыяльных элемэнтаў дэкрэт — вельмі важна.

Стаўленьне міліцыянтаў

Збольшага нармальнае і да палітычных, і да непалітычных сядзельцаў. Але калі Максім Вінярскі (сукупна 24 сутак арышту), які пэўны час сядзеў у камэры насупраць, крыкнуў «Жыве Беларусь!», тамтэйшым сядзельцам забаранілі ўдзень ляжаць на матрацах і паліць. Але я сам чуў, калі ў міліцыянтаў была перазьменка, яны віталіся міжсобку «Жыве Беларусь!».

Міліцыянты: «Хай вашы рэчы будуць у камэры захоўваньня, усё роўна 26-га красавіка вы сюды вернецеся».

Гэта казалі палітычным перад выхадам на волю. Жартам ці ня жартам, я іх не ідэалізую.

Тым ня менш, я чуў як дзяжурны адказаў аднаму палітычнаму на словы пра справядлівасьць: «Забудзьце пра справядлівасьць, гэта нікчэмнае балбатаньне. Усе свае скаргі пакіньце для фэйсбуку і міжнародных праваабарончых арганізацый». Сказаў бязь зьдзеку, хутчэй як канстатацыю факту.

Я ішоў на Дзень Волі сьвядома. Я псыхалягічна ўстойлівы. Разумею які рэжым і што ад яго можна чакаць. Таму ў мяне не было ўнутраных гістэрык. А ўсе тыя лісты падтрымкі, што мне дасылалі, я не атрымаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG