Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менаблвыканкаме назвалі слуцкіх паўстанцаў нацыянальнымі героямі


Ілюстрацыйнае фота. Ушанаваньне памяці слуцкіх паўстанцаў
Ілюстрацыйнае фота. Ушанаваньне памяці слуцкіх паўстанцаў

Актывістка ініцыятывы «Дзея» Аліна Нагорная атрымала адказ з Менаблвыканкаму на калектыўны зварот аб усталяваньні помніку героям Слуцкага збройнага чыну ў Слуцку.

Галоўнае ўпраўленьне ідэалёгіі аблвыканкаму даручыла Слуцкаму райвыканкаму вярнуцца да разгляду прапановы «з прыцягненьнем зацікаўленых дзяржаўных органаў», але заяўляе, што ў аблвыканкам прапаноў устанавіць помнік не паступала.

Пры гэтым у лісьце аб прапанаваным манумэнце гаворыцца як аб «помніку нацыянальным героям, вызваліцелям незалежнасьці Беларусі, Слуцкім паўстанцам».

Актывісты зьвярнуліся ў Слуцкі выканкам з патрабаваньнем запрашаць іх на сустрэчы з «зацікаўленымі органамі».

«Мы гатовыя шукаць сродкі для вырабу і ўстаноўкі помніка. Калі месца, прапанаванае намі для яго разьмяшчэньня, не задаволіць мясцовыя ўлады, мы гатовыя супольна шукаць іншыя варыянты», — піша Нагорная, заўважаючы, што актывісты ўжо былі гатовыя па звычцы абскарджваць адмову і не чакалі такога адказу.

Да таго яны сабралі каля 1900 подпісаў за помнік, якія 7 лютага перадалі ў Слуцкі гарвыканкам, але там ім адказалі, што райвыканкам лічыць помнік немэтазгодным. 20 сакавіка Нагорная разам з палітыкам Алесем Лагвінцом і гісторыкам Нінай Стужынскай сустрэліся з дэпутаткай Палаты прадстаўнікоў Валянцінай Ражанец, падымалі пытаньні помніка слуцкім паўстанцам і прасілі паспрыяць у атрыманьні памяшканьня для мерапрыемстваў ушанаваньня памяці паўстанцаў.

Таксама раней актывісты БНФ і руху «За свабоду» сабралі подпісы за наданьне слуцкай вуліцы Камсамольскай імя Слуцкіх паўстанцаў, але перайменаваньня не адбылося: жыхары былі супраць.

«Улады Слуцку ціснулі на тое, што за перайменаваньне вуліцы Камсамольскай у вуліцу Слуцкіх паўстанцаў будуць плаціць самі жыхары», — тлумачыў старшыня «За свабоду» Юрась Губарэвіч. За вуліцу імя Слуцкіх паўстанцаў цяпер будуць судзіцца.

У Слуцкім паўстаньні сацыяльны чыньнік супаў з нацыянальным

У лістападзе-сьнежні 1920 году вайсковыя часткі, сфармаваныя з жыхароў Слуцкага, Капыльскага і прылеглых раёнаў аказалі ўпарты супраціў Чырвонай Арміі, што прасоўвала ўладу бальшавіцкай Расеі на Беларусь. Напярэдадні случакі прысягнулі на вернасьць Беларускай Народнай Рэспубліцы і мужна за яе змагаліся, але ўтрымаць уладу БНР на гэтых землях больш як на месяц ім не ўдалося. І ўсё ж, лічаць удзельнікі сьвяточных мерапрыемстваў мінулых гадоў, змаганьне на Случчыне засьведчыла прагу беларусаў да волі і незалежнасьці, а таму застанецца прыкладам для будучых пакаленьняў беларусаў.

Інтэрвію з намесьніцай начальніка Галоўнага ўпраўленьня ідэалягічнай працы, культуры і па справах моладзі Менскага абласнога выканаўчага камітэту Тацянай Хмель чытайце на нашым сайце неўзабаве.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG