Прэзыдэнт Казахстану Нурсултан Назарбаеў апублікаваў у дзяржаўнай газэце «Егімэн Казахстан» («Сувэрэнны Казахстан») праграмны артыкул, у якім распарадзіўся перавесьці казаскі алфавіт з кірыліцы на лацінку да 2025 году.
«Патрыятычнымі» коламі ў Расеі гэтая навіна была ўспрынятая з абурэньнем — хоць расейскай мовы, на якой размаўляюць менш за 30% жыхароў Казахстану, рэформа не закране.
Казахстан застаецца адной зь нешматлікіх цюрскіх краінаў былога Савецкага Саюзу, дзе выкарыстоўваецца кірыліца, — акрамя яго кірылічны алфавіт выкарыстоўваецца толькі ў Кіргізстане. У ХХ стагодзьдзі казахі перажылі ўжо дзьве моўныя рэформы: у 1929 годзе яны перайшлі з арабскага пісьма на лацінку (праз год пасьля таго, як Атацюрк перавёў на лацінку турэцкую), у 1940-м на жаданьне Сталіна — на кірыліцу.
Сёньня каля чвэрці насельніцтва Казахстану наагул ня ведае казаскай, а гаворыць і піша на расейскай мове, якая мае ў краіне замацаваны Канстытуцыяй афіцыйны статус. Тым ня менш, многія карыстальнікі сацыяльных сетак у Расеі ўспрынялі даручэньне Назарбаева перавесьці казаскую мову на лацінку ў штыхі, ацаніўшы яго як здраду бліжэйшаму хаўрусьніку і чарговы «нож у сьпіну». Многія выступаюць супраць гэтай рэформы і ў самым Казахстане, лічачы яе нясвоечасовай і дарагой.
Заявы аб неабходнасьці ўкараніць у краіне лацінку з вуснаў Назарбаева гучалі і раней, напрыклад, год таму, аднак гэтым разам гаворка ідзе аб рэальнай «дарожнай мапе» пераходу на лацінскі альфабэт. Гэтая мапа павінна быць гатовая ўжо ў 2017 годзе.
Для рэфармаваньня графікі ў бліжэйшыя 8 гадоў трэба будзе зрабіць вельмі шмат. У першую чаргу, стварыць (дакладней, узнавіць) лацінскі альфабэт са спэцыяльнымі знакамі для перадачы казаскай мовы. З 1929 году казаская мова, як і ўсякая іншая, пастаянна разьвівалася і зьведала мноства зьменаў. Спатрэбіцца навучыць лацінцы мільёны, якія яе ня ведаюць, гэта значыць, фактычна пасадзіць за парты цэлую краіну і падрыхтаваць для гэтага пэдагогаў. Трэба надрукаваць падручнікі і перавыдаць велізарную колькасьць літаратуры (праціўнікі рэформы, сярод іншага, асьцерагаюцца, што працэс адбору «правільных» кніг для перавыданьня будзе неабʼектыўным).
Радыё Свабода распытала пра плянаваны пераход на лацінку казахстанскага палітоляга Айдоса Сарыма. Ён упэўнены: пераход на лацінскі альфабэт непазьбежны і карысны для Казахстану, як непазьбежнае і паступовае зьніжэньне ў краіне колькасьці людзей, якія зусім не размаўляюць і не чытаюць па-казаску. «Гэта свайго роду вялікі сымбалічны пераход, які будзе адзначаць, што Казахстан выходзіць з-пад уплыву „рускага сьвету“. Гэта, у сутнасьці, дэкалянізацыя», — лічыць ён.
— Гэта ўжо другі наш больш-менш сурʼёзны захад за апошнія пяць гадоў. Першая спроба не ўдалася праз супярэчнасьці ўнутры эліты, збольшага ўнутры адміністрацыі прэзыдэнта, празь сілы ў ёй, якія можна ўмоўна назваць «прарасейскімі». Іхны ціск не дазволіў мінулым разам рэалізаваць гэтую праграму ў поўнай ступені. Многія дыскусіі былі фактычна згорнутыя. Гэтым разам, я думаю, праект пераходу на лацінку ўсё-такі стане рэальнасьцю. Гэта вельмі важны крок, які, на мой погляд, дазволіць Казахстану зрабіць свой геапалітычны, цывілізацыйны выбар больш ясным і выпуклым.
— З чым зьвязаны ваш аптымізм? З паслабленьнем гэтых, як вы іх называеце, «прарасейскіх групаў» або з чымсьці яшчэ?
Казаская моладзь мае свае памкненьні, жыцьцёвыя мэты, ідэалы, якія наўрад ці ўключаюць у сябе такое ўмоўнае паняцьце, як «рускі сьвет»
— Той этап мадэрнізацыі, у які мы зараз уступаем, ёсьць найбольш складаным. Мы ўжо праелі сваю нафтавую эпоху, і цяпер рэальная мадэрнізацыя, нейкія рэальныя крокі ў бок мадэрнізацыі немагчымыя без удзелу самога грамадзтва. А наша грамадзтва ўсё-ткі больш казаскае, казаскамоўнае, у яго ёсьць пэўныя чаканьні і патрабаваньні, якія ўлада так ці інакш будзе рэалізоўваць. Сёньня парадак дня ўсё ж вызначае менавіта казаская большасьць і казаская моладзь. Яна мае свае памкненьні, жыцьцёвыя мэты, ідэалы, якія наўрад ці ўключаюць у сябе такое ўмоўнае паняцьце, як «рускі сьвет».
— У Казахстане ёсьць грамадзяне краіны, якія ня ведаюць казаскае мовы, для якіх наагул гэта неактуальна, яны размаўляюць і пішуць на расейскай.
— Ёсьць, вядома. Ёсьць насельніцтва, якое не зрабіла свой выбар. Многія да гэтага часу яшчэ сядзяць дзесьці ў 90-х гадах і думаюць, што такая тэма, як дзяржаўная мова, пройдзе міма іх. Але ў цэлым, я думаю, і ў працэнтных адносінах, і ў якасным дачыненьні, сытуацыя сёньня адрозьніваецца ад таго, што было 20 гадоў таму або раней.
— У такім выпадку ці няма ў вас боязі, калі разглядаць гэтую рэформу як яшчэ адзін крок у бок ад «рускага сьвету», што гэтая моўная рэформа можа справакаваць нейкую рэзкую рэакцыю з боку Расеі? Ва Ўкраіне таксама менавіта моўнае пытаньне было, скажам так, выкарыстанае Масквой для каталізацыі сэпаратызму.
— Я б не параўноўваў з Украінай. Усё ж украінскі канфлікт мае ў аснове сваёй палітычны выбар — рух у бок НАТО і ў бок Эўразьвязу. У Казахстане сытуацыя іншая. Казахстан у кожным разе, пры ўсякіх раскладах будзе ўлічваць Расею ў сваіх унутрыпалітычных праектах. У нас 7,5 тысяч кілямэтраў агульнай мяжы, 22% расейскага насельніцтва. Рэалізацыя лацінкі тычыцца ў асноўным казахаў, казаскай мовы. Для людзей, якія інтэграваныя, ведаюць дзяржаўную мову, гэта ня ёсьць пытаньнем. Што да тых расейцаў або расейскамоўных грамадзянаў, якія і сёньня ня ведаюць дзяржаўнай мовы — гэта пройдзе міма іх. Якая ім розьніца, калі яны не чытаюць казаскіх газэтаў або казаскіх сайтаў, у якім графічным варыянце яны напісаныя?
— Я б хацеў вярнуцца да некаторых дэталёвых аспэктаў гэтага пераходу. Адзін з аргумэнтаў праціўнікаў пераводу казаскай мовы на лацінку — гэта кошт рэформы, якая ва ўмовах такой вялікай краіны, як Казахстан, ва ўмовах нізкіх коштаў на нафту і скарачэньня даходаў бюджэту можа апынуцца даволі цяжкой справай.
Якая розьніца расейскамоўным, калі яны не чытаюць казаскіх газэтаў або казаскіх сайтаў, у якім графічным варыянце яны напісаныя?
— Вы ведаеце, ніякія сурʼёзныя рэформы, якія зьмянялі сутнасьць нацыянальнага дыскурсу, якія мянялі адметнасьць нацыі, не ажыцьцяўляліся ў добрыя часы. Нідзе, ні ў Эўропе, ні ў Азіі, ні ў Афрыцы. Нават калі ўзяць цюрскія краіны, якія перайшлі на лацінскі альфабэт, Туркмэністан, Узбэкістан, Азэрбайджан — дык яны перайшлі на яго ў значна горшыя часы. Ёсьць вельмі шмат нюансаў. Адзін зь іх палягае ў тым, што ўся нацыя проста адначасова сядзе за парты. Гэта вельмі вялікі сымбалічны выбар. Таму тут пытаньне кошту, мне здаецца, крыху пераацэненае. Калі ідзецца пра вельмі вялікія рэчы, вялікія выбары, заўсёды ёсьць паняцьце ахвяры і ёсьць пытаньне цаны. Мне здаецца, калі мы гаворым пра тое, што мы будуем новае грамадзтва, што мы мадэрнізуем грамадзтва, а мэтай мадэрнізацыі ёсьць зусім іншае грамадзтва, якое па-іншаму глядзіць на сьвет, дык гэта чаканая цана і нармальная.
Калі, скажам, нейкая частка старэйшага пакаленьня ня здолее засвоіць лацінскай графікі, для іх можна пакінуць невялікія моўныя і іншыя групы, мэдыі, якія будуць для іх зручныя. Але майце на ўвазе, у ХХ стагодзьдзі казаскі народ, казаская нацыя тройчы мяняла свой альфабэт — спачатку была арабіца, потым лацінка, потым кірыліца, і ўсе тры рэформы праводзіліся па палітычных меркаваньнях і ня ўлічвалі ні эканамічнага кантэксту, ні сацыяльнага, ні якога-небудзь іншага.
Пытаньне кошту ў кожным разе будзе стаяць, але мне здаецца, тут больш спэкуляцыяў, чым якой-небудзь рэальнай асновы. У нас дзяржавай праводзіцца дзяржаўная інфармацыйная палітыка, моўная палітыка, і частка вылучаных на гэта сродкаў проста трансфармуецца ў іншае. Кнігі ў нас выдаюцца, газэты ў нас друкуюцца, ёсьць досыць вялікая колькасьць сайтаў, якія ўжо працуюць на лацінцы, нават дзяржаўнае інфармацыйнае агенцтва «Казінформ» на казаскай мове працуе сёньня на трох мовах і двух відах графікі казаскай, уключаючы лацінку.
— Вы сказалі пра кнігі. З пераходам на лацінку непазьбежна паўстане і гэтая праблема — прыйдзецца перавыдаваць на ёй велізарную колькасьць літаратуры, публіцыстыкі, выдадзенай за гады выкарыстаньня кірыліцы. Як можа быць вырашана гэтае пытаньне?
— Мне здаецца, ёсьць два мэтады. Можна пайсьці шляхам той жа Турэччыны, Азэрбайджану ды іншых краінаў. Па-першае, ствараецца «карпарацыя перакладаў», якая будзе адаптаваць сусьветную літаратуру. Між тым, будзе неабходна ствараць вельмі вялікую дзяржаўную замову на перавыданьне якаснай літаратуры, якая была на кірыліцы. Гэта ня значыць, што ўвесь яе абʼём трэба публікаваць, але ўся асноўная клясыка, усё каштоўнае, створанае за савецкі пэрыяд, трэба перавыдаваць, і вельмі добрымі накладамі, дастатковымі, каб трапіць у школьныя бібліятэкі, раённыя бібліятэкі, абласныя, гарадзкія, унівэрсытэцкія і гэтак далей.
— А хто будзе вызначаць, што перавыдаваць, а што — не?
Гэта магчымасьць зрабіць «культурны апгрэйд»
— Гэта прадмет дыскусіі. У ідэале можна стварыць ня вельмі вялікую грамадзкую камісію, можна самім рухацца, цяпер можна ствараць сьпісы — 500 кніг, якія неабходна зараз выдаць, 500 кніг, якія трэба прачытаць на лацінцы. Гэта велізарнае поле для інтэлектуалаў, гуманітараў, у цэлым для гуманітарнай сфэры. Гэта найвелізарнейшы перш за ўсё культурны выклік і вельмі вялікая магчымасьць зрабіць такі «культурны апгрэйд». Я думаю, што ў гэтым павінны аднолькава ўдзельнічаць і грамадзянская супольнасьць, і сама ўлада.
— Мы з вамі ў самым пачатку казалі аб расейскамоўным насельніцтве, якое ўвогуле ня ведае казаскай, для якога, як вы сказалі, няважна будзе, там лацінка ці кірыліца. Яшчэ год таму, калі Назарбаеў вёў гаворку пра гэтую праграму, узьнікалі засьцярогі, што пасьля пераводу казаскай мовы на лацінку наступным крокам будзе спроба прымусіць расейскамоўных усё ж вывучыць казаскую мову, мову краіны, грамадзянамі якой яны ёсьць.
— Ну, вялікі выбар у выніку рабіць прыйдзецца. Як паказваюць шматлікія сацыялягічныя дасьледаваньні, і расейскія ў тым ліку, якія фінансуюцца расейскімі структурамі, расейцы ў Казахстане дзеляцца на тры вялікія групы, кожная — па 30 зь нечым працэнтаў. Ёсьць 30 адсоткаў, якія так ці інакш жадаюць зьехаць з Казахстану. Ёсьць 30 адсоткаў, якія ўжо зрабілі свой выбар, аддаюць дзяцей у казаскія садкі, самі вучаць казаскую і гэтак далей. І ёсьць 30 працэнтаў, якія яшчэ гэтага выбару не зрабілі. Гэты выбар, пра які мы гаворым, так ці інакш рабіць прыйдзецца. Дэмаграфічная сытуацыя вельмі хутка мяняецца. Сёньня, калі браць сярэдні ўзрост расейцаў у Казахстане, гэта 47-48 гадоў. Калі браць казаскае насельніцтва, то сярэдні ўзрост — 27-28 гадоў. Адпаведна, нараджальнасьць — сёньня ў першых клясах ужо да 90% казаскіх дзетак. І сытуацыя будзе мяняцца: у сярэднім рускамоўнае насельніцтва скарачаецца на 1% за год. Да 2025 году сытуацыя будзе ўжо зусім іншая.