Кіраўнік Рассельгаснагляду Сяргей Данкверт заявіў у інтэрвію «Рамблеру», што Расея павінна распачаць крымінальную справу супраць Міністэрства сельскай гаспадаркі Беларусі ў адказ на загад Аляксандра Лукашэнкі аб ягоным арышце.
Паводле яго, гэта Беларусь патурае пранікненьню санкцыйных прадуктаў у Расею. Крымінальную справу супраць беларускага міністэрства, кажа Данкверт, варта завесьці «ў кантэксьце ўхіленьня ад супольнай з намі працы», бо агульных з Расеяй дзеяньняў на беларуска-расейскай ды іншых межах Беларусі не было, а санкцыйныя прадукты на мяжы затрымліваюцца.
Данкверт таксама назваў сьмешнымі заявы пра ягоную асабістую зацікаўленасьць у «харчовых войнах» — абмежаваньні паставак прадукцыі беларускіх прадпрыемстваў. Маўляў, даказаць тое заўсёды можна дзеяньнямі ягонага ведамства і вынікамі лябараторнага маніторынгу:
«Адзінае, у чым можна мяне абвінаваціць, — у тым, што мала ўводзіў абмежаваньняў на прадпрыемствы, стараўся ўрэгуляваць пытаньні бяз гэтага», — рэзюмаваў Данкверт.
Таксама кіраўнік Рассельгаснагляду заявіў «Рамблеру», што перастаў ужываць беларускі тварог і абурыўся наяўнасьцю яго ў жонкі:
«Вы ведаеце, адбылося жудаснае. Таму што калі Аляксандар Рыгоравіч сказаў, што „ў вас поўны халадзільнік беларускіх прадуктаў“, я прыйшоў і выявіў шэсьць пачкаў беларускага тварагу ў жонкі. Я сказаў ёй, што гэта непрымальна, таму што хтосьці ведае, што ў нас у халадзільніку. Пасьля гэтага, улічваючы, што я не набываю прадуктаў, я не знаходзіў больш беларускага тварагу. Можа быць, гэта ахоўная рэакцыя жонкі. Дарэчы кажучы, гэта быў тварог нулявой тлустасьці — я скажу, што гэта адна з кампаніяў, якая ў нас у маніторынгу была заўважаная менш за іншых».
Тым часам, паводле Данкверта, «рээкспарт» зь Беларусі ў Расею «санкцыйных» садавіны і гародніны больш як удвая скараціўся ў 2016 годзе дзякуючы дзейнасьці ягонага ведамства. Ён згадаў пастаўкі ў Расею «беларускіх» васьміногаў, ласасёвай ікры, бананаў і ківі — на замежную прадукцыю Беларусь выдае ўласныя сэртыфікаты, што «легалізуе санкцыйную прадукцыю», кажа кіраўнік Рассельгаснагляду.