Якімі будуць міжнародныя наступствы амэрыканскіх ракетных удараў па сырыйскіх войсках? Што выйграла, а што прайграла Беларусь у выніку пагадненьня, дасягнутага Лукашэнкам і Пуціным? Ці вырашыла гэтае пагадненьне ўсе праблемы ў двухбаковых адносінах? Гэтыя пытаньні ў Праскім акцэнце абмяркоўваюць экспэрт цэнтру імя Астрагорскага Сяргей Богдан, палітычны аналітык Аляксандар Класкоўскі і расейскі палітоляг, кіраўнік «Палітычнай экспэртнай групы» Канстанцін Калачоў.
Дракахруст: Раніцай у пятніцу Злучаныя Штаты нанесьлі ўдар крылатымі ракетамі «Тамагаўк» па вайскова-паветранай базе сырыйскай авіяцыі.
Паводле заявы прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа, удар быў зроблены ў адказ на выкарыстаньне сырыйскімі войскамі хімічнай зброі супраць паўстанцаў у правінцыі Ідліб некалькі дзён перад тым. Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін назваў амэрыканскі ракетны ўдар «агрэсіяй супраць сувэрэннай дзяржавы на надуманай падставе».
Стала вядома, што Расея прыпыніла дамову з ЗША аб прадухіленьні інцыдэнтаў і бясьпецы палётаў у Сырыі. Якія наступствы гэта будзе мець для сытуацыі ў Сырыі і ў сьвеце ў цэлым?
Гэты ўдар паказвае, што Трамп — гэта, умоўна кажучы, Рэйган
Богдан: Я лічу, што гэты ўдар з ЗША перш за ўсе мае хутчэй сымбалічную вартасьць, мае мэту даць выразны знак Расеі, што ЗША хочуць ад яе зьмены палітыкі, якую яна праводзіць на Блізкім Усходзе, у прыватнасьці, яе стасункаў з сырыйскім урадам, Іранам і «Хізбалой». Да гэтага часу Масква ўпарта спрабавала трымацца гіпотэзы, што Трамп — гэта лепш, чым Абама, што ён такі плюшавы і ў любым выпадку больш прыемны для Крамля пэрсанаж. На самой справе гэты ўдар паказвае, што Трамп — гэта, умоўна кажучы, Рэйган.
Я ня думаю, што сам па сабе гэты ўдар і нават магчымыя наступныя ўдары зьменяць сытуацыю ў Сырыі, таму што гэта збольшага грамадзянская вайна і разбурэньне яшчэ адной авіябазы асабліва нічога там не памяняе, але гэта безумоўна для Расеі знак. Ці будзе Расея пасьля гэтага мяняць стратэгію, якую яна праводзіць на Блізкім Усходзе — гэта пытаньне таксама складанае, таму што я думаю, што Расея хацела б неяк разьмяняць пытаньне сырыйскае на пытаньне ўкраінскае. І таму я думаю, што, хутчэй за ўсе, ня варта чакаць ніякіх вялікіх зьменаў.
Дракахруст: Канстанцін, які Ваш прагноз? Вось Сяргей сказаў пра тое, што Трамп — гэта Рэйган. Але мы памятаем, што ў свой час Рэйган загадаў бамбіць Лібію, аднак гэта быў аднаразовы ўдар, нанесьлі ўдар, і гэтым усё скончылася. Тое самае будзе зараз і ў Сырыі або маштабы апэрацыі могуць разрасьціся, прычым разрасьціся непрадказальным чынам?
Вельмі важна, на мой погляд, тое, што Расея выйшла з гэтай дамовы аб бясьпецы палётаў. Там жа і расейскія базы, самалёты могуць сутыкнуцца, удар можа прыйсьціся і на расейскую авіябазу і тады наступствы будуць непрадказальныя.
Калачоў: Яшчэ адна дрэнная навіна для Расеі — гэта заява Эрдагана пра гатовасьць Турэччыны падтрымаць амэрыканскую апэрацыю ў Сырыі, Эрдаган заявіў: «Мы не завагаемся». А саюз ЗША і Турэччыны — гэта страшны сон Крамля. Расейская эліта перажывае цяпер шок, яна пераконвала сама сябе, што Трамп — найлепшы сябра Расеі. Пуцін заявіў пра «агрэсію ЗША супраць Сырыі». Ілюзіі, што з Трампам можна будзе лёгка дамовіцца, па-мойму, абвальваюцца канчаткова.
Трамп ніякіх абяцаньняў Крамлю не даваў, і, значыць, выконваць яму няма чаго
Я думаю, што наземнай апэрацыі ЗША ў Сырыі ня будзе, але ціск на Сырыю і Расею будзе ўзмацняцца. Тэма «марыянэткі Пуціна» стала рэальна небясьпечная для прэзыдэнта ЗША, яму важна паказаць сябе крутым хлопцам. За апошні час Расея Амэрыцы нічога не прапанавала, дэманстравала непахіснасьць, падымала стаўкі і ўрэшце, здаецца, перайграла сама сябе. Трамп казаў пра палітыку з пазыцыі сілы, вось ён і паказвае ўсім апанэнтам і партнэрам, што ён можа гаварыць з пазыцыі сілы, для яго гэта моцны ход, а для Расеі — расчараваньне і праблема.
Тут знаходзяць апраўданьні, кажуць, што амэрыканскія вайскоўцы не падпарадкоўваюцца Трампу, што Дзярждэп вядзе ўласную гульню, што Трампа падстаўляюць. Але вялікая праблема палягае ў тым, што Трамп ніякіх абяцаньняў Крамлю не даваў, і, значыць, выконваць яму няма чаго. А нас пераконвалі ў адваротным: Трамп прыйдзе, трава зазелянее, санкцыі здымуць, Крым прызнаюць часткай РФ.
Для самога Трампа як палітыка вельмі важная рыторыка, яму важна адпавядаць пажаданьням выбарцаў, якія лічаць, што Амэрыцы трэба вярнуць веліч. А вобраз сусьветнай велічы саступкамі ня створыш, і Расея не гатовая на саступкі. Псыхалёгію гульні Трампа недаацанілі. У чым я ўпэўнены — гэта ў тым, што Трамп і Пуцін характарамі ня сыдуцца.
Дракахруст: Аляксандр, які Ваш прагноз? Я хачу нагадаць, што на мінулым тыдні Лукашэнка, кажучы пра беларуска-расейскія адносіны, сказаў, што ён з Пуціным «родныя браты» і дадаў: «магчыма, давядзецца стаяць сьпіна да сьпіны і адстрэльвацца». Вось у цяперашняй сытуацыі, а можа і сапраўды давядзецца «адстрэльвацца разам», прычым у самым простым і літаральным сэнсе? Калегі больш казалі пра тое, ці перарасьце гэты ўдар у шырокамаштабную апэрацыю, але ён можа нават і не перарасьці, а можа быць той сцэнар, які я сказаў: нейкая ракета заляціць на расейскую базу, нейкі амэрыканскі самалёт саб’е расейскі, ці расейскі самалёт саб’е амэрыканскі, і сытуацыя пакоціцца так далёка, як можа ніхто і ня хоча?
Класкоўскі: Так, сапраўды цяпер можна са змрочнай іроніяй казаць, што Лукашэнка як у ваду глядзеў, калі казаў, што, можа, давядзецца стаць сьпінай да сьпіны і разам адстрэльвацца. Сапраўды відавочна, што Трамп гэтай акцыяй балюча пстрыкнуў па носе расейскае кіраўніцтва, у Маскве цяпер шмат эмоцыяў, эмоцыі зашкальваюць.
Абвострыцца патрэба ў беларускім пляцдарме
Іронія лёсу ў тым, што Пуцін думаў сырыйскай кампаніяй набіць сабе цану, каб Вашынгтон зь ім лічыўся, а тут атрымліваецца роўна наадварот. Іншая рэч, што відавочна ў Расеі няма сілаў, каб на роўных дужацца з Амэрыкай. Таму я думаю, будзе шмат эмацыйнай рыторыкі, могуць быць нейкія баявыя стойкі і ў гэтае піяраўскае дужаньне «вялікіх хлопцаў» можа быць уцягнутая і Беларусь. То бок абвострыцца патрэба ў беларускім пляцдарме, ізноў можа рубам устаць пытаньне пра тую самую авіябазу, можа і пра іншыя вайсковыя базы, можа пра тое, каб высунуць сюды часткі з расейскімі «Іскандэрамі».
Натуральна такі паварот сюжэту будзе цалкам нэгатыўны для Беларусі. Ну, можа нейкія крышкі эканамічных прэфэрэнцыяў на гэтым фоне будзе лягчэй урваць, але небясьпека ўцягваньня ў канфрантацыю з Захадам будзе мець па вялікім рахунку вельмі нэгатыўныя наступствы для Беларусі. Зноў жа паводле іроніі лесу — толькі-толькі, здавалася, адбудавалі нейкія дачыненьні з Захадам, нармалізацыю наладзілі, а тут, па-першае, унутраныя рэпрэсіі пачаліся, па-другое, такі кепскі міжнародны фон ствараецца сёньня .
Дракахруст: Аляксандр ужо пачаў размову пра сустрэчу ў Стрэльне пад Пецярбургам, якая адбылася 3 красавіка. Больш гаворыцца, больш вядома пра эканамічныя наступствы гэтай сустрэчы, мы крыху пазьней пра іх пагаворым, але я зьвяртаю ўвагу, што Аляксандар Лукашэнка падчас гэтай сустрэчы сказаў, што галоўнай тэмай была бясьпека. Пра што канкрэтна ішла размова што да бясьпекі? На што мог пайсьці Менск, а можа і вядома, на што ён рэальна пайшоў?
Калачоў: Нягледзячы на заявы кіраўнікоў саюзных дзяржаў пра выйсьце з крызісу, я вялікага аптымізму не адчуваю. Я думаю, што палітыка Менску — як ківач, цяпер ківач ідзе ў бок Масквы, а заўтра дакладна гэтак жа можа пайсьці ў бок Захаду. Лукашэнку трэба вырашаць эканамічныя праблемы. Ахаладжэньне адносінаў паміж Расеяй і Беларусьсю пачалося зь мінулага году, у тым ліку і ад нежаданьня Беларусі даць сваю тэрыторыю для разьмяшчэньня расейскай авіябазы.
Спрэчкі ў нафтагазавай сфэры — гэта з вобласьці эканомікі, але тэма расейскіх контрасанкцыяў адносна харчаваньня з краінаў ЭЗ — гэта ўжо тэма зьмяшаная, палітыка-эканамічная, а вайсковая база — гэта ўжо тэма абсалютна палітычная.
Для Пуціна вельмі важна, каб Лукашэнка ішоў у ягоным фарватэры, у тым ліку і ў палітыцы адносна Ўкраіны. Яшчэ нядаўна Лукашэнка казаў пра тое, што Ўкраіна цяпер змагаецца за сваю незалежнасьць. Цяпер ён быццам бы здаў назад. Для Пуціна вельмі важна, каб Лукашэнка прадэманстраваў сябе саюзьнікам у поўнай меры.
Палітыка Менску — як ківач, цяпер ківач ідзе у бок Масквы, а заўтра дакладна гэтак жа можа пайсьці ў бок Захаду
Варта таксама памятаць, што ў нас ужо пачалася прэзыдэнцкая кампанія Пуціна. Тэма адносінаў зь Беларусьсю можа стаць важнай тэмай у гэтай кампаніі. Расейскі абывацель, будучы выбарца Пуціна, хутчэй на баку Беларусі ў пытаньні цаны на газ, ён лічыць, што Беларусь павінна атрымліваць газ за ўнутрырасейскія цэны. Але ад Беларусі чакаюць нейкіх сустрэчных крокаў — а гэта і супольныя вайсковыя манэўры, гэта і ўсталяваньне авіябазы і іншыя дзеяньні, якія б дэманстравалі, што Беларусь знаходзіцца ў фарватэры расейскай зьнешняй палітыкі.
Богдан: У Стрэльне бакі вырашалі шэраг ключавых для кожнага зь іх праблем, і ў кожнага зь іх былі свае праўды. Бясьпека ў шырокім сэнсе — гэта вайсковая бясьпека, і зьнешнепалітычныя моманты. Канкрэтныя рашэньні ў гэтых сфэрах не абвяшчаліся, але можна сказаць пра тое, якія пытаньні стаяць у парадку дня ў беларуска-расейскіх дачыненьнях у вайсковай сфэры і ў сфэры бясьпекі.
Варта сказаць, што сярод гэтых пунктаў няма Сырыі, дзе Беларусь відавочна знаходзіцца на зусім іншым баку фронту, злучыўшыся з кансэрватыўнымі арабскімі рэжымамі. Але там ёсьць пункт наконт вялікага вайсковага шоў — манэўраў «Захад 2017». Масква бачыць гэтыя манэўры як важны крок у яе спрэчцы з Захадам. Менск хацеў бы мінімізаваць наступствы гэтага шоў, Менск гатовы зрабіць гэтыя вучэньні празрыстымі для Захаду, наколькі гэта магчыма. Тут, безумоўна, узьнікае супярэчнасьць з жаданьнем Крамля зрабіць усё цалкам наадварот.
Беларусь і Расея залежаць адна ад адной, але ў розных галінах. Беларусь залежыць ад Расеі ў гаспадарчым сэнсе, але Расея таксама мае вялікую залежнасьць ад Беларусі ў пляне бясьпекі жыцьцёва важнага расейскага цэнтральнага рэгіёну — Масквы. І што б ні казалі пра тэхналягічныя зьмены, але для Расеі вельмі істотна мець пэўнае прыкрыцьце ў паветры ўжо на тэрыторыі Беларусі, а не пачынаючы з Смаленскай вобласьці.
Расея мае вялікую залежнасьць ад Беларусі ў пляне бясьпекі жыцьцёва важнага расейскага цэнтральнага рэгіёну — Масквы
І гэта будзе так заўсёды. Расейская грамадзкая думка можа думаць што заўгодна, але генэралы ўсё адно будуць тлумачыць, што абарона гораду Масквы з Захаду — гэта пытаньне істотнае. Гэтак жа было і адносна Крыму. Генэралы змаглі хутка патлумачыць Пуціну, што трэба праводзіць апэрацыю, якую расейскія шавіністы хацелі зрабіць гадоў так на 20 раней.
Але раней разважалі пра расейскі рух у Крыме — нічога з гэтага не атрымалася. А атрымалася вайсковая апэрацыя, калі генштаб патлумачыў Пуціну, што Расея можа застацца без Чарнаморскага флёту. Тут такая самая сытуацыя, і яна ніколі ня зьменіцца пакуль існуе Расея, таму што пытаньне бясьпекі Масквы — гэта не пытаньне бясьпекі Армавіру, Нальчыку ці Уладзівастоку.
Таму ў Стрэльні ішлося хутчэй за ўсё пра ўзмацненьне супрацьпаветранай абароны. Яшчэ ў лістападзе 2016 году Алег Двігалёў, камандуючы вайскова-паветранымі сіламі і войскамі СПА Беларусі, казаў пра тое, што новыя самалёты Су-30 прыйдуць у войскі толькі да 2020 году. Але на пачатку гэтага году было заяўлена, што гэтыя самалёты прыйдуць ужо сёлета. Тады паўстае пытаньне — чаму? Для мяне адказ — таму што для Расеі павысілася актуальнасьць бясьпекі на заходнім кірунку.
Дракахруст: Аляксандр, як мы памятаем, канфлікт паміж Беларусьсю і Расеяй доўжыўся з пачатку мінулага году, ён быў такі мнагаплянавы. Мы пачулі, што ў Стрэльні быў дасягнуты кампраміс па нафце і газе. Але засталіся і пытаньні паставак харчаваньня, і скандал вакол постаці Сяргея Данкверта, кіраўніка «Россельхознадзора» — дарэчы, ужо пасьля сустрэчы ў Стрэльні спадар Данкверт зрабіў заяву, што ён больш не паедзе ў Менск, бо яму там няма чаго рабіць. Таксама мы памятаем скандальную адмову Беларусі падпісваць новы мытны кодэкс Эўразійскага эканамічнага саюзу, таксама ўзьнік канфлікт наконт рэжыму мяжы — пра гэтыя пытаньні што-небудзь вядома? Пакуль вырашанае толькі адно пытаньне, хай нават і ключавое. Ці есьць нейкія прыкметы, што ўрэгуляваньне адбываецца па ўсім коле праблемаў?
Класкоўскі: У мяне няма ўпэўненасьці, што вырашанае нават нафтагазавае пытаньне, бо, як заявіў Пуцін, яшчэ 10 дзён патрэбныя, каб адпрацаваць нюансы. А як вядома, асабліва гэта актуальна для беларуска-расейскіх адносінаў, д’ябал хаваецца ў дэталях.
І тут дзіўныя нейкія заявы гучаць зь беларускага боку. У прыватнасьці, Лукашэнка ў інтэрвію тэлеканалу «Мір» сказаў, што нібыта цану на газ Расея кампэнсуе за кошт экспарту нафты. Гэта даволі экзатычная схема. Тут шмат падводных камянёў, і я не выключаю, што спрэчкі вакол нафты і газу могуць неўзабаве з новай сілай разгарэцца.
У мяне няма ўпэўненасьці, што вырашанае нават нафтагазавае пытаньне
Потым жа зьніжкі «Газпрам» нібыта дае толькі на два гады, а потым па новай трэба дамаўляцца. Таму тут хутчэй Масква бярэ беларускага партнэра на добры кручок.
Што тычыцца іншых пытаньняў, то тут трэба раскласьці па палічках: я думаю, што Лукашэнка падпіша новы мытны кодэкс у Бішкеку на чарговым саміце ЭАЭС, прэсавы сакратар МЗС Дзьмітры Мірончык намякнуў, што Беларусь да гэтага маральна гатовая. Справу Данкверта, я думаю, Менск цяпер спусьціць на тармазах. Але гэта не азначае, што з пастаўкамі харчаваньня болей ня будзе праблемаў, бо расейскі бок ня толькі вылучае прэтэнзіі да якасьці беларускай прадукцыі, але і абвінавачвае Менск у рээкспарце падсанкцыйнай прадукцыі.
Зь мяжой таксама няпростае пытаньне, відавочна, што Масква ў гэтым пляне не давярае беларускім уладам і наўрад ці яна адкліча загады аб стварэньні памежнай зоны ў трох абласьцях на мяжы зь Беларуссю — тут працэс пайшоў. Таксама шмат падводных камянёў і ў пытаньні адзінай міграцыйнай палітыкі, бо Беларусі відавочна не патрэбна адзіная віза саюзнай дзяржавы — гэта было б абмежаваньнем беларускага сувэрэнітэту.
Дракахруст: Канстанцін, а ў вас ёсьць уражаньне, што гэты «стрэльненскі мір», назавем яго так, гэта сапраўды мір, гэта сапраўды ўрэгуляваньне ўсяго кола вострых пытаньняў, разьвязаньне вузлоў, якія стварыліся ў двухбаковых адносінах?
Калачоў: Аляксандар прыгадаў інтэрвію Лукашэнкі тэлекампаніі «Мір». У ім Лукашэнка распавёў, што сказаў Пуціну пра вялікія лятыфундыі расейскіх урадоўцаў, якія трэціруюць беларускую харчовую гаспадарку, каб зьменшыць канкурэнцыю з боку беларускай прадукцыі. Гэта відавочны намёк на міністра сельскай гаспадаркі Расеі Ткачова. Лукашэнка такім чынам Пуціна «апускае», то бок атрымліваецца, што ў Пуціна ва ўрадзе канфлікт прыватных карысьлівых інтарэсаў, карупцыя, выкарыстаньне службовага становішча ў асабістых мэтах і гэтак далей.
Дракахруст: Канстанцін, атрымліваецца, што Лукашэнка тут выступае ў пэўным сэнсе ў ролі Навальнага?
Калачоў: Атрымліваецца так. Такімі заявамі ён відавочна ліе ваду на млын Навальнага.
Цяпер ківач пайшоў у бок Масквы, але наколькі далёка гэты ківач зойдзе і наколькі ён там затрымаецца — гэта пытаньне. Так, Лукашэнка — майстра манэўру, ён майстра тактыкі, я мяркую, што ён сапраўды здолеў дамовіцца пра тое, што Масква дасьць яму грошай на пагашэньні даўгоў за газ.
Для Пуціна цяпер галоўнае — пытаньне выбарчай кампаніі 2018 году, падчас якой Беларусь павінна падыграць яму па поўнай
Так, гэта ў нейкай ступені кручок для Лукашэнкі, але перад ім стаіць праблема выжываньня сёньня і заўтра. Ад яго патрабуюць палітычных саступак, ён пэўна падпіша мытны кодэкс, будуць нейкія дзеяньні, якія прадэманструюць вайсковае супрацоўніцтва дзьвюх краінаў, але наколькі шмат ён гатовы саступіць...
Я мяркую, што для Пуціна эканамічныя пытаньні — другасныя, першасныя цяпер — пытаньні зьнешнепалітычныя. І пытаньне выбарчай кампаніі 2018 году, падчас якой Беларусь павінна падыграць яму па поўнай. Да сакавіка 2018 году Беларусь павінна размаўляць пра інтэграцыю, пра ўмацаваньне вайсковага супрацоўніцтва, пра агульную абарону, пра збліжэньне эканомік, пра вырашэньне праблемаў у межах ЭАЭС.
Але дзе тая мяжа, якую Лукашэнка ня можа пераступіць? Ён, як да яго ні ставіцца, да тэмы беларускага сувэрэнітэту ставіцца вельмі трапятліва і сувэрэнітэтам ахвяраваць відавочна ня будзе.
Дракахруст: Канстанцін, як Вы мяркуеце, як гэты «стрэльненскі мір» паўплывае на стасункі Беларусі з Захадам? Гэтыя стасункі ўжо былі азмрочаны рэпрэсіямі, якія адбываліся ў Беларусі да 25 сакавіка, 25 сакавіка і пасьля. Але яны былі менавіта азмрочаныя, але не павернутыя ў адваротны бок, ніякіх санкцыяў уведзена не было. Пасьля гэтага замірэньня, пасьля кампрамісу — яны істотна павернуцца?
Калачоў: Чакалася, што Масква і Менск разьбягуцца ў розныя бакі, Менск — у бок Захаду, але чаканьні ня спраўдзіліся. Я думаю, што на Захадзе выдатна разумеюць тую сытуацыю, у якой знаходзіцца Лукашэнка. Апошняя сустрэча Лукашэнкі і Пуціна наўрад ці палепшыць адносіны Беларусі з Захадам, але адштурхваць Беларусь ня будуць. Насамрэч усе ўжо зразумелі, што трэба звыкнуцца да ходу гэтага ківача: сёньня ён пайшоў у адзін бок, а заўтра пойдзе ў другі, знойдзецца нагода пасварыцца, колькі ўжо было гэтых сварак, колькі было фільмаў пра дрэннага Лукашэнку на расейскіх тэлеканалах, колькі было запэўненьняў, словаў пра тое, што мы зноў браты навек і зноў канфлікты і скандалы.
Вы пачалі з выдатнай цытаты Лукашэнкі пра тое, што як ён будзе «адстрэльвацца», стоячы з Пуціным сьпіна да сьпіны. У Расеі пратэсты, у Беларусі пратэсты, і ў аднаго, і ў другога палітычнага рэжыму ёсьць праблемы. Аднак запас трываласьці ў крамлёўскага рэжыму нашмат большы, гэта зьвязана і зь фінансавымі рэсурсамі, і з эканамічнымі магчымасьцямі, і з настроем большасьці насельніцтва. Так ці інакш у Лукашэнкі няма ніякага іншага выбару, апроч як партнэрства з Расеяй у гэтым пытаньні.
Богдан: Я мяркую, што Крым і Данбас былі паваротнай кропкай для новага пэрыяду, у прыватнасьці, у дачыненьнях Беларусі з Захадам. Я думаю, што гэты пэрыяд вельмі няхутка скончыцца і нават нядаўнія пасадкі нічога асабліва ня зьменяць, таму што рэзалюцыі Эўрапарлямэнту можна знайсьці з самых розных, у тым ліку і экзатычных, нагодаў, і гэта ня самая страшная рэч, якая можа здарыцца.
Менск зразумеў, што ад пуцінскага «Тытаніка» варта адграбаць далей
Маштабы рэпрэсіяў у Беларусі могуць уражваць, толькі калі ігнараваць арышты шмат у якіх іншых краінах сьвету, становішча ў якіх турбуе заходніх палітыкаў у шмат разоў больш, чым дэманстрацыі ў Беларусі. Я мяркую, што дачыненьні Беларусі і Захаду вызначаюцца цяпер настолькі магутнымі геапалітычнымі, глябальнымі тэндэнцыямі, што лякальныя сутычкі тут вялікай ролі адыгрываць ня будуць.
Што да пагадненьняў у Стрэльне, то чамусьці і ў беларускіх СМІ вельмі мала гаворыцца аб тым, што Лукашэнка зрабіў вельмі маштабную спробу дывэрсыфікацыі паставак нафты, калі высьветлілася, што паставак з Азэрбайджану летась было не 80 тыс. тонаў, а 700 тыс. тонаў, калі высьветлілася, што ёсьць яшчэ і пагадненьні з Іранам, калі таксама высьветлілася, што раскансэрваваны ўчастак трубаправоду паміж Украінай і Беларусьсю, а гэта значыць, што Менск ізноў дамовіўся з Кіевам пра пастаўкі нафты па трубаправодах.
Беларусь выглядае той краінай, якая найбольш зрабіла да гэтага часу спробаў прывесьці ў рэгіён альтэрнатыўныя, нерасейскія вуглевадароды і тым самым фактычна падарваць пуцінскую стратэгію пабудовы нафтагазавай імпэрыі.
І гэта вялікі чыньнік рызыкі для Масквы, калі Менск зможа ператварыць гэта ў нейкі калектыўны праект краінаў рэгіёну. Безумоўна, Беларусь адна ніколі ня выцягне такі праект дывэрсыфікацыі паставак вуглевадароду ў рэгіён. Гэта мусіць быць калектыўны праект, Беларусь да гэтага часу спрабавала зрабіць гэта, цяпер гэта робіцца з Украінай і Азэрбайджанам.
Тут якраз і палягае яшчэ адзін адказ на пытаньне, што яшчэ Менск мог бы абмяняць на гаспадарчыя саступкі Масквы? Ён мог бы абмяняць на іх сваю адмову ад чарговых спробаў дывэрсыфікацыі.
Але я думаю, што гэта адмова таксама на нейкі час, бо, як некалі справядліва казаў Валер Карбалевіч, Менск зразумеў, што ад пуцінскага «Тытаніка» варта адграбаць далей.