Неўзабаве высьвятляецца, што праект яшчэ не зацьверджаны, што вырашылі адкласьці, апошні — сёмы раз адмераць, перш чым рэзаць.
Праблема сапраўды існуе. Але ў абаронцаў здараецца зашмат эмоцый. Яны бываюць безапэляцыйныя: трэба ня так рабіць, а гэтак! А распрацоўшчыкі праекту ў іх наогул некампэтэнтныя, ад якіх толькі шкоды чакаць. Стары замак пад пагрозай!
Зараз будзе два гады, як з уязной часткі цалкам абдзерлі тынк. Навошта? Каб перад рэстаўрацыяй вывучыць — што, дзе ў якія часы дабудоўвалася, зьмянялася мулярамі. Каб удакладніць, палепшыць праект. Пакідаць дажджам, сьнегу, маразам старадаўнюю пабудову надалей — сапраўды вельмі небясьпечна. Трэба хутчэй вырашаць: ці пачынаць рэстаўрацыю, ці назад усё затынкаваць. Інакш замак пачне разбурацца на вачах.
Я паразмаўляў з чалавекам, добра абазнаным у праблеме. Хісткія месцы праекту добра вядомыя. Перш мова якраз пра ўязную браму, якая стаіць бяз тынку, кажа ён. Ёсьць прапанова двухпавярховую камяніцу пры браме зьлева часткова разбурыць: каб застаўся адзін паверх. А саму браму, наадварот, надбудаваць, каб была яшчэ вышэй. І пасадзіць зьверху вялікі круглы купал. Сваім абрысам, памерам ён выклікае пытаньні. Некаторыя называюць яго недарэчным.
Ня трэба быць вялікім знаўцам, каб разумець, што ўязную браму было лягчэй абараняць, калі квардыгардыя (напэўна гэта было памяшканьне для аховы) была высокай, а ня нізкай. Значыць — другі паверх быў апраўданым. Другое: навошта сёньня разбураць сваімі рукамі частку замка, калі ён і так даўно напалову разбураны? Можа варта ўсё ж цаніць кожную старую сьцяну? Адкуль такая самаўпэўненасьць, на чым грунтуецца?
Спэцыяліст, зь якім мы размаўлялі, раскрывае сакрэт: вінаватыя гравюры. Мы бедныя, у нас няма раньніх выяваў узораў дойлідзтва Горадні. Але ёсьць пару гравюр. І мы хапаемся за іх як тапельцы. Мы іх схільныя разглядаць як адпаведнік фатаграфій. Усё, што ўбачылі, прымаем за чыстую манэту. Але пры ўважлівым вывучэньні бачым несупадзеньні, неадпаведнасьці. Нядаўна ўзьнікла спрэчка на гэтай глебе. Адны кажуць, што старых замкаў насамрэч было два, адзін побач з другім. І Баторы не перабудоўваў замак Вітаўта, а паставіў свой збоку. Варта толькі паўзірацца ў гравюру!
Але гравюра не чарцёж, не выява асобнага будынка. Напрыклад, на адной побач з замкавай брамай данжон, асобна. А раскопкі не пацьвярджаюць, ніякіх падмуркаў. Я сам быў сьведкам, як капалі. Чаму так? Мой размоўца выказвае здагадку: гравюры гэтыя маглі стварацца ня ў Горадні. Добра, калі па ўласных накідах. Але ня выключана, што па чужых.
Сапраўды, уявім: дзесьці ў Нюрнбэргу гравёр рэжа выяву Горадні. Як яму ўдакладніць выгляд уязной брамы Старога замку, ці якой была званіца Фары Вітаўта, ці колькі паверхаў у старой ратушы? Адказ — відавочны. Ён зробіць, хутчэй за ўсё, як заманецца. Альбо — паводле аналёгіі. Чым карыстаюцца сёньня самі дасьледчыкі.
У маім уяўленьні праект аднаўленьня Старога замку можна параўнаць з пабудовай беларускай дзяржавы. Яны й разьвіваліся раўналежна. Спачатку ў савецкім стылі плянавалася зрабіць на дзядзінцы частку сьцяны зь бярвеньня, «гародню», княскі церам «часоў Кіеўскай Русі» і г.д. Каб, значыць, адлюстраваць усе этапы існаваньня пабудовы. Зрабіць з галавы. Але былі праціўнікі, была рэзкая крытыка. Гэта дало вынік.
Словам, крытыка, спрэчкі прывялі да канкрэтнай канцэпцыі. Адбудаваць замак часоў Стэфана Баторыя, канца ХVІ стагодзьдзя. Чаму яго? Таму што самыя раньнія выявы датычаць гэтага часу. Вельмі абгрунтавана. Ну, а што датычыць стварэньня беларускай дзяржавы, то трэба сказаць: усё вярнулася назад, толькі не да выдуманых драўляных церамоў, а да БССР, у найгоршым варыянце. На гэтым фоне справа адбудовы замка хутчэй выйграе.
Таму нельга сказаць, што ў праекце адновы цьвержы шмат адмоўнага. Ясна, што дагэтуль на яе працаваў час, не дазваляў закасаць рукавы, як на суботніку, і па-хуткаму «освоить средства». Бо пагроза аднойчы была. Пэўны бізнэсовец зьбегам акалічнасьцяў апынуўся пры начальстве, і было абвешчана, што яму аддаюць абодва замкі. А чалавек займаецца будаўніцтвам. Ён мне паказаў здымак вялікага гмаху, здаецца, гэта быў лягістычны цэнтар, і аптымістычна запэўніў, што «освоить объемы» на першым замку для яго ня будзе праблемай.
Во дзе небясьпека была сапраўдная. Але пранесла. Сёньня абдзёрты замак ня будзе чакаць, трэба за яго брацца. А то палякі прыяжджалі аднойчы, клюб гусараў часоў Стэфана Баторыя. Паглядзелі сумна: вось як выглядае былы каралеўскі замак, па-савецку шэра, сказаў адзін аднаму… Дык, можа, няхай пачынаюць? Спрачацца можна бясконца. У любым разе палова — зь нёманскага боку, якая не існуе, будзе «навабудам». Калі што, можна пазьней удасканаліць.
Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.