Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Карабейнікі ў Курапатах


Алег Дашкевіч
Алег Дашкевіч

Абвешчаны трохтыднёвы (!) конкурс на праект помніка ў Курапатах сьведчыць, што над месцам бальшавіцкіх расстрэлаў зноў навісла пагроза.

Цяпер пагроза нашмат больш сур'ёзная, чым ранейшая спроба будаўніцтва на прылеглай ахоўнай тэрыторыі офіснага цэнтру. Курапатамі пачала апекавацца сёньняшняя ўлада. А гэта вам не забудоўшчык — сябар далай-ламы.

Пара-тройка тыдняў на конкурс, некалькі дзён на разгляд, абраньне й зацьвярджэньне пераможцы конкурснага бліц-крыгу, першага траўня — канечны вынік. У тэмпе вальсу, як казалі калісьці.

Сытуацыя ўскладняецца тым, што абаронцы Курапатаў, якія адбілі мінулы наступ на нацыянальны нэкропаль, цяпер знаходзяцца за кратамі. Зьміцер Дашкевіч і ягоны «Малады Фронт» фактычна захопленыя ў палон. Іншых людзей, здольных адстаяць сымбаль беларускай нацыянальнай трагедыі, не відаць.

Хто і што можа перашкодзіць гэтай уладзе зрабіць з Курапат чарговую лінію Сталіна, зрабіць тут модны турыстычны аб’ект, давесьці плян па колькасьці наведнікаў і прыбытках? Паставіць у якасьці экспаната аўтазак 1930-х — «чорны воран»? Бэтонную скульптуру Сталіна? Запрашаць на Дзяды міністра Шуневіча ў форме НКВД, рабіць рэканструкцыі расстрэлаў? А побач — капліца РПЦ, дзе будуць маліцца за Вялікія і Малыя, і Белыя Русі, памінаючы забітых беларусаў і ўслаўляючы расейскіх самадзержцаў ва ўсіх іхных формах і іпастасях? Закласьці пляцоўку для сэлфі, пусьціць карабейнікаў са сьвечкамі, магніцікамі, сувэнірамі, дранікамі й шашлыкамі, не раўнуючы, на «гісторыка-культурнай каштоўнасьці» пад Заслаўем.

Дагэтуль народным мэмарыялам апекавалася КХП-БНФ, так было зручна і ўладзе, і апазыцыі, і КХП, пакуль захоўваўся статус кво. Але апошнія падзеі зноў вывелі пытаньне Курапатаў у знакавыя для нашай краіны. І так будзе заўжды, пакуль статус Курапатаў ня будзе акрэсьлены канчаткова, бо гэты статус наўпрост уплывае на вэктар разьвіцьця дзяржавы.

Як захаваць статус народнага мэмарыялу і хто цяпер можа ўстаць на яго абарону? — спытаўся я ў тых, каму найбольш блізкая гэтая тэма.

Ганна Шапуцька, каардынатар ініцыятывы «За ўратаваньне мэмарыялу Курапаты»:

— Спадзяюся, што той конкурс, які цяпер анансуе мінкультуры, улада адменіць, бо навідавоку правакацыя супраць грамадзкіх актывістаў, якія апякуюцца Курапатамі. Зьневажаньне памяці ахвяраў сталінскіх рэпрэсій і іх родных. Гэта помнік міжнароднай значнасьці, акрамя таго — гэта помнік болю, жалю і жаху, той страшнай бесчалавечнай сыстэмы. Тут нельга сьпяшацца. Па-першае, калі дзяржава хоча, каб грамадзтва ўспрымала яе намеры сур’ёзна, трэба спыніць сучасныя рэпрэсіі, перайсьці да рэформаў, у тым ліку праваахоўнай і судовай сыстэмы. Зараз жа мы даволі блізка падышлі да кропкі невяртаньня. Па-другое, мэмарыял ужо існуе. Існуе канцэпцыя — Лес Крыжоў, яна павінна захоўвацца. Калі ж мінкультуры не адменіць свой конкурс і ўлада гвалтам палезе ў Курапаты, то нягледзячы на тое, што Зьміцер Дашкевіч за кратамі, мы ўсёй грамадой выйдзем на абарону мэмарыяла. Але ж спадзяюся, што да гэтага ня дойдзе.

Ігар Кузьняцоў, гісторык:

— На абарону стаць могуць прадстаўнікі шэрагу грамадзкіх арганізацый, якія апекаваліся Курапатамі апошнія 25 гадоў, але не дапусьціць будаўніцтва помніка яны наўрад ці змогуць. Зараз максымальныя намаганьні неабходна засяродзіць на конкурсе праектаў. Парад тым, як супрацьстаяць, неабходна выкарыстоўваць усе легальныя магчымасьці й шукаць згоды.

Юрась Беленькі, намесьнік старшыні КХП-БНФ:

— Мы кожныя выходныя ладзілі й ладзім талокі ў Курапатах, мы даглядалі й даглядаем, як можам, нацыянальны нэкропаль. Калі ж там пачнуць будаваць невядома што, то актывісты КХП-БНФ, безумоўна, стануць на абарону народнага мэмарыялу, як і раней.

Наста Дашкевіч, «Малады Фронт»:

— Я думаю, што, нягледзячы на тое, што Зьміцер у турме і іншыя маладафронтаўцы таксама пад сьледзтвам, супрацьстаньня не спатрэбіцца, бо ўладам наўрад ці патрэбны працяг гэтага супрацьстаяньня, гэта першае. Па-другое, ведаю, што з боку арганізатараў конкурсу актывістаў грамадзкіх арганізацый запрашаюць да ўдзелу ў камісіі па будаўніцтву помніка ў Курапатах, гэта важна. Па-трэцяе, нават калі помнік будзе выклікаць пытаньні, то гэта не фармат вулічнага супрацьстаяньня. Атрымаецца, што мы будзем змагацца супраць помніка ў Курапатах. Таму трэба змагацца, каб зрабіць гэты конкурс абсалютна празрыстым. Каб ён стаў пастаяннай інфармацыйнай нагодай. Да таго ж, я ведаю, што на гэты конкурс падаліся даволі шмат вельмі прыстойных і прафэсійных людзей.

Наста Дашкевіч, дарэчы, заўважыла адну важную дэталь — каб інфармацыі пра Курапаты было як мага болей.

Народ складаецца не адно з улады ды апазыцыі, і Курапаты мусяць яднаць людзей, а не разьмяжоўваць, бо там ляжаць сваякі і чыноўнікаў адміністрацыі, і апазыцыянэраў, і гэта мусяць разумець як адны, гэтак і іншыя.

І яшчэ, мы ўсе разам мусім зразумець, што калі народ, як цэльны арганізм, пацерпіць паразу, ягонае месца ў сьвеце зойме іншы народ. Гэта будзе параза і ўлады, і апазыцыі, і грамадзтва.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG