Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Байкер Лукашэнка: «З павагай стаўлюся да нацыянальнай сымболікі, яе неабходна выкарыстоўваць»


Яўген Лукашэнка
Яўген Лукашэнка

«На пачатку 1990-х распачалася хваля нацыянальнага адраджэньня, узьнік спадзеў на перамены. Было цяжка, але ўзьнёсла маральна, эмацыйна. Калі Анатоль Ярмоленка зь „Сябрамі“ выконваў песьню на верш Ніла Гілевіча „Шлях да Беларусі“, усе ўставалі і шчыра, са сьлязьмі ў вачах, сьпявалі разам. А чаму ўсё так радыкальна зьмянілася праз чвэрць стагодзьдзя? На мой погляд, няшмат народу ўсьведамляе сябе беларусамі — адзіным цэлым, генэтычным ядром», — менскі байкер Яўген Лукашэнка расказвае Свабодзе пра свой сымбіёз дарогі і свабоды, пра свой шлях да беларушчыны.

З кожным веснавым днём на дарогах усё больш матацыклістаў. У радасным чаканьні сэзону — уладальнікі двухколавага хуткаснага транспарту, у трывожным — вечныя іхнія апанэнты-аўтамабілісты, супрацоўнікі Дзяржаўтаінспэкцыі, пільныя грамадзяне. Нягледзячы на тое, што мотатэхніка даўно перастала быць у Беларусі экзотыкай, грамадзкая думка па-ранейшаму глядзіць на байкераў падазрона.

З прэзыдэнтам нічога агульнага, проста адно прозьвішча

Яўген Лукашэнка — фігура вядомая і паважаная ў матацыклетным асяродзьдзі, і ня толькі ў беларускім. Прызнаецца, што пазьней за іншых «асядлаў» байк, але апошнія 10 гадоў не ўяўляе свайго жыцьця без адрэналіну дарогі і падарожжаў.

Згадвае, што першы матацыклетны досьвед атрымліваў на пераробленым гібрыдзе «Дняпра» і «К-750». Потым была Yamaha, але варыянт не для далёкіх вандровак. Таксама быў досьвед кіраваньня Harley-Davidson. Цяпер Яўген за рулём Honda Gold Wing:

«Дзіўна, але ні ў дзяцінстве, ні ў юнацтве асаблівай цікавасьці да матацыклаў не было. Захапленьне ўзьнікла ўжо ў дарослым веку, у сярэдзіне нулявых. І вось апошнія 10 гадоў зь нецярпеньнем чакаю цёплых дзён, каб „выкаціць“ пасьля зімы. Сонца сьвеціць, народ гуляе, музыку ўключыш — душа сьпявае. Хочацца вандраваць, усё гарыць. Калі ежджу адзін, мяне камфорт цікавіць у апошнюю чаргу: кідаю намёт, дыванкі — і ўсё, гэтага хапае. Але калі разам з жонкай Жаннай, то стараемся спыняцца ў недарагіх матэлях. Праўда, сёлета першы раз угаварыў Жанну ўзяць у сумеснае падарожжа намёт. Як той казаў, зь мілым і ў шалашы рай».

На прызначаную сустрэчу Яўген Лукашэнка падкаціў на «залатым крыле» — адпаліраванай чорнай Honda Gold Wing. Для дылетантаў — проста круты і «нафаршаваны» монстар, для знаўцаў — «лімузін» сярод двухколавага транспарту, цяжкі турыстычны матацыкл з 40-гадовай гісторыяй.

Разявакі міжволі спыняюцца, абмяркоўваюць імпазантную тэхніку. Але яшчэ большым было б іх зьдзіўленьне, калі б хто абвясьціў: перад вамі байкер Лукашэнка.

Каб спыніць спэкуляцыі і задаволіць зразумелую цікаўнасьць, пытаюся пра ступень магчымага сваяцтва зь іншымі вядомымі байкерамі — Аляксандрам і Віктарам Лукашэнкамі. У іх сям’і матацыклы таксама ў пашане: СМІ ня раз паказвалі самога Аляксандра Рыгоравіча на «Харлеі» з малодшым сынам Мікалаем на бэнзабаку, а таксама старэйшага сына — Віктара — у скураным строі бывалага байкера:

«Няма ў нас нічога агульнага, проста фамільяты. Так супала, здарылася, ня болей. Ні мае бацькі, ні глыбейшыя продкі ў сваяцтве не былі. Вядома, усе мы браты і сёстры, калі дайсьці да Адама і Евы. Мая мама з паўночнай Украіны, тата з-пад Віцебску, адтуль жа дзядуля з бабуляй. На жаль, збольшага мы мала ведаем пра сваіх продкаў. Дзе пахаваныя бацькі, у лепшым выпадку — баба зь дзедам. А ўжо прадзеды-прабабкі — белая пляма. Таму хацелася б, каб мае нашчадкі былі ў курсе свайго радаводу. Некалі тата мог расказаць пра сваіх дзядоў, ды мне ў маладым веку, мабыць, было ня вельмі і цікава. Калі ж у больш сталым узросьце зьявіліся пытаньні, то запозна, бацька пайшоў з жыцьця. Цяпер трэба хоць сваім дзецям перадаць, што ведаю, расказаць, хто на старых фатаздымках. Як эстафэта ўнукам».

Паводле статыстыкі беларускай ДАІ, менш чым на 10 мільёнаў жыхароў Беларусі прыпадае больш за 4 мільёны адзінак аўта- і мотатранспарту, зь іх каля паўмільёна матацыклаў. Паўмільёна чалавек у Беларусі маюць пасьведчаньне на кіраваньне катэгорыі А («Матацыклы»). Гэта не азначае, што з пацяпленьнем на дарогі выедзе такая ж армія матацыклістаў — частка савецкіх матацыклаў гніе па дзядоўскіх хлявах, а іх колішнія ездакі ходзяць зь кіёчкам.

На зьмену пакаленьню, якое звыкла да памяркоўнага стылю язды на «Іжах» ды «Ўралах», ідзе новая генэрацыя аматараў дарожнага драйву. Штогод толькі ў Менску выдаецца блізу 10 тысяч пасьведчаньняў матацыклістаў, тут жа сканцэнтравана і траціна ўсіх байкаў, зарэгістраваных у краіне. Моладзь, якая рве зь месца ў кар’ер, шмат каму не дае спакойна жыць. Хоць дасьведчаны Яўген Лукашэнка ставіцца да сытуацыі спакойна: сьвядома нарываесься на непрыемнасьці — абавязкова іх знойдзеш:

«Асабіста я не разумею напружанасьці ў грамадзтве што да матацыклістаў. Беларусь — нармальная эўрапейская краіна. Значыць, паводзіны на дарозе залежаць ад канкрэтнага чалавека, ад яго досьведу, характару, асабістай культуры. Ёсьць правілы дарожнага руху, ёсьць бацькі, якія выхавалі дзіця (калі гаворка пра моладзь на байках), ёсьць асяродзьдзе, якое яго сфармавала. Ён сам разумее, як яму езьдзіць: хутка, павольна, на заднім коле ці на пярэднім. У гэтых пытаньнях я не мараліст. Адно скажу: ДТЗ з удзелам „галды“ па статыстыцы складае найменшы працэнт матацыклаў, якія трапляюць у аварыю. Паўтаруся, усё ў руках кіроўцы. Бо такому бяз розьніцы, два колы ці чатыры. Ён можа сесьці ў БМВ ці „Мэрсэдэс“ — і таксама ўляпаецца ў гісторыю».

Залез на «мінскач», заціснуў яго паміж ног і пайшоў

Яўген Лукашэнка наракае, што статыстыка надзвычайных здарэньняў, да якой апэлююць і дарожныя інспэктары, і грамадзкія інстытуты, — гэта нішто іншае, як вынік ігнараваньня матацыклістаў як клясу. Іх адукацыяй ніхто не займаецца, адпаведна, культура паводзін на дарозе не прышчапляецца. А свой іспыт на катэгорыю «А» Яўген называе анахранізмам. Сапраўды, цяжка ўявіць без усьмешкі двухмэтровага гіганта, якога прымусілі круціць васьмёрку на маленькім матацыкле «Мінск»:

«Калі сеў са сваёй камплекцыяй, падлеткі за жываты хапаліся. Камічна, як у байцы: здаровы дзядзька заціснуў „мінскач“ паміж ног, падняў яго і пайшоў круціць васьмёркі. А калі бяз жарту, то здаў толькі з трэцяга разу, і тое ўдача. Я, вядома, ганаруся, што наш „Мотавела“ нешта вырабляе. Толькі, на жаль, яно мала адпавядае патрабаваньню часу. Гэта адназначна ня мой матацыкл, у мяне іншыя мэты, задачы. А як у нас здаюць дзяржаўны экзамэн, дык гэта даўно анахранізм. Ну навошта сёньня круціць „васьмёрку“? Каб паказаць, што трымаю матацыкл? Здарыцца сытуацыя, што трэба спыніцца ці зрабіць круты паварот, дык нагой падстрахуюся. Затое пра культуру паводзін — ані слова: як езьдзіць па горадзе, як рабіць перастраеньні, як тармазіць, чаму нельга шчаміцца паміж машынамі. Як вучаць у Эўропе? Наперадзе курсант, за ім — інструктар, па радыёсувязі дае парады, выпраўляе памылкі».

Яўген Лукашэнка кажа, што праехаў амаль усю Эўропу і нідзе не адчуў насьцярожанага стаўленьня да матацыклістаў. Ужо ня кажучы пра варожае:

«Дзе цяплейшы клімат — Гішпанія, Італія, Партугалія, наагул паўднёвыя краіны — без матацыкла проста не абысьціся. Там шчыльны трафік, вузкія дарогі ў цэнтры, абмежаваныя паркоўкі. А трэба быць мабільным. І, можа, ня так там шмат матацыклаў, колькі скутэраў. Ужо не кажу пра Азію — Індыя, Кітай, Віетнам. Машын меней, адны мапэды. Зручны транспарт: манэўраны, мала есьць паліва, лёгка запаркавацца. І ставяцца да такіх удзельнікаў руху з павагай. Асабіста я зь ліку матацыклістаў-вандроўнікаў. У вольны час ежджу па горадзе, сустракаюся зь сябрамі, але ў меншай ступені. Ёсьць тыя, хто і ў нас езьдзіць на працу, але большасьць — тая ж моладзь на спортбайках — зьбіраецца па вечарах, каб патусіць, пагутарыць, выпіць кавы. Ну і добра, калі сустракаюцца, не ўжываюць алькаголю ці чаго цяжэйшага».

Тым ня меней у краіне, дзе актыўны сэзон складае тры летнія месяцы ды яшчэ ў лепшым выпадку па месяцу ад вясны і восені, добры матацыкл аб’ектыўна становіцца ня толькі сродкам перамяшчэньня, але і прадметам культу. Пытаюся ў Яўгена: ці так гэта?

«Магчыма, з боку ўражаньне, што гэта нейкі замкнёны арэал: у нас два колы, аб’яднаемся супраць тых, у каго чатыры. Гэта ня так. Існуюць мотаклюбы, мотабрацтвы, жаночыя байкерскія суполкі. Але ж грамадзтва гэта не павінна напружваць ці палохаць. Унутраныя справы любога клюбу — чым займацца, як яднацца і стасавацца між сабой. Каву ўжываць ці выехаць на шашлык, ці зрабіць імпрэзу для гораду. Добра, калі людзі чымсьці захопленыя. Напрыклад, я ўваходжу ў Gold Wing Сlub Belarus. Мы ладзім свае фэсты, выяжджаем на такія ж за мяжу, прадстаўляем краіну. Групуюцца і аматары іншых матацыклаў. Напрыклад, „Харлея“ (Harley Owners Group). Але каб казаць, што ў нас байк-культура параўнальная з амэрыканскай — маю на ўвазе тамтэйшыя мотаклюбы — зразумела, такога няма».

На паркінгу мотафэсту Gold Wing Сlub
На паркінгу мотафэсту Gold Wing Сlub

Штогод у розных краінах Эўропы праходзіць мноства фэстаў, на якія прыяжджаюць аматары матацыклетнай культуры з розных краін. Напрыклад, у траўні Яўген зьбіраецца ў Францыю, дзе паблізу знакамітага Ле-Ману раскінецца шматтысячны лягер байкераў. Беларусь хоць і прылічвае сябе да эўрапейскай сям’і, але такімі вялікімі форумамі пахваліцца ня ў стане:

«Наш Gold Wing Сlub арганізаваў чатыры эўрапейскія фэсты: пазалетась у Нясьвіжы, астатнія ў Берасьці і Горадні. На жаль, існуюць праблемы на мяжы. Ва ўсіх краінах матацыклістаў прапускаюць без чаргі, у нас жа — на агульных падставах. І гэта таксама адпужвае замежных сяброў. Плюс візавыя праблемы. У эўрапейскі Gold Wing Сlub уваходзіць 26 краін, у тым ліку Беларусь. На жаль, з прычыны азначаных пытаньняў мы маем ня так шмат гасьцей, як на знакавых фэстах. Хоць таксама маглі б знаёміць замежнікаў з культурай, гісторыяй нашай краіны. Перакананы: празь месяц у Францыю прыедуць тысячы матацыклістаў. У нас калі ёсьць 100–120, ужо крута. Нават каб тыя бязьвізавыя 5 дзён, якія падаюцца жэстам добрай волі, пашырыць на памежныя пераходы, і тое было б добра. А як з матацыклам у самалёт? Прыкра, але Беларусь для бальшыні эўрапейцаў па-ранейшаму зачыненая».

Палітызаваныя «Начныя ваўкі» і вышыванка на парад

Некалькі апошніх гадоў пад 9 траўня транзытам празь Менск і Берасьце на Бэрлін рушаць расейскія «Начныя ваўкі» — пракрамлёўская байкерская арганізацыя на чале зь сябрам расейскага прэзыдэнта Аляксандрам Залдастанавым. Праўда, для бальшыні дарога заканчваецца адразу на польскай мяжы, за якой непрадказальных візытэраў бачыць ня хочуць. Днямі «ваўкі» пацьвердзілі, што сёлета зноў выберуцца ў Эўропу. Як да палітызацыі байкерскага руху ставіцца Яўген Лукашэнка?

«Я іх маршруты не адсочваю: хочуць — хай едуць. У мяне да гэтай зьявы няма інтарэсу. Я маю пляны на ўласнае падарожжа, трэба вырашыць свае пытаньні — вось гэта тое, што сапраўды важна. Я не адмаўляю, што „Начныя ваўкі“ — палітызаваная арганізацыя. Калі сустракаюцца з Пуціным, агучваюць яму падтрымку, то выглядае менавіта так. Мая пазыцыя наконт гэтага: хоча чалавек некуды асабіста паехаць, ускласьці кветкі на брацкія магілы — ну дык якія пытаньні? Бяры свае асабістыя грошы, сядай на матацыкл, забівай каардынаты ў навігатар і едзь, куды задумаў. Калі ж робіцца неяк інакш, то адпаведнае і стаўленьне. Яшчэ раз кажу: мяне абсалютна не хвалюе ні лёс гэтага мотаклюбу, ні тое, што ў ім робіцца. Едуць — ну і няхай, не пускаюць — зноў жа, не мае праблемы».

З жонкай Жаннай
З жонкай Жаннай

Сам Яўген Лукашэнка стараецца не зьбівацца ў «зграі» і, як ужо казаў, падарожнічае сам або ў жончынай кампаніі:

«У бальшыні выпадкаў вандрую самастойна, хіба час ад часу з жонкай Жаннай. Але пераважна ўсё ж ежджу адзін, такая ўжо мая палітыка. Пры такім раскладзе я нікому нічым не абавязаны. То бок сам лічу, колькі мне праехаць, колькі пастаяць, есьці мне ці ня есьці, спаць ці ня спаць, усё на ўласны розум. То бок магу праехаць за дзень 100 кілямэтраў, а магу пад настрой і 1500 выдаць. Практыка паказала, што гэта найлепшы варыянт. Можа, бывае крыху сумна, калі доўгі час у дарозе і адзін, але навокал звычайна шмат цікавых мясьцін, якія трэба пасьпець паглядзець. Таму да сапраўднай нуды, як правіла, не даходзіць».

У фотасправаздачах зь міжнародных фэстаў, якія Яўген выкладвае ў сацыяльных сетках, нацыянальная прыналежнасьць падкрэсьліваецца адпаведным антуражам — ад клясычнай вышыванкі замест звыклай «касухі» да сьветлавога табло Belarus на бакавых кофрах:

«Gold Wing» ладзяць лайт-парады — парад сьвятла. З надыходам цемры ўключаем рукатворную «ілюмінацыю» і едзем на радасьць мясцовым жыхарам. А яшчэ парад нацый, калі ўбіраемся ў нацыянальныя строі, як хто сябе пазыцыянуе. Я таксама экіпіраваны: беларуская кашуля, пояс. Боты шмат месца займаюць, звычайна не бяру. Часьцяком праводжу лікбез: няма ніякай «Белоруссии», няма «Беларашы». Беларусь не перакладаецца — хоць па-расейску, хоць па-ангельску, хоць па-нямецку. «Ня ведаем такой краіны, дзе яна?». Тлумачу: «Мапу Эўропы ўяўляеце?». «Так». «Польшчу ведаеце?». «Так». «Дык вось на ўсход — Беларусь». Гэта «Вітруюсланд», — кажа галяндзец. «Вайсрусланд», — дадае аўстрыяк. Прыкра. Калі чалавек лічыць сябе адукаваным, павінен ведаць назвы краінаў. А то падышоў адзін у Гішпаніі, убачыў на нумары BY: «Бэрлін, Дойчлянд!».

З сынам Янкам
З сынам Янкам

Яўген Лукашэнка выдатна гаворыць па-беларуску, хоць удакладняе, што мова для яго — здабытак апошняга часу. Як кажа, захацелася вярнуцца да каранёў ня толькі дзеля ўласнай самапавагі, але і дзеля клопату за тое, якая краіна дастанецца дзецям:

«Прыкра, што беларусы так ставяцца да роднай мовы, не гавораць на ёй, не валодаюць. Я таксама ня маю філялягічнай адукацыі, каб быць прыкладам. Але са сваім малодшым сынам, яму 16 гадоў, размаўляем толькі па-беларуску. Дзякуючы гэтаму Янка таксама загаварыў і, як вынік, па мове і літаратуры мае дзясяткі. Шкада, што ў дзяржаве сваёй мовай карыстаецца ня так шмат народу. З публічных трыбун — тэлебачаньне, і то выбаркова, нацыянальны тэатар. Ну, і культурніцкія супольнасьці — мастакі, пісьменьнікі, асобныя мэдыі. Таму мы з сынам вырашылі: мовай мусім авалодаць. Робім памылкі, зазіраем у перакладчык, бо шмат словаў, якім няма адпаведнікаў у расейскай. Пачалі зь вітаньня, падзякі, потым — шырэй. Галоўнае, што і ягоныя сябры таксама загаварылі на мове. Добра, што моладзь ведае ангельскую ды іншыя, але час адраджаць уласную мову, культуру, годнасьці нацыі».

Нельга яднацца бяз мовы, гісторыі, нацыянальных сымбаляў

Паводле Яўгена, на пачатку 1990-х градус усьведамленьня важнасьці нацыянальнай самаідэнтыфікацыі быў непараўнальна большы, чым цяпер, бо за прамінулы час беларусы папросту «растрэсьлі» рэшту ўласнага гонару:

«Цудоўна памятаю, як на пачатку 1990-х распачалася хваля нацыянальнага адраджэньня, узьнік спадзеў на перамены. Было цяжка, але неяк узьнёсла маральна, эмацыйна, адчуваўся рух наперад. Калі Анатоль Ярмоленка зь „Сябрамі“ выконваў песьню на верш Ніла Гілевіча „Шлях да Беларусі“, то ўсе ўставалі і шчыра, са сьлязьмі ў вачах, сьпявалі разам. А чаму ўсё так радыкальна зьмянілася праз чвэрць стагодзьдзя? На мой погляд, няшмат народу ўсьведамляе сябе сапраўднымі беларусамі. Перакананы, што беларусы ў абавязковым парадку павінны ведаць сваю гісторыю, паважаць культуру, шанаваць нацыянальныя сымбалі, ганарыцца нашымі вядомымі суайчыньнікамі. Трэба найперш разабрацца ў сабе, зразумець, хто мы і адкуль родам».

Яўген Лукашэнка пра свой шлях да беларушчыны
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:04:08 0:00
Наўпроставы лінк

Яўген і Янка Лукашэнкі сур’ёзна захопленыя гісторыяй свайго краю, сягнулі часоў Вялікага Княства, паступова заглыбляюцца далей. Таму пытаньне пра нацыянальныя сымбалі нечаканым ня стала:

«Я з павагай стаўлюся да нацыянальнай сымболікі, лічу, што яна павінна быць, яе неабходна выкарыстоўваць. Навошта чапляць шаблён „апазыцыйнасьці“ ды падцягваць бел-чырвона-белы сьцяг да БНФ? Так, яны ім карыстаюцца, але ж не прыватызавалі. Пад гэтым сьцягам абвяшчалася БНР, гэта наша гістарычная каштоўнасьць. Ці „Пагоня“, якая сягае ў сярэднявечча. Любы геральдыст скажа, колькі беларускіх гарадоў маюць на сваіх гербах выяву вершніка. Грошы, якія хадзілі ў ВКЛ, — ад іх таксама не адмовісься. Таму да спадчыны трэба ставіцца з павагай, разумець, што гэта наша гісторыя. Беларусь — ня тая дзяржава, якая выскачыла бы чорт з табакеркі. Маўляў, навокал цывілізацыя — Польшча, Літва, Расея — толькі мы нейкія сярмяжнікі. І Агінскі ня наш, і Міцкевіч, і Касьцюшка, і Дамейка, і шмат хто, усіх гатовыя аддаць. Каб хоць вуліцы называлі, і то народ ведаў бы. Чаму мы не павінны ганарыцца выдатнымі землякамі? Павінны!»

Клюбную эмблему Gold Wing Сlub Belarus упрыгожвае знакаміты крыж Эўфрасіньні Полацкай — яго выява на фоне срэбнага арла. Яўген кажа, што ў пэўнай ступені таксама прыклаў да гэтага руку:

«Так, на нашым лягатыпе ёсьць крыж Эўфрасіньні Полацкай. Калі абмяркоўвалі праект эмблемы, я прапанаваў, каб яна мела нейкі нацыянальна-гістарычны элемэнт. „Пагоня“ была б ужо занадта, гэта ўсё ж сымбаль найвышэйшага парадку, а вось крыж інтэгравалі, атрымалася, як мне падаецца, вельмі арганічна, густоўна. Ня проста назва Беларусь, а яе пэўны цывілізацыйны шлях. Вось на дадзены момант гэта крыж Эўфрасіньні Полацкай. Ён досыць нэўтральны, але такога пэўна няма ні ў кога іншага».

Удзельнікі мотафэсту на Гарадзеншчыне
Удзельнікі мотафэсту на Гарадзеншчыне

За рулём свайго матацыкла Яўген Лукашэнка праехаў не адзін дзясятак тысяч кілямэтраў і спыняць адлік не зьбіраецца. Балазе, чарговы сэзон абяцае быць насычаным — нават калі наверсе чарговым разам раяць «зацягнуць паясы»:

«Нядаўна журналістка дапытвалася, куды даехаў? Да Гібралтару, кажу, амаль да Афрыкі. Ня верыць: „Проста ўзялі і паехалі?“ — „Ну глядзі: вось так сеў, вось так завёўся і вось так паехаў“. — „І што, аж туды?“ — „Так, і нават назад вярнуўся. Як той барон Мюнхгаўзэн: бачыце, вось ён я, стаю перад вамі“. — „Але ж гэта так далёка, колькі кілямэтраў?“ Прыкідваю: „10 тысяч у два бакі“. — „Ня можа матацыкл столькі праехаць!“.

У мяне сябры ў Кішынёве, неяк прыехалі да мяне — праз Румынію, Славаччыну, Польшчу. Ужо салідны круг. А потым аказалася, што зьбіраюцца ў Манголію, на манумэнт Чынгіз Хана. Дык адна справа, калі на „Голд Ўінгу“ і па хуткаснай дарозе, і зусім іншае — па расейскім бездарожжы, бо прымальны асфальт толькі кілямэтраў 200 за Масквой. А гэта ж не „індура“, ня кросавы матацыкл».

***

Яўген Лукашэнка нарадзіўся ў Менску, скончыў Менскі радыётэхнічны інстытут. Працаваў у канструктарскім бюро наладчыкам. Апошнім часам — у адной са сталічных ІТ-кампаній.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG