7 красавіка ў судзе Гомельскага раёну працягваўся разгляд адміністрацыйнай справы ў дачыненьні да рэгіянальнага прадстаўніка Беларускага незалежнага прафсаюзу РЭП Віктара Казлова за «дробнае хуліганства».
Судзьдзя Тамара Застаўнецкая зачытала адказ на запыт у міліцыю. 25 сакавіка амапаўцы Аляксандар Сярдзюк, Раман Курбатаў і Аляксандар Саўчанка ўранку прыехалі ў аграгарадок Цярэшкавічы, дзе і затрымалі Віктара Казлова «за нецэнзурную лаянку і непадпарадкаваньне». Вынікала, што ў паставую ведамасьць былі ўнесены зьмены і амапаўцы мелі права знаходзіцца ў вёсцы за 20 кілямэтраў да абласнога цэнтру.
Але ў Цярэшкавічах здарыўся канфуз: яны затрымалі 67-гадовага прафсаюзнага актывіста, каб той ня трапіў у Гомель на «марш недармаедаў-2», і на двое сутак адправілі ў ізалятар. А пасьля і ў рапартах, і ў судзе засьведчылі: Казлоў «гучна крычаў, лаяўся матам, на заўвагі не рэагаваў».
Тым часам Віктар Казлоў прадставіў суду даведку з анкалягічнага цэнтру, што яму выдалілі паўлёгкага. А значыць, ён фізычна ня можа крычаць і гаворыць фактычна шэптам.
Судзьдзя Застаўнецкая на сёньняшнім паседжаньні дапытвалася ў Казлова, ці праходзіў ён дасьледаваньні пасьля апэрацыі, ці зьвяртаўся да лекараў з прычыны неадноўленага голасу, ці інвалід ён?
Маючы мэдычныя заключэньні пра стан здароўя абвінавачанага, судзьдзя, аднак, ня вынесла пастановы па справе, а вырашыла запрасіць на наступнае паседжаньне спэцыяліста-анколяга, каб той патлумачыў праблемы з голасам у «крыкуна Казлова», якому пры канцы красавіка мэдыкі і без таго прызначылі комплекснае дасьледаваньне.
Прысутны на судзе прадстаўнік Беларускага Хэльсынскага камітэту Віктар Адзіночанка ня можа зразумець: як амапаўцы, едучы ў вёску, яшчэ з машыны пачулі, што Казлоў «гучна лаяўся»?
«У судзе я знаходзіўся літаральна за два мэтры ад Казлова і зь цяжкасьцю чуў, што ён гаворыць. Чалавек перанёс апэрацыю, мае салідны ўзрост, ідзе ўранку па вуліцы і беспрычынна лаецца — гэтае шаблённае абвінавачаньне ніяк не стасуецца з рэальнасьцю».
Праваабаронца Леанід Судаленка лічыць, што амапаўцы гэтым разам моцна «ўляпаліся», загналі сябе ў кут:
«Каардынатар, які накіраваў групу Сердзюка ў Цярэшкавічы нэўтралізаваць Казлова, ня ведаў, што той пасьля апэрацыі ня можа крычаць і гучна лаяцца. Прамазалі на ўсе 100%. Шкада, што ў краіне працягваецца практыка, калі міліцыянтаў прымушаюць хлусіць нават пад прысягай у судзе. Проста сорамна за такую міліцыю. Ня маюць права яны служыць у органах унутраных спраў. Сёньня хлусяць у адміністрацыйнай справе, заўтра — у крымінальнай. Усё гэта вельмі небясьпечна для грамадзтва, бо гэтыя ж супрацоўнікі міліцыі і зброю носяць. Тут хлусяць, а там і стрэліць могуць, як у Доўску Рагачоўскага раёну, калі пʼяны міліцыянт стрэліў у дзяўчыну, якая не рэагавала на ягоныя знакі ўвагі».
Грамадзкая актывістка Натальля Шчукіна, якая саму схапілі на Дзень Волі і прэвэнтыўна адвезьлі ў ізалятар пасьля «Маршу недармаедаў-2», кажа, што судзьдзя трапіла ў пікантную сытуацыю:
«Выглядае, яна і апраўдаць ня можа прафсаюзнага актывіста, і караць яго няма за што: ён фізычна ня мог гучна лаяцца, як пра тое ілжэсьведчаць супрацоўнікі АМАПу».
Чарговае паседжаньне ў справе «дробнага хуліганства» актывіста незалежнага прафсаюзу РЭП Віктара Казлова мае адбыцца 13 красавіка.