«Беларускі бок зыходзіць зь неабходнасьці безумоўнага захоўваньня нормаў міжнароднага права і недапушчальнасьці аднабаковых дзеяньняў бяз санкцыі Рады бясьпекі ААН», — гаворыцца ў афіцыйным паведамленьні МЗС Беларусі.
Зьнешнепалітычнае ведамства заклікае ўсе бакі, уцягнутыя ў канфлікт, распачаць дзейсныя захады дзеля дээскаляцыі і прадоўжыць пошукі шляхоў урэгуляваньня за сталом перамоваў.
«Любыя абвінавачаньні ў выкарыстаньні забароненых мэтадаў і сродкаў вядзеньня вайны павінны быць пацьверджаныя кампэтэнтнымі заключэньнямі інстытутаў ААН, у прыватнасьці Арганізацыяй па забароне хімічнай зброі. Мы чакаем ад яе дакладаў з адназначным пацьвярджэньнем фактаў, якія тычацца ўжываньня хімічнай зброі ў правінцыі Ідліб, Сырыя», — падкрэсьліваецца ў заяве.
Беручы актыўны ўдзел у працы Арганізацыі па забароне хімічнай зброі, беларускі бок чарговым разам пацьвярджае сваю пасьлядоўную пазыцыю аб недапушчальнасьці выкарыстаньня хімічнай зброі нідзе, нікім і ні пры якіх умовах. Усе падобныя факты павінны быць старанна расьсьледаваныя, а вінаватыя прыцягнуты да адказнасьці.
7 красавіка ЗША ў адказ на ўжываньне хімічнай зброі ў Сырыі нанесьлі ўдар крылатымі ракетамі па авіябазе Шайрат. У Маскве атаку ЗША назвалі агрэсіяй супраць сувэрэннай дзяржавы і саюзьніка Расеі.